/

Ці хапае Мінску цікавых аб’ектаў для экскурсій? Якія добрыя месцы, куды можна было прыводзіць турыстаў, мы страцілі? Ці ёсць яшчэ ў сталіцы небанальныя кропкі для прагулкі? TUT.BY спытаўся пра ўсё гэта мінскіх экскусаводаў (ёсць нагода — 21 лютага ў свеце адзначаюць іх прафесійнае свята).

Павел Дзюсекаў: «Чаму б праваслаўнай царкве не адбудаваць нанова зруйнаваны „чыгуначны“ храм?»

Фота: з асабістага архіва Паўла Дзюсекава
Павел Дзюсекаў падчас працы. Фота з асабістага архіва героя

Экскурсавод Павел Дзюсекаў — аўтар праекта «Вандроўкі ў мінулае». Яму баліць душа за аб’екты, якія зараз можна пабачыць толькі на старых паштоўках. Лічыць, што некаторыя з іх варта было б узнавіць.

— На плошчы Мяснікова стаяла вельмі прыгожая царква Іконы Казанскай Божай Маці — шыкоўны візантыйскі стыль. Гэта была царква чыгуначнікаў, яе ўзарвалі за савецкім часам. Але, наколькі мне вядома, падмурак захаваўся і месца вольнае засталося — там ляжыць толькі рэліктавы камень з надпісам пра помнік Мяснікову, які збіраліся ўсталяваць. Чаму б не ўключыцца праваслаўнай царкве і не пабудаваць на тым жа месцы той храм? — прыводзіць адзін з прыкладаў Павел.

Экскурсавод лічыць, што трэба аднаўляць першую гарадскую электрастанцыю, якую знеслі з-за будаўніцтва атэля побач з паркам Горкага.

— Асабіста маё, дробнае: можна было б аднавіць арыгінальную форму маста праз Свіслач, за цыркам, дзе раней быў цэнтральны ўваход у Губернатарскі сад (парк Горкага. — Заўв. TUT.BY). Там стаіць абсалютна тыповы бетонны мост, а раней быў прыгожы, дэкараваны.

Вялікі гасцінны двор у цэнтры захаваўся, а малы гасцінны двор — не. Гэта турбуе экскурсавода.

— Малы гасцінны двор стаяў на плошчы Свабоды, сярэднявечны такі. Яго вяртанне дадало б Мінску каларыту. Чуў такое меркаванне: менавіта з-за таго, што стаялі будынкі малога гасціннага двара, каля ратушы не было такіх скразнякоў, як зараз.

— А ці ёсць сэнс адбудоўваць нанова зусім страчаныя аб’екты?

— З такой логікай мы б не мелі сёння ратушу, канцэртны зал «Верхні Горад». Ці стаў бы Мінск ад гэтага прыгажэй? У горадзе катэгарычна мала сваіх дарэвалюцыйных аб’ектаў. Іх засталося — бачыў лічбу — толькі сем працэнтаў з трох тысяч — агрызак горада! Калі ты прыязджаеш у Прагу, Будапешт, то разумееш, наколькі мала ў нас усяго ёсць. І, як па мне, адноўлены аб’ект — нашмат лепей, чым ніякі.

Павел распавядае, што некаторыя рэчы можна аднавіць лёгка. Напрыклад, наведвальнікі экскурсій часта ўзгадваюць час, калі каля ратушы стаялі мастакі — добра было б, каб яны туды вярнуліся.

На просьбу параіць месцы, дзе можна адчуць атмасферу Мінска, экскурсавод адказвае так:

— Па атмасферу Мінска я б не адпраўляў на савецкія вуліцы, я б адпраўляў на Карла Маркса, Рэвалюцыйную, у Лошыцкі парк, на Кальварыйскія могілкі.

— А незвычайныя кропкі для экскурсій?

— Раней на такое пытанне адпраўляў на вуліцу Кастрычніцкую, але зараз яна стала хутчэй банальным месцам. Таму небанальнае — музей валуноў ва Уруччы. Плён працы многіх навукоўцаў, таямнічае, незвычайнае месца, дзе праўда класна пабываць.

Іван Сацукевіч: «За мінулы год Грушаўка страціла свой твар»

Іван Сацукевіч з групай падчас экскурсіі па Грушаўцы, Мінск. Фота: Аляксандр Каленік, TUT.BY

Экскурсавод Іван Сацукевіч лічыць, што Мінск — звышбагаты горад на аб’екты, цікавыя для экскурсій.

— У мяне 33 экскурсіі і яшчэ тры-чатыры можна было б прыдумаць. Заўважу, што кожная доўжыцца 2−2,5 гадзіны. У Мінску ёсць што паказаць, і гэта не толькі аглядны цэнтр, гэта і перыферыя: Сляпянка, раён Парніковай і Нацыянальнай бібліятэкі, Добрыя Мыслі, Чкалава, Маскоўская, Брылеўская — усё звязанае з гісторыяй да сярэдзіны ХХ стагоддзя. Асноўныя спажывальнікі такіх экскурсій, вядома, беларусы, мінчане. Замежнікам больш цікава тое, што адрознівае нас ад астатніх, знаёмства з горадам: гістарычны цэнтр і праспект, а яшчэ Курапаты і Трасцянец — сімвалы трагічнай гісторыі ХХ стагоддзя.

Іван Сацукевіч сярод асноўных страт нядаўняга часу называе цэлы раён — Грушаўку.

— Грушаўка страціла свой твар за мінулы 2018 год, таму што там зняслі архітэктуру 1920−30-х гадоў. Два разы на год я туды вадзіў экскурсіі — і людзі рэагавалі феерычна, бо мала хто там бываў! Звычайна экскурсія не складаецца з аднаго аб’екта, таму, калі мы страчваем асобныя помнікі — гэта нават не так трагічна. А страціць усю Грушаўку — вельмі балюча. Так, самыя цікавыя аб’екты там засталіся — водапомпавыя вежы, чыгуначная бальніца, але атмасфера раёна згублена абсалютна. Драўляныя хаткі і паўбаракі, што там стаялі — іх зараз няма. Засталіся толькі адзінкавыя аб’екты сярод сучаснай шматпавярховай архітэктуры.

Экскурсавод Іван Сацукевіч кажа: месцаў для небанальных маршрутаў у горадзе шмат.

— Атмасфернае месца — Архірэйская слабодка — раён сённяшняй вуліцы Пуліхава, Захарава. Атмасферна ў Старажоўцы і Пярэспе — раён вуліцы Кісялёва і Старавіленскага тракта. Ёсць яшчэ экскурсія цікавая ў раён вуліцы Магілёўскай, дзе, бадай, апошняе аўтэнтычнае месца пачатку ХХ стагоддзя. Драўляная архітэктура дарэвалюцыйнага Мінска: Магілёўская, Прыгожая вуліца, Прыгожы завулак, Сцяпны завулак, Студэнцкая вуліца, Полацкі завулак.

Павел Каралёў: «Няхай у Ракаўскім прадмесці зробяць добрую рэканструкцыю»

Фото: Ольга Шукайло, TUT.BY
Павел Каралёў на Ваенных могілках. Фота: Вольга Шукайла, TUT.BY

Стваральнік Фэста экскурсаводаў (фэст праходзіць кожны год не толькі ў Мінску, але і па Беларусі і ў замежжы) Павел Каралёў распавядае, што вялікія спадзяванні мае на рэканструкцыю Ракаўскага прадмесця.

— Будзе вялікі ўнёсак, калі атрымаецца далучыць да турызму Ракаўскае прадмесце, якое зараз рэканструюць. Гэта цэлы раён, дзе можна пагрузіцца ў атмасферу старажытнасці. Калі рэканструкцыя будзе зроблена няўдала, то гэтая магчымасць будзе страчаная. Такой страчанай магчымасцю ўжо стала вуліца Зыбіцкая. Яе знеслі пасля вайны, у 1950−60-х гадах. Калі ў 2000-х паўстала пытанне адбудовы раёна, матэрыялаў было багата: 3D-мадэлі, дакументы пра кожны дамок у архівах… Але тое, што пабудавалі на Зыбіцкай, не мае дачынення да гісторыі: розная колькасць паверхаў, дамы не супадаюць ні па выглядзе, ні па месцы. А магло быць адноўленае прадмесце! Сёння турыстаў туды павядзеш толькі з адной інфармацыяй — што зараз гэтая вуліца папулярная, але ніяк не ў дачыненні да гісторыі Мінска.

Падумаўшы, экскурсавод называе самыя істотныя страты сярод аб’ектаў Мінска не ў апошнія гады, а ў цэлым.

— Адназначная страта — Няміга, якую знеслі ў 1970-я. Замчышча, якое проста расчысцілі і вывезлі пасля вайны. Мінску 952 гады, а стары горад на экскурсіях мы пачынаем паказваць з XVI стагоддзя на плошчы Свабоды. Магчымасць паказаць тое, што было раней, фактычна страчаная. Экскурсавод — такая прафесія, што трэба нешта паказаць, а мы часта распавядаем, наадварот, пра тое, што не захавалася.

— Што, на вашу думку, можна было б аднавіць, якія будынкі?

— Калі прапаноўваць нешта аднаўляць, то гэта Дамініканскі касцёл. Месца хапае, каб ён быў адноўлены каля Палаца рэспублікі. Ёсць 3D-мадэлі сабора, шмат фотаздымкаў — ідэя лётае ў паветры.

На думку Паўла Каралёва, цікавым для еўрапейскіх турыстаў можа быць індустрыяльны Мінск. Адзін з яго кавалкаў — пасёлак Трактарнага завода.

— Гэта якраз той раён, куды можна было б прывесці замежнікаў, паказаць — паглядзець. У Кракаве сёння падобны раён, Новая Гута, становіцца турыстычна запатрабаваным.

— Можа, трэба нешта зрабіць гарадскім уладам, каб экскурсіі па Мінску сталі цікавейшымі, больш зручнымі?

— Ёсць такая праблема: адсутнасць парковак у цэнтры, — распавядае экскурсавод. — Каля плошчы Свабоды аўтамабілю можна стаяць толькі пяць хвілін, але ніхто ў гэты тэрмін не ўкладаецца, бо там значна больш трэба аглядаць. Няма паркоўкі каля чыгуначнага вакзала — турыстычны аўтобус не можа там спыніцца.

На развітанне Павел Каралёў пакідае добрую ідэю для мінчан, якія хочуць для сябе адкрыць незвычайны горад.

— У нас ёсць такая экскурсія — рамантыка мінскіх дворыкаў, падчас яе мы заходзім у цікавыя закуткі. Тэма вельмі цікавая, бо ніхто не ўспрымае Мінск як горад дворыкаў, а яны ёсць!

-20%
-20%
-50%
-20%
-25%
-30%