Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Напярэдадні выбараў кіраўнік дзяржавы пачаў адорваць маладое пакаленьне. Праз 10 гадоў чаканьня Ліцэй БДУ атрымаў новы будынак - колішні Дом настаўніка. Дагэтуль навучэнцы й выкладнікі туліліся ў "часовым" будынку на вул. Маякоўскага. У цырымоніі ўваходзінаў узяў удзел сам А.Лукашэнка. Апрача галавы дзяржавы на цырымоніі былі нам. кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта Ў.Замяталін, міністар адукацыі В.Стражаў і мэр Менску М.Паўлаў.

У сваім выступе А.Лукашэнка падкрэсьліў, што перадача ліцэю - сьведчаньне клопату дзяржавы пра маладое пакаленьне. Згадаў А.Лукашэнка й апазыцыю: "Я думаю, что даже самая отвязанная оппозиция не будет нас критиковать, что мы создали такой теплый и уютный дом для самых талантливых людей. Хотя, и к этому надо быть готовым: они во всем, даже в хорошем, найдут плохое".

Афіцыйныя прадстаўнікі ліцэістаў "искренне благодарили" кіраўніка дзяржавы за "понимание и отеческую поддержку", а гэтаксама выказалі спадзеў, што са сьценаў Ліцэю БДУ выйдзе будучы прэзыдэнт краіны. "Только давайте уже не в эти выборы, если можно", - сказаў А.Лукашэнка й жартам папрасіў рэктара БДУ А.Казуліна (калі б ліцэісты вылучылі яго сваім кандыдатам), адмовіцца ад удзелу ў выбарах. У якасьці папярэдняе кампэнсацыі А.Лукашэнка "падараваў" ліцэю будынак піўнога рэстарану "Старое русло", што месьціцца цераз дарогу ад ліцэю. Пра такі "прэзэнт" уласьнік рэстарану даведаецца, напэўна, з гэтага рэпартажу.

У часе цырымоніі ўваходзінаў шмат увагі надавалі сымбалям: слухалі дзяржаўны гімн, уздымалі сьцягі - Рэспублікі, ліцэю, унівэрсытэту. А.Лукашэнка, А.Казулін і дырэктар ліцэю Г.Пальчык пасадзілі тры бярозкі. Гэта актыўна абмяркоўвалі ліцэісты, нехта нават парадзіў падкінуць пад прэзыдэнтава дрэва гною.

Цырымонію перадачы Ліцэю БДУ новага будынку відавочна зрэжысэравалі пад перадвыбарчую кампанію "адзінага кандыдата ад народу". Ліцэй БДУ заняў былы Дом настаўніка, які ў 1998 г. перадалі Ўпраўленьню справаў прэзыдэнта. У 1999 г. існаваў праект злучэньня беларускамоўнага гуманітарнага ліцэю й расейскамоўнага Ліцэю БДУ. Меркавалі ўціснуць дзьве ўстановы ў адзін будынак, забраўшы ад гуманітарнага ліцэю камяніцу на вул. Кірава. Аднак беларускі ліцэй тады абараніў сваё права на самастойнае існаваньне. На жаль, апрача беларускамоўнае шыльды на фасадзе, Ліцэй БДУ зь беларускасьцю нічога супольнага ня мае.



Віктар Мухін

Радыё Рацыя