Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Наш карэспандэнт зьвярнуўся да кіраўніка Фэдэрацыі прафсаюзаў і магчымага кандыдата ў прэзыдэнты з просьбай патлумачыць гэтую думку:

(Ганчарык: ) "Кансультацыі, якія праводзіліся ў апошнія дні з працоўнымі калектывамі, з грамадзкімі арганізацыямі, з кіраўнікамі прадпрыемстваў (адбыліся такія сустрэчы, і гэта вельмі важна), а таксама кансультацыі з кіраўнікамі дзяржаўных і палітычных установаў Расеі й Захаду гавораць пра тое, што трэба зараз рабіць новыя крокі.

Па-першае, трэба, каб рэжым пачаў тлумачыць грамадзтву свае дзеяньні за апошнія гады. Я маю на ўвазе і пытаньне з выкананьнем бюджэтаў, і тое, дзе грошы ад продажу зброі, пра што згадваў Аляксандар Лукашэнка на "Ўсебеларускім сходзе", і дзе тыя людзі, што зьніклі, і хто ў гэтым вінаваты і г.д.

Па-другое, трэба лепш інфармаваць насельніцтва пра ўсе гэтыя зьявы і пра нашу пазыцыю адносна іх. Нарэшце, трэба ня толькі завяршаць арганізацыйную працу па вызначэньні магчымых кандыдатаў на прэзыдэнта, але й выпрацоўваць мэханізм па вызначэньні таго адзінага кандыдата, на якога будзе зробленая стаўка ўсіх".

(Карэспандэнт: ) "Грамадзтва ўжо цікавіцца стварэньнем палітычных штабоў прэтэндэнтаў на прэзыдэнцкую пасаду".

(Ганчарык: ) "Скажу, што мы завяршаем усю працу і ўсё ёсьць. І ў рэгіёнах, і ў Менску".

(Карэспандэнт: ) "Сяргей Калякін заявіў, што ён ужо мае каля 2000 чалавек, якія будуць зьбіраць подпісы. Мы ведаем, што адбыўся зьезд сацыял-дэмакратаў з "Народнай грамады", дзе частка Грамады пагадзілася зьбіраць подпісы ў вашу падтрымку".

(Ганчарык: ) "Я ім, канечне ж, дзякую за гэта. Але зьбіраць подпісы будуць ня толькі яны. Вы назвалі лічбу, што агучыў Калякін, дык вось мушу сказаць, што ў мяне зборшчыкаў будзе ня менш".

(Карэспандэнт: ) "Ваша стаўленьне да падтрымкі Масквы кандыдатаў на прэзыдэнта?"

(Ганчарык: ) "Я мяркую, што Масква павінна вызначыцца з улікам тых абставін, якія складваюцца цяпер у Беларусі, і не рабіць высновы, што неабходна падтрымліваць толькі цяперашняга прэзыдэнта.

Але ж выбіраць будуць толькі выбарнікі-беларусы, і таму за імі апошняе слова. Але важная падтрымка Масквы маральная — у тым, што трэба мяняць цяперашнюю беларускую палітыку, і ў дачыненні да Расеі ў тым ліку. Бо гэтая палітыка — фармальная".

(Карэспандэнт: ) "Ці вядома Вам што-небудзь пра маскоўскія ініцыятывы сустрэчаў, кансультацыяў з тым ці іншым магчымым кандыдатам у прэзыдэнты Беларусі?"

(Ганчарык: ) "Так. Я думаю, што перамовы вядуць амаль усе".

(Карэспандэнт: ) "Вы як прафсаюзны функцыянэр ці разьлічваеце на падтрымку прафсаюзаў Расеі?"

(Ганчарык: ) "Безумоўна. Будуць неўзабаве зробленыя пэўныя захады ў гэтым напрамку. Але я хацеў бы сказаць, што мы павінны зыходзіць з таго, што нам трэба працаваць самім і трэба ісьці да выбарнікаў, працаваць зь імі, тлумачыць. І рабіць гэта мусяць ня толькі самі прэтэндэнты на прэзыдэнцкую пасаду. Асабліва, калі надыдзе час, калі трэба будзе назваць адзінае імя".

(Карэспандэнт: ) "Вы па-ранейшаму схіляецеся да таго, каб назваць гэтае імя пасьля рэгістрацыі?"

(Ганчарык: ) "Так. У працэсе рэгістрацыі трэба будзе зьвярнуць на гэта ўвагу, і, зразумела, на тое, што атрымаецца ў выніку. Таму што ёсьць шмат зьвестак пра тое, што вельмі цяжка будзе прайсьці гэтае "сіта".



Міхал Стэльмак, Менск
0058648