Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Затрыманых у справе няма. У Міністэрстве ўнутраных справаў Беларусі гавораць, што "зламысьнікі хацелі падарваць беларуска-расейскую дружбу".

Беларускія ўлады напалохаліся нагэтулькі, што ўжо зранку Аляксандар Лукашэнка выклікаў да сябе ўсіх сілавікоў - старшыню КДБ Леаніда Ерына, міністра ўнутраных справаў Уладзіміра Навумава, а таксама Гепракурора Шэймана, якія дакладалі пра інцыдэнт.

Як паведаміў Рацыі начальнік прэсавай службы Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі Віталь Грынкевіч, пакуль вядома няшмат.

В.Г.: - У 23 гадзіны 30 хвілінаў на тэрыторыі амбасады Расейскай Фэдэрацыі на вуліцы Камуністычнай адбыўся выбух. Як пазьней было выяўлена, гэта была граната РГД-5. Пацярпелых няма. Матэрыяльныя страты будынку невялікія. Паводле факту хуліганства Цэнтральным РУУС Менску адкрытая крымінальная справа. Вядзецца сьледзтва.

RR: - Ці ёсьць затрыманыя ў гэтай справе?

В.Г.: - Пакуль затрыманых няма. Праводзяцца апэратыўна-сьледчыя мерапрыемствы.

RR: - Сп. Грынкевіч, Вы сказалі, што заведзена крымінальная справа паводле факту хуліганства. Беларускія органы не лічаць гэта за тэракт?

В.Г.: - Спачатку адкрываецца крымінальная справа. Калі будуць затрыманыя, тады й будзем глядзець артыкул, паводле якога гэта клясыфікуецца.

RR: - З чым беларускія ўлады зьвязваюць адбытае?

В.Г.: - Зьвяртае на сябе ўвагу той факт, што правакацыя адбылася напярэдадні саміту кіраўнікоў краінаў СНД. У Міністэрстве ўнутраных справаў разлядаюць гэтае здарэньне як спробу пэўных сілаў дэстабілізаваць сытуацыю напярэдадні гэтага саміту, стварыць ўяўнасьць пратэсту пэўных слаёў грамадзтва супраць стварэньня саюзнай дзяржавы.



Юрась Карманаў

Радыё Рацыя