Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Замарожваньне заробку фактычна заплянаванае ў адной зь нядаўна прынятых урадавых пастановаў. Прафсаюз працаўнікоў радыёэлектроннай прамысловасьці зьвяртаецца да ўраду з просьбай адмяніць гэтую пастанову й даводзіць, што ў адваротным выпадку рабочыя будуць атрымліваць менш за бюджэтных служачых.

Урадавая пастанова вызначае, што на прадпрыемствах, якія выкарыстоўваюць дзяржаўныя датацыі ці прывілеі ў любым выглядзе, тарыфная стаўка першага разраду ня можа быць большай за суму, вызначаную дзяржавай. Такая стаўка звычайна выкарыстоўваецца ў працоўнай сетцы бюджэтных работнікаў. Але бюджэтнікі, у адрозьненьне ад працаўнікоў вытворчасьці, апрача яе, маюць розныя каэфіцыенты й надбаўкі.

Прадпрыемствам і арганізацыям забаранілі падвышаць заробак у выпадку, калі працаўнікі атрымліваюць зарплату памерам 140% мінімальнага спажывецкага бюджэту. 140% узятыя не адвольна - столькі грошай дзяржава гарантуе ў Генэральным пагадненьні. Але больш атрымліваць - нельга. Таму й лічаць у прафсаюзе радыёэлектроннай прамысловасьці, што адпаведная ўрадавая пастанова замарожвае заробак на пэўным узроўні, у той час як кошты працягваюць свой імклівы рост. Па гэтай прычыне прафзьвяз зьвяртаецца да ўраду з просьбай адмяніць ці ўнесьці ў пастанову зьмены.

Дзіўная рэч, але падобнай пастановай урад перакрэсьлівае абяцаньне А. Лукашэнкі выплаціць 100-даляравы заробак ў жніўні. У прыватнасьці, гэтае абяцаньне пры дзейнай пастанове ня будзе выкананае ў галіне радыёэлектронікі - цьвердзіць старшыня прафзьвязу галіны Генадзь Фядыніч.

Г.Ф.: - Мы ня бачым сваю галіну сярод тых, хто выканае гэтае прэзыдэнцкае абяцаньне.Мы, калі аналізуем нашую сытуацыю з заробкам за красавік, то бачым, што нашае тарыфнае пагадненьне не выконваецца большасьцю прадпрыемстваў. Наш заробак у красавіку зьнізіўся, а ў траўні будзе яшчэ меншым, бо шмат дзён у траўні былі непрацоўнымі. Сярэдні заробак па галіне складае 120 тысяч рублёў.

Згаданы ўрадавы дакумэнт паралізуе адзін з напрамкаў працы прафкамаў на прадпрыемствах. Яны вядуць працу па падпісаньні новых калектыўных дамоваў, закладаючы ў іх вышэйшыя за сёньняшнія нарматывы па аплаце працы. Але дырэктарскі корпус адмаўляецца весьці перамовы.

Г.Ф.: - Сёньня кіраўнік прадпрыемства гаворыць: улічваючы гэтую пастанову, я не магу весьці з вамі перамовы па падпісаньні калектыўнага пагадненьня на больш высокім узроўні. Таму ў нас частка прафкамаў вымушаная была прадоўжыць дзеяньне калектыўнай дамовы. А калі ў каго закончылася дзеяньне 3-гадовай калектыўнай дамовы й цяпер вядуцца перамовы па падпісаньні новай, то там будуць зьніжаныя нормы сацыяльнай абароненасьці, а таксама зьменшаны заробак працаўнікоў.

Дзеяньне ўрадавага дакумэнту, па словах Г.Фядыніча, закранае 70% прадпрыемстваў радыёэлектронікі, паколькі нават самыя буйныя прадпрыемствы маюць пэўныя дзяржаўныя ільготы й прывілеі. Вядома, можна было іх ня скарыстоўваць, але яны працяглы час былі адзіным выйсьцем, каб не зачыніць прадпрыемства й не адправіць працаўнікоў у вымушаны адпачынак, а то й - на вуліцу. Паколькі многія з прадпрыемстваў працягваюць выконваць неўласьцівыя ім функцыі (напрыклад, вымушаныя трымаць 10 чалавек на вытворчых апэрацыях, якія могуць выконваць пяць), то, у сваю чаргу, яны разьлічваюць, што й дзяржава аддзячыць ім за гэта. Насамрэч, атрымліваецца наадварот.

Алесь Хмяльніцкі

Радыё Рацыя
0058045