Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Віцэ-прэм'ер беларускага ўраду, міністар замежных справаў Міхаіл Хвастоў пасьля доўгага пералёту з Коста-Рыкі празь Нью-Ёрк неўзабаве вернецца ў Беларусь. На амэрыканскім кантынэнце беларускіх дыпляматаў напаткала чарговая няўдача.

Беларуская дэлегацыя на чале зь віцэ-прэм'ерам, міністрам замежных справаў Міхаілам Хвастовым у якасьці спэцыяльнага госьця прымала ўдзел у 31-й сэсіі Генэральнай асамблеі Арганізацыі амэрыканскіх дзяржаваў. Гэтая асамблея праходзіла ў сталіцы Коста-Рыкі Сан-Хасэ. Па зьвестках Міністэрства замежных справаў, Міхаіл Хвастоў правёў сустрэчы зь міністрамі замежных справаў Барбадоса, Балівіі, Гаяны, Гаіці, Гандурасу, Калюмбіі й Коста-Рыкі. Апрача таго, Хвастова прыняў прэзыдэнт Коста-Рыкі Мігель Анхеле Радрыгес, якому міністар перадаў асабістае пасланьне Лукашэнкі. Аднак, гэтыя сустрэчы, хутчэй за ўсё, зьяўляюцца знакамі ветлівасьці. Як сьцьвярджаюць аглядальнікі, беларуская дэлегацыя не дасягнула пастаўленай мэты. Беларусь не атрымала статуса наглядальніка ў Арганізацыі амэрыканскіх краінаў. Прэсавы сакратар МЗС Павал Латушка спрабаваў палагодзіць сытуацыю.

П. Л.: -Паводле тае інфарімацыі, якую я маю з Коста-Рыкі, гэтае пытаньне ня ставілася Беларусьсю падчас 31-й сэсіі Генэральнай асамблеі Арганізацыі амэрыканскіх дзяржаваў.

Р. Р.: -Але хіба Беларусь не зацікаўленая ў тым, каб атрымаць у гэтай арганізацыі статус назіральніка?

П. Л.: -Мы зацікаўленыя ў шматбаковым супрацоўніцтве зь міжнароднымі арганізацыямі, у тым ліку і з Арганізацыяй амэрыканскіх дзяржаваў. Магчыма, гэтае пытаньне будзе вырашацца ў будучыні, але - я яшчэ раз хацеў бы падкрэсьліць - цяпер яно не ставілася беларускай дэлегацыяй.

Не пацьвердзіў Павал Латушка і намер Міхаіла Хвастова сустрэцца з міністрам замежных справаў Канады. Па зьвестках Рацыі, канадыйскі міністар адмовіўся сутракацца зь Міхаілам Хвастовым.

Намаганьні беларускага Міністэрства замежных справаў скіраваныя цяпер на тое, каб Беларусь атрымала месца непастаяннага сябра ў Радзе бясьпекі ААН. Нагадаю, што гэты статус у 70-я гады мела савецкая Беларусь. У Коста-Рыцы спадар Хвастоў прасіў амэрыкансккія краіны аб падтрымцы пры галасаваньні згаданага пытаньня на сэсіі Генэральнай асамблеі ААН. Аднак тое, што Беларусь не атрымала статуса наглядальніка ў Арганізацыі амэрыканскіх краінаў, шмат пра што гаворыць. Калі ж Беларусь можа разьлічваць на месца ў Радзе бясьпекі ААН? Меркаваньне на гэты конт каардынатара Хартыі 97, прафэсійнага дыплямата Андрэя Саньнікава.

А.С.: -Беларусь мае шанцы атрымаць месца непастаяннага сябра Рады бясьпекі ААН, калі Лукашэнка сыдзе, калі адбудуцца зьмены. А сёньня спробы МЗС атрымаць нейкую падтрымку бессэнсоўныя, таму што ніхто ня будзе падтрымліваць Беларусь у гэтай сытуацыі. Я магу нагадаць, што ўжо амаль 5 гадоў запар такія намаганьні з боку МЗС мы назіраем. І яны марныя.

Р. Р.: -У пацьвярджэньне вашых словаў можна згадаць нядаўні ўдзел Хвастова ў Генэральнай асамблеі Арганізацыі амэрыканскіх дзяржаваў? Там таксама посьпеху не было.

А. С.: -Так, не было. Я ведаю, што раней намесьнік міністра замежных справаў Беларусі сустракаўся зь міністрам замежных справаў Коста-Рыкі - краіны, якая сёньня прымае Арганізацыю амэрыканскіх дзяржаваў. Была адмоўная рэакцыя Коста-Рыкі на просьбу аб падтрымцы Беларусі ў Радзе бясьпекі.

Нагадаю, што міністар замежных справаў Канады адмовіўся сутракацца зь Міхаілам Хвастовым, нягледзячы нават на тое, што раней Хвастоў быў амбасадарам Беларусі ў Канадзе. Чаму ж не адбылася гэтая сустрэча? Камэнтуе Андрэй Саньнікаў.

А. С.: -Таму, што Канада зьяўляецца сябрам АБСЭ. А мы ведаем, як паводзяць сябе беларускія ўлады ў дачыненьні да АБСЭ. У Беларусі ў дачыненьні да місіі чыняцца ўсялякія правакацыі, улады ледзь не патрабуюць, каб місія пакінула Беларусь. З гэтай прычыны міністар замежных справаў Канады адмовіўся сутракацца з Хвастовым.

Пасьля няўдалай паездкі ў далёкую Коста-Рыку Міхаіл Хвастоў накіруецца ў Маскву на пасяджэньне ўраду саюзу Беларусі й Расеі. Ці напаткае яго посьпех там - невядома.



Алесь Дашчынскі

Радыё Рацыя
0058648