Главное
Минск
Эксклюзив
Деньги и власть
В мире
Кругозор
Происшествия
Финансы
Недвижимость
Спорт
Авто
Леди
42
Ваш дом
Афиша
Ребёнок.BY
Про бизнес.
TAM.BY
Новости компаний

Программы и проекты TUT.BY
  • Архив новостей
  • Архив новостей
    ПНВТСРЧТПТСБВС
    272812345
    6789101112
    13141516171819
    20212223242526
    272829303112
  • Популярное

Общество


У бюлетэнях для тайнага галасаваньня, акрамя былой выканаўцы абавязкаў старшыні Саюзу, было пазначанае імя Міколы Мятліцкага. Аднак зь незначнай перавагаю перамагла спн. Іпатава. Такім чынам, расколу ў пісьменьніцкім асяродзьдзі, пра які хадзілі чуткі задоўга да зьезду, не адбылося. Як стала зразумела пасьля закрыцьця зьезду, кардынальнага перагляду пазыцыяў Саюзу пісьменьнікаў таксама, хутчэй за ўсё, ня будзе. Зьезд, аднак, прыняў палітычную заяву, у якой выказаў заклапочанасьць зь небясьпекі страты сувэрэнітэту Беларусі ў выніку стварэньня саюзнай дзяржавы з Расеяй.

"Зьезд беларускіх пісьменьнікаў выказвае заклапочанасьць тым, што ў працэсе стварэньня агульнае Саюзнае дзяржавы ёсьць рэальная небясьпека страты сувэржнітэту й незалежнасьці Айчыны. Занядбаньне самабытнае мовы, культуры беларускага народу, уцягненьне нашае краіны ў ваенныя канфлікты ў іншых рэгіёнах сьвету, - гаворыцца ў звароце. Беларускія пісьменьнікі разумеюць важнасьць інтэграцыйных працэсаў, якія адбываюцца ва ўсім сьвеце, а таму выступаем за шчыльныя эканамічныя, навуковыя й іншыя сувязі на аснове роўнасьці й павагі - з Расеяй ды іншымі краінамі сьвету".

Праект яшчэ адной палітычнай Заявы зьезду агучыў цяпер ужо былы старшыня Саюзу Ўладзімер Някляеў:

"13 зьезд беларускіх пісьменьнікаў канстатуе, катастрафічны стан беларускай мовы й літаратуры, выкліканы палітыкай улады адносна ўсяго нацыянальнага ў нашай дзяржаве. Зыходзячы з гэтага, напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў зьезд Саюзу беларускіх пісьменьнікаў:

1. Выказваецца ў падтрымку ўсіх дэмакратычных сіл і кандыдатаў у прэзыдэнты ад дэмакратычнае апазыцыі.

2. Лічыць, што А.Лукашэнка, які парушыў Канстытуцыю й незаконна ўтрымлівае ўладу ў Беларусі зь ліпеня 1999 году, ня мае маральнага права на вылучэньне ў якасьці кандыдата ў прэзыдэнты РБ".

Аднак галасаваньня па заяве так і не адбылося, таму лічыць яе заявай зьезду, а не асабістай ініцыятывай Уладзімер Някляева, відавочна, нельга.

Затое зьезд прыняў рэзалюцыю, у якое акрэсьліў асноўныя прынцыпы свайго далейшага існаваньня. А гэта:

- пасьлядоўнае захаваньне прынцыпу свабоды слова;

- заклапочанасьць з нагоды зьніжэньня ўжывальнасьці беларускай мовы ў розных сфэрах жыцьця ў Беларусі, асабліва ў творчай і навуковай;

- адмежаваньне Саюзу пісьменьнікаў ад палітычных партыяў і рухаў, з захаваньнем права сябраў арганізацыі ўваходзіць у любыя з гэтых структураў і з захаваньнем за Саюзам права выказваць сваё стаўленьне да падзеяў у палітычным жыцьці краіны;

- заклік супрацоўнічаць з творчымі саюзамі іншых краінаў, якія з павагай ставяцца да сувэрэнітэту Беларусі…

Такія вынікі зьезду, зафіксаваныя дакумэнтальна.

Пачатак дня й сапраўды прарочыў даволі істотныя зьмены ў жыцьці Саюзу. Вольга Іпатава (новая старшыня Саюзу), Ніл Гілевіч (народны пісьменьнік і шматгадовы кіраўнік арганізацыі), Уладзімер Някляеў (цяпер ужо былы кіраўнік Саюзу) уздымалі ў сваіх прамовах пытаньні, што сягалі далёка за межы творчых. Вольга Іпатава лічыць, што зараз паўстае пытаньне пра далейшае існаваньне беларускага этнасу.

В.Іпатава: - Быць ці ня быць яму як народу, мець ці ня мець сваю ўласную непаўторнасьць, ці нарэшце са ўздыхам палёгкі без усялякага шкадаваньня растварыцца нарэшце паміж іншымі, больш моцнымі й самаарганізаванымі этнасамі й культурамі?

Спн. Іпатава заклікала ўнесьці яснасьць у стасунках Саюзу пісьменьнікаў зь дзяржавай, далека ня ўсе дзеяньні якой у дачыненьні зьвязу творчае інтэлігенцыі задавальняюць новую старшыню.

В.І.: - Сёньня мы мусім дакладна вызначаць стасункі адзін да аднаго. Рашальны ці дарадчы голас мае Саюз у прысуджэньні дзяржаўных прэмій? Сёлетнія прэміі ды леташнія былі прынятыя без уліку меркаваньня Рады Саюзу пісьменьнікаў. І я расцэньваю гэта проста як непавагу дзяржавы да нашай творчай арганізацыі… Дзяржава ўрэшце рэшт можа й павінна быць такой, якой яе ўбачаць і прапануюць грамадзтву менавіта творцы. Наша зброя - ня гвалт, а самаахвярнасьць, не агрэсія, а перавага духу, трапяткая павага да сябе й да іншага…

Яшчэ больш рэзкім у сваім выступе быў Ніл Гілевіч.

Н.Г.: - Заўсёды былі й ёсьць сілы, якія хацелі б бачыць літаратуру прыслужніцкай, забаўляльнай, і слабыя духам, здараецца, ідуць гэтым сілам насустрач… Кожны літаратар павінен зрабіць выбар. Талент і сумленьне павінны яму падказаць, што выбраць. І вось у такі час выбару нам радзяць размову на зьезьдзе не падключаць да высоканапружанае атмасфэры грамадзка-палітычнага жыцьця ў краіне. Больш за тое: абачлівыя чытачы й пісьменьнікі намаўляюць, што таленавітыя творцы сядзяць ціха, на барыкады не ўзыходзяць, публіцыстыкі ня пішуць.

"У сёньняшняй сытуацыі неаб'яўлены выбар і незаяўленая пазыцыя - гэта ня проста адсутнасьць выбару й адсутнасьць пазыцыі. Гэта значна горшае. Калі мы калектыўна здрадзім усяму таму, што адстойвала, у імя чаго памірала й уваскрасала беларуская літаратура, дык адпаведныя словы ўсьлед Саюзу беларускіх пісьменьнікаў знойдзецца каму сказаць, - заявіў у сваім выступе й Уладзімер Някляеў.

Прадстаўнікі шэрагу дзяржаўных структураў, прысутныя на зьезьдзе, адчувалі сябе ў часе гэткіх прамоваў досыць няўтульна й паспрабавалі, так бы мовіць, "зьбіць хвалю". Свае тэзы яны агучылі й у інтэрвію Рацыі.

Міхаіл Дзямчук, намесьнік прем'ер-міністра: - Я б не сказаў, што гэты зьезд рэзкі. Гэты зьезд добры, тут узьнялі тыя пытаньні, якія маюць месца ў рэспубліцы, але вырашаць, канечне, трэба сумесна з уладай… Трэба навесьці нейкія масты, дыялёг, і я думаю, што ўсё гэта зробім…

Міністар культуры сп. Гуляка: - Я паглядзеў, колькі зроблена дзяржавай для творчых саюзаў, у тым ліку й для Саюзу пісьменьнікаў. І мне здаецца, што пры ўсіх хібах, якія есьць на зьезьдзе, усе ж такі размова адбываецца. І дзяржаву выслухоўваюць, бо ёсьць што сказаць, і нейкія пытаньні, якія - мы чакалі - найбольш востра маглі гучаць, яны прагучалі ня так востра… Таму мне здаецца, што й скончыцца зьезд канструктыўна…

Нягледзячы на даволі рэзкі тон дакумэнтаў, прынятых ці проста зачытаных з трыбуны зьезду, самі пісьменьнікі, здаецца, не спадзяюцца на кардынальныя зьмены ў жыцьці Саюзу.

Артур Вольскі: - Я думаю, што, на жаль, 13-ы зьезд Саюзу беларускіх пісьменьнікаў не ўнясе нейкіх сур'ёзных карэктываў у жыцьцё пісьменьніцкай арганізацыі. Грамадзтва ў нас разьдзеленае, расколатае, і шмат балота, так сказаць… Яно ёсьць і ў нас, у пісьменьніцкай арганізацыі…

Славамір Адамовіч настроены больш аптымістычна: - Зьезд варта было праводзіць, і гэта правільна. Адзінае - што я не падзяляў такога ажыятажы, што тут раскол нейкі будзе ці нейкія бойкі, бо бальшыня, хаця яны й з хвігамі ў кішэні, але ўсе ж за сваё й супраць чужога, супраць рэжыму. Таму я спакойны.

Канчатковыя вынікі зьезду, яго ацэнка літаратарамі й маштаб розгаласу, які ён атрымае ў дзяржаўных і недзяржаўных структурах, будзе вядомы толькі празь некалькі дзён.



Вольга Бабак

Радыё Рацыя