Праз год Мiнск адзначыць сваё 940-годдзе. Натуральна, юбiлейнае свята горада мясцовыя ўлады пастараюцца зрабiць яскравым, маштабным i запамiнальным - дастойным такой значнай даты. Мы ж вырашылi яшчэ раз вярнуцца да гiсторыi горада на Нямiзе i пагутарыць аб ролi i значэннi Мiнска як сталiцы. Наш суразмоўца - прафесар Беларускага дзяржаўнага эканамiчнага унiверсiтэта, аўтар кнiгi "Мiнск: старонкi жыцця дарэвалюцыйнага горада", гiсторык Захар ШЫБЕКА.

- Якую з версiй аб паходжаннi назвы Мiнска вы лiчыце найбольш праўдападобнай?

- На мой погляд, гэта версiя, якая прасочвае крынiцу назвы горада з назвы маленькай рэчкi Менкi. Сама рэчка даўно знiкла (мяркуецца, яна ўпадала цi то ў Свiслач, цi то ў Нямiгу).

- У Пецярбургу галоўная вулiца спрадвеку завецца Неўскi праспект, у Кiеве - Храшчацiк, у Варшаве - Кракаўскае прадмесце, а ў Мiнску яна шмат разоў мяняла назву. Раскажыце падрабязней пра яе гiсторыю…

- Пракладзеная ў 1801 годзе праз прадмесце Новы горад, яна атрымала назву не Наваградская (што было б натуральна), а Захар’еўская - у гонар царскага чыноўнiка, мiнскага губернатара Захара Карнеева, i з таго часу пераймяноўвалася разоў 10. Адпаведна зацверджанаму ў Пецярбургу ў 1800 годзе гарадскому плану, Захар’еўская будавалася як галоўная, самая доўгая i шырокая вулiца Мiнска. Тады яна доўжылася ад цяперашняй Камсамольскай да плошчы Перамогi i стваралася такой шырокай для зручнасцi марша расiйскiх войскаў з усходу на захад.

Напалеонаўская адмiнiстрацыя адмянiла назву Захар’еўская ў 1812 годзе i ўзнавiла старую - Новы горад. Другое перайменаванне адбылося ў лютым 1918 года, калi ў Мiнск прыйшло войска кайзераўскай Германii. У адпаведнасцi з жалезнай логiкай немцаў, вулiца стала называцца Гаўптштрассэ (Галоўная вулiца). З узяццем горада польскiм войскам у жнiўнi 1919 года Захар’еўская перайменавалася ў гонар Адама Мiцкевiча. Калi ў кастрычнiку 1920 года тут канчаткова замацавалiся бальшавiкi, яны надалi вулiцы назву Савецкая. Гiтлераўцы ў гады акупацыi (1941-1944) вярнулi назву Гаўптштрассэ, а пасля iх выгнання вулiца зноў стала Савецкай…
Минск 1944 года

- Што адбывалася з яе назвай пасля заканчэння вайны?

- Пасляваенная 48-метровая ў шырыню вулiца адбудоўвалася ў якасцi падарунка Сталiну да яго 70-годдзя ў 1949 годзе. Але будаўнiкi не паспелi. Затое ў 1952 годзе Савецкая вулiца ўрэшце ўрачыста была перайменавана ў праспект Сталiна, а на яе Цэнтральнай плошчы стаў узвышацца манументальны помнiк правадыру.

- Назва трымалася i пасля смерцi Сталiна?

- Так, усяго 9 гадоў. Толькi ў 1961 годзе плошчу зруйнавалi разам з помнiкам. З’явiлася новая назва - Ленiнскi праспект, якая пратрымалася 20 гадоў. З адраджэннем нацыянальных традыцый звязана перайменаванне яго ў праспект iмя Францыска Скарыны. Зусiм нядаўна ён у чарговы раз змянiў назву на праспект Незалежнасцi.

- Праспект лiчаць узорам савецкага класiцызму…

- Гэта так. Па арыгiнальнасцi яго частка прэтэндуе на ўнясенне ў спiс ЮНЕСКО. Мы павiнны берагчы наш праспект як турыстычны капiтал: такiх аб’ектаў, як Мiрскi цi Нясвiжскi замкi, у Еўропе многа, i пры гэтым практычна нiдзе ў архiтэктуры не захавалася аналагiчных узораў савецкага класiцызму. Праспект задумваўся як вiзiтка, якую можна паказаць i замежным гасцям. Урачыстыя манументальныя фасады павiнны былi дэманстраваць перавагу сацыялiстычнага ладу. Дамы на праспекце - увасабленне прынцыпу класiцызму. Узводзячы iх, праекцiроўшчыкi прытрымлiвалiся лепшых традыцый расiйскай школы дойлiдства.

Цяперашнi праспект належыць нашай гiсторыi. Гэта своеасаблiвы музей пад адкрытым небам. Нам трэба ангажыраваць галоўную вулiцу сталiцы ў нашу нацыянальную культуру, напоўнiць новымi, станоўчымi для нацыi сiмваламi. На маю думку, праспект павiнен стаць сiмвалам з’яднанасцi, пасрэднiцтва памiж Усходам i Захадам, памiж вiзантыйскай i лацiнскай айкуменай, сiмвалам нашай далучанасцi да каштоўнасцяў Еўропы i трансляцыi гэтых каштоўнасцяў на Усход. Праспект мусiць спынiць свой маршавы рытм, стаць у цэнтры горада пешаходным.

- Лёс кожнай нацыi ў многiм залежыць ад выбару сталiцы i ад яе рангу сярод iншых сталiц. Некаторыя даследчыкi лiчаць неапраўданым размяшчэнне сталiцы ў Мiнску. Ваша меркаванне на гэты конт?

- У Беларусi пры натуральным ходзе падзей на ролю сталiцы вылучалася Вiльня. Але пасля падпарадкавання Расii старадаўняя сталiца Лiтвы страцiла свой статус i ператварылася ў звычайны губернскi цэнтр. А вось Мiнск па збегу акалiчнасцяў атрымаў магчымасць незаўважна, але няўхiльна ўваходзiць у ролю беларускай сталiцы. Пасля правядзення ў 1871-1872 гадах чыгункi ён стаў буйнейшым населеным пунктам, вядучым эканамiчным i палiтычным цэнтрам i важным камунiкатарам культуры ў беларускiм рэгiёне. Пасля заняцця Вiльнi ў 1915 годзе немцамi ў прыфрантавы Мiнск з акупаваных тэрыторый пачалi сцякацца беларускiя, польскiя, яўрэйскiя палiтычныя i культурныя сiлы. Для кожнага мясцовага народа Мiнск стаў сваiм горадам. Ён задавальняў усiх, ды яшчэ знаходзiўся ў цэнтры Беларусi. Той жа Вiцебск, для прыкладу, не ўсе бачылi ў ролi сталiцы, бо быў больш ангажыраваны ў рускую культуру. Гродна - ў польскую… Напярэдаднi Другой сусветнай вайны (у 1939 годзе) кiраўнiцтва БССР рыхтавалася да пераносу сталiцы ў Магiлёў. Там будаваўся Дом урада, копiя мiнскага. I толькi далучэнне Заходняй Беларусi зрабiла магiлёўскi варыянт бессэнсоўным. У Вялiкую Айчынную вайну ў Мiнску было зруйнавана каля 80 працэнтаў забудоў. Зноў узнiклi прапановы аб пераносе сталiцы ў iншае месца.

На жаль, Мiнск не такi знакамiты гiстарычны цэнтр, як Вiльня. Ён доўгi час быў правiнцыяльным цэнтрам. У перыяд старажытнарускiх княстваў - адносна Полацка, у перыяд ВКЛ - адносна Вiльнi, у царскай Расii - адносна Пецярбурга, у савецкi перыяд - адносна Масквы. Ён нiколi не меў уласнага каралеўскага двара, як Кiеў, Варшава, Вiльня цi Масква. Мiнск страцiў нават Замчышча, дзе жылi мiнскiя ўдзельныя князi. Нават калi ўдасца аднавiць гiстарычны цэнтр горада з яго земляным валам i драўлянымi сценамi, ён усё роўна не стане выглядаць як Крэмль у Маскве, цi Каралеўскi палац у Варшаве.

- Якое выйсце вы бачыце?

- Паважаць гiстарычны выбар продкаў, мадэрнiзоўваць i перабудоўваць Мiнск. А калi i пераносiць сталiцу, то найлепш у Полацк, сталiцу знакамiтага Полацкага княства, адзiн з цэнтраў хрысцiянства, дзе, як i ў Кiеве цi Пскове, узведзена Святая Сафiя. Толькi Полацк не саступае сваiм гiстарычным патэнцыялам нi Кiеву, нi Варшаве, нi Вiльнi. У любым выпадку нам патрэбна сталiца еўрапейскага ўзроўню. Толькi стварыўшы яе, мы пераадолеем наш закаранелы правiнцыяналiзм. Тут, у Беларусi, наша Масква, наша Варшава, наш Парыж. I рабiць добрыя справы, выпраменьваць новыя iдэi, ствараць арыгiнальныя модныя калекцыi трэба тут, не спадзеючыся нi на кога.

улица Ленина, декабрь 2005 года

- Зараз вядуцца актыўныя работы па рэстаўрацыi гiстарычнага цэнтра Мiнска. Наколькi дасканала яна праводзiцца, на вашу думку?

- Увогуле, адзiны унiверсальны падыход у цывiлiзаваным свеце заключаецца ў наступным: усё, што захавалася, кансервуецца, астатняе робiцца на аснове тых жа матэрыялаў, тэхналогiй, асаблiвасцяў… "Муляжы" трэба рабiць толькi ў тым выпадку, калi помнiкi не захавалiся i iншага выйсця няма. Скажам, у Траецкiм прадмесцi аснова захавалася, аднак адбылася i пэўная мадэрнiзацыя. Франтоны i iншыя элементы зроблены пад стыль заходнееўрапейскай архiтэктуры, не беларускай. Дзякуй Богу, у тыя гады, калi пачалi аднаўляць прадмесце, да поўнага зносу яшчэ не дадумалiся. I ёсць магчымасць выдалiць усё наноснае i пакiнуць дамы ў тым выглядзе, у якiм яны былi. Аднаўленне будынка ратушы прайшло, лiчу, удала, аднак пры гэтым быў знiшчаны фундамент, чаго ў першапачатковым праекце не прадугледжвалася. Думаю, добра было б аднавiць Казанскую царкву на плошчы Мяснiкова, каплiцу, што стаяла ў скверы побач з "Хлопчыкам з лебедзем", помнiк ахвярам Курлаўскага расстрэлу на Прывакзальнай плошчы i - безумоўна, Замчышча. Насыпаць земляны вал, узвесцi драўляныя сцены Крамля… Крэмль - умацаваная частка горада - ёсць у многiх сталiцах, аднак - каменная. А вось драўляных у Еўропе няма. Гэта было б жамчужынай Мiнска.

Запiсала Iнга МIНДАЛЁВА
-20%
-20%
-10%
-15%
-28%
-10%
-30%
-10%
0072330