Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Сёньня апошні дзень працы так званай "Ленінкі" — традыцыйнага месца працы тысяч студэнтаў, навукоўцаў, архівістаў, літаратараў ды проста наведнікаў. За тры месяцы фонд Нацыянальнай бібліятэкі, разьмешчанай на вуліцы Чырвонаармейскай у Менску, мусіць пераехаць у новы будынак у мікрараёне Ўсход.

Істотныя перабоі ў працы бібліятэкі наведнікі адчулі яшчэ летась у лістападзе. Замовіць некаторыя матэрыялы стала складана, што супрацоўнікі тлумачылі кансэрвацыяй фондаў і актыўнай падрыхтоўкай да пераезду.

Сёньня ў адміністрацыі Нацыянальнай бібліятэкі афіцыйна пацьвердзілі, што з наступнага тыдня ўстанова працаваць ужо ня будзе: "Апошні дзень практычна. Бо ў суботу і нядзелю мы не працуем. Фармальна яшчэ застаецца панядзелак, але ня думаю, што будзем абслугоўваць наведнікаў. А 10 студзеня зачыняемся афіцыйна".

Будынак Дзяржаўнай бібліятэкі БССР быў пабудаваны ў 1932 годзе (тады ж ёй было прысвоена імя Леніна). Падчас другой усясьветнай вайны бібліятэка моцна пацярпела: будынак быў амаль разбураны, а асноўная частка фондаў была зьнішчаная ці вывезеная. У паваенныя гады 600 тысяч выданьняў вярнулі ў Менск зь Нямеччыны, Чэхіі, Славаччыны, Польшчы. Цяпер бібліятэчны фонд складае 8 мільёнаў асобнікаў агульнай вагой 2,5 тысячы тон.

Чакаецца, што неўзабаве ў былым будынку бібліятэкі на вуліцы Чырвонаармейскай, які знаходзіцца ў падпарадкаваньні Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта, будзе зроблены капітальны рамонт. Пасьля гэтага, не выключаюць бібліятэкары, сюды пераедзе прэзыдэнцкая бібліятэка, якая цяпер месьціцца ў Доме ўраду.

У новым будынку Нацыянальнай бібліятэкі, які мусіць адчыніцца 1 траўня, будуць працаваць 22 чытальныя залі. Адначасна яны здольныя прыняць 2 тысячы наведнікаў. Кнігасховічша разьлічанае на захаваньне 14,5 мільёнаў асобнікаў кніг, у зьвязку з чым плянуецца штогоду набываць да 300 тысяч новых кніг. Штат супрацоўнікаў будзе даведзены да 1 тысячы чалавек.