Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


4 траўня ў эксклюзыўным інтэрвію для Радыё Рацыя Сяргей Антончык агучыў прычыны свайго рашэньня балятавацца на выбарах й асноўныя пункты сваёй праграмы.

Сяргей Антончык будзе змагацца на выбарчым полі Лукашэнкі - сярод "простых людзей".

С.А.: Чаму я вылучаюся - я хацеў бы працаваць на полі Лукашэнкі. Я хацеў бы адарваць у яго 15-20 % выбарнікаў. Я лічу, што я магу працаваць сярод рабочых. Мой электарат - гэта простыя людзі, рабочыя. Я лічу, што гэтую нішу я павінен заняць.

Спадар Антончык зьбіраецца скласьці канкурэнцыю ня толькі першаму Прэзыдэнту Рэспублікі Беларусь, але й апазыцыйным кандыдатам. Антончык зычыць кандыдатам ад аб'яднанай апазыцыі посьпехаў:

С.А.: Я вельмі зычу перамогі гэтым кандыдатам. Але лічу, што аніводны просты рабочы, які не чытае газэты й рэдка глядзіць тэлевізар, ня будзе за іх галасаваць.

На думку Антончыка, кандыдаты ад апазыцыі ня маюць посьпеху, бо рэпрэзэнтуюць колішнюю партыйную й савецкую намэнклятуру:

С.А.: Яны хочуць перамагчы Лукашэнку, не кранаючы ягонага электарату. Так не адбудзецца. Большасьць людзей, якіх Лукашэнка падмануў, зараз гатовыя адысьці ад яго. Але ў гэтых людзей павінен быць свой кандыдат - чалавек, блізкі да іх. Гэтыя людзі разгбленыя, яны ня вераць Лукашэнку, але яны ня могуць паверыць і намэнклятуры. Кандыдаты ад апазыцыі - гэта колішняя савецкая й партыйная намэнклятура, якая страціла ўплыў. Цяпер ў нас выбары бяз выбару. Адна намэнклятура хоча памяняць другую.

Сяргей Антончык цьвердзіць, што рашэньне пра ўдзел у выбарах сасьпела раптоўна:

С.А.: Я, шчыра кажучы, пра кандыдацтва ня думаў. Але большасьць людзей, зь якімі мне давялося сустракацца - звычайныя рабочыя з розных рэгіёнаў - яны прапанавалі мне балятавацца.

Варта заўважыць, што ў спадара Антончыка ёсьць рэальная структура дзеля перадвыбарчае барацьбы. Гэта сябры "Рабочае самадапамогі", якая стваралася ў краіне ад пачатку году. Сёньня намінальная колькасьць сяброў сягае сарака тысячаў чалавек. Зь іх ня менш за пятнаццаць тысячаў - рэальныя актывісы дзеля збору подпісаў ды агітацыйнае кампаніі. Неўзабаве мае быць скліканы Сход "Рабочае самадапамогі", які хутчэй за ўсё зацьвердзіць Сяргея Антончыка як свайго кандыдата.

RR: Спадар Антончык, у выпадку вашае перамогі якімі будуць першыя тры крокі?

С.А.: Першым указам будуць абвешчаныя шырокамаштабныя рэформы. Мы павінны перадаць паўнамоцтвы па кіраваньні эканомікай моцнай групе маладых прафэсіяналаў. Па-другое, мы павінны ісьці наперад у Эўропу. І ніякіх разважаньняў наконт інтэграцыі з Расеяй - не з Расеяй…І трэцяе, зразумела, - адмена ўсіх тых антынародных, антынацыянальных рашэньняў, прынятых Лукашэнкам і ягонай камандай.

RR: Што зьменіцца ў жыцьці, напрыклад, працаўніцы Старадароскае швачнае фабрыкі?

С.А.: Павялічацца паслугі й тавары, і зьнізяцца цэны. Зьявіцца канкурэнцыя, якая прывядзе да зьніжэньня цэнаў.

Сяргей Антончык запэўніў, што фінансаваньне ягонае перадвыбарчае кампаніі будзе розьніцца ад фінансаваньня Лукашэнкі й апазыцыйных кандыдатаў:

С.А.: Яны ўсе едуць па грошы ў Расею. Я нікуды не паеду - не ў Расею, ні на Захад. Мы плянуем утварыць народную рабочую касу дзеля выбараў. Калі ў грамадзтве ёсьць сілы на тое, каб скінуць гэтую намэнклятурную зграю, калі ў людзей хопіць волі, тады мы пераможам.

"Каб перамагчы, трэба выходзіць з кабінэта й ісьці ў народ", - сьцьвердзіў Сяргей Антончык.



Севярын Квяткоўскі

Радыё Рацыя
,