Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


фотоАдраджаецца радыё “Рацыя”. Учора позна ўвечары дзьве камісіі польскага Сэйму — камісія замежных справаў і камісія СМІ афіцыйна зьвярнуліся да ўраду з заклікам зрабіць усё магчымае, каб гэтае радыё як мага хутчэй аднавіла вяшчаньне. Ужо падаецца дата выхаду ў эфір першых перадачаў — 15 лютага.

У афіцыйным дакумэнце, які быў прыняты сябрамі парлямэнцкіх камісіяў аднагалосна, гаворыцца, што права да неабмежаванага доступу да інфармацыі павінен мець кожны і што памятаючы пра дапамогу людзей добрай волі палякам у часы, калі яны “скідалі камуністычнае ярмо”, вольная Польшча павінна зрабіць усё магчымае, каб як мага хутчэй пачало працу незалежнае радыё для Беларусі.

У часе паседжаньня высьветлілася, што праектаў стварэньня радыё два — Радыё рацыя і Эўрапейскае радыё для Беларусі.

Шэраг прысутных спрабавалі пераканаць, што Варшава павінна падтрымаць апошні. У выніку, дэпутаты выказалі падтрымку абодвум праектам, але з ўнесенай у першапачатковы тэкст звароту да ўраду папраўкі, фактычна вынікае, што польскае незалежнае радыё для Беларусі будзе створанае на базе радыё "Рацыя", і што яго фінансава падтрымае польскі ўрад.

Тышкевіч: “Канцэпцыя стварэньня радыё для Беларусі на базе радыё "Рацыя" абсалютна слушная. Яна гарантуе адкрытасьць для ўдзелу ў праекце іншых беларусаў, радыё "Рацыя" мае неабходнае абсталяваньне, арганізацыйна-тэхнічны вопыт, неабходны для таго, каб неадкладна пачаць працу”, — заявіў дэпутат польскага Сэйму Робэрт Тышкевіч.

Прысутны на паседжаньні камісіяў Адам Ліпіньскі — міністар з канцэлярыі прэм'ер-міністра Польшчы Казімежа Марцінкевіча заявіў, што польскі ўрад хоча прыцягнуць да ўдзелу ў праекце іншых суседзяў Беларусі.

Ліпіньскі: “Паводле папярэдніх дадзеных, зацікаўленасьць Літвы гэтым праектам вельмі высокая, Украіны — наадварот. Мы павінны зрабіць усё магчымае, каб Украіна далучылася да гэтага праекту”.

Між тым праграмны дырэктар радыё "Рацыя" Алег Латышонак заявіў, што чакае каб як мага хутчэй былі вырашаныя фінансавыя і юрыдычныя пытаньні, зьвязаныя з аднаўленьнем вяшчаньня, тады выйсьці ў эфір можна будзе цягам двух тыдняў.

Адметна, што ў Польшчы нэгатыўна ацэньваюць рашэньне Эўрапейскай камісіі ў справе пераможцы тэндэру на стварэньне эўрапейскага радыё для Беларусі. “Гэта зроблена, каб не раздражняць Крэмль”, — піша сёньня аўтарытэтны польскі штодзёньнік “Rzeczpospolita”.

Аляксей Дзікавіцкі