Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Мiнiстэрства адукацыi Беларусi завяршыла гадавую работу па падрыхтоўцы Нацыянальнага дакладу "Становiшча дзяцей у Рэспублiцы Беларусь у 2004 годзе". Такiя дакументы ствараюцца ў краiне з 1999 года па iнiцыятыве ўласна Мiнадукацыi, але пры шырокай падтрымцы мiнiстэрстваў статыстыкi i аналiзу, аховы здароўя, спорту i турызму, працы i сацыяльнай абароны, культуры, iнфармацыi i iншых.

Паводле слоў начальнiка Упраўлення сацыяльнай i выхаваўчай работы Мiнiстэрства адукацыi Рэспублiкi Беларусь Георгiя БУТРЫМА, даклад адлюстроўвае асноўныя накiрункi i вынiкi дзяржаўнай сацыяльнай палiтыкi ў адносiнах да дзяцей, дзеяннi i меры, якiя забяспечваюць прыярытэт iнтарэсаў дзяцей у развiццi краiны. "З дапамогай Нацыянальнага дакладу аб становiшчы дзяцей у 2004 годзе мы прааналiзавалi статыстычныя звесткi, адсачылi тэндэнцыi i асаблiвасцi зробленага згодна з рэкамендацыямi мiжнародных дакументаў па становiшчы дзяцей Генеральнай Асамблеi ААН, Камiтэта па правах дзiцяцi, а таксама згодна з Нацыянальным планам дзеянняў па паляпшэнню становiшча дзяцей i абароне iх правоў у Рэспублiцы Беларусь на 2000-2003 гады, — адзначае Георгiй Аляксеевiч. — З 2004 года ўступiў у сiлу больш насычаны, маштабны план, разлiчаны на 2004-2010 гады. Згодна з iм, для краiны дзяцiнства плануецца ажыццявiць 135 важкiх мерапрыемстваў…".

Такiм чынам, на пачатак 2005 года ў Рэспублiцы Беларусь пражывала 9.800.073 чалавекi, з якiх дзецi ва ўзросце да 17 гадоў складалi 2.007.965. Гэта 20,5 працэнта ад агульнай колькасцi насельнiцтва. Калi гаварыць больш дакладна, то дзецi ва ўзросце да 6 гадоў складаюць каля 6,4 працэнта ад агульнай колькасцi, 7-15 гадоў — 10,7, 16-17 гадоў — 3,3 працэнта. Цiкава, што ва ўзроставай групе да 17-цi гадоў дзяўчаты складаюць 48,7 працэнта, а хлопцы — 51,3.

Абсалютная большасць дзяцей пражывае у гарадской мясцовасцi, i толькi 28 працэнтаў — у сельскай. Багатыя на дзяцей Мiнск, Брэсцкая i Гомельская вобласцi, бяднейшыя — Магiлёўская i Гродзенская.

У параўнаннi з пачаткам 2004 года колькасць дзяцей на пачатак 2005-га зменшылася на 85.727 чалавек, або на 4,1 працэнта. На пачатак 2004-га ў параўнаннi з 2003-м краiна "недабрала" 77.788 дзяцей, або 3,6 працэнта. Увогуле з 1990 па 2004 год агульнае знiжэнне колькасцi дзяцей склала амаль 785 тысяч чалавек. Тэндэнцыя агульнага скарачэння колькасцi дзяцей характэрная i для асобных узроставых катэгорый. Так, колькасць дзяцей ва ўзросце да 6 гадоў зменшылася на 500 чалавек, 7-15 гадоў — на 74.280, 16-17 — на 10.947.

Найбольшае знiжэнне колькасцi дзяцей у 2004 годзе, як i ў папярэднi год, адбылося ў Мiнскай, Гомельскай i Вiцебскай абласцях, найменшае — у Мiнску, Гродзенскай i Магiлёўскай абласцях.

У 2004 годзе нарадзiлася 89.943 дзiцяцi. Каэфiцыент нараджальнасцi павялiчыўся з 9,0 у 2003 годзе да 9,1 у 2004, прычым сярод гарадскога насельнiцтва ён застаўся на ўзроўнi 2003-га i склаў 9,2, а сярод сельскага павялiчыўся з 8,4 да 8,6.

Агульны каэфiцыент шлюбнасцi на 1000 чалавек склаў 6,1, а ў 2003-м быў 7,1. Агульны каэфiцыент скасавання шлюбаў на 1000 чалавек быў роўны тром, у 2003 — 3,2.

У 2004 годзе вырасла колькасць дзяцей, якiя нарадзiлiся ў жанчын па-за шлюбам — 21.252, або кожны чацвёрты ад агульнай колькасцi народжаных. У скасаваных шлюбах выхоўвалiся 21,7 тысячы дзяцей.

Па вынiках 2004 года 4626 дзяцей адабраны ў бацькоў, якiя пазбаўлены бацькоўскiх правоў, а гэта на 470 дзяцей больш, чым у папярэднiм годзе. Колькасць дзяцей, адабраных у бацькоў без пазбаўлення бацькоўскiх правоў склала 256 чалавек, што, зноў жа, больш, чым у 2003-м — на 68. Выяўлена 483 дзiцяцi, ад якiх бацькi адмовiлiся, што на 71 дзiця больш, чым у 2003-м.

Паводле даных выбарачнага абследавання дамашнiх гаспадарак у 2004 годзе, 1.486,2 тысячы беларускiх сем’яў выхоўвалi дзяцей. Каля 60 працэнтаў сем’яў — адно дзiця, 34 працэнты — двух i 5,4 — трох i болей.

Грашовы даход у месяц склаў у сем’ях з адным дзiцем каля 575 тысяч рублёў, з двума — каля 591 тысячы, з трыма i болей — каля 600 тысяч. Характэрна, што грашовы даход у месяц у сем’ях з адным дзiцем у гарадской мясцовасцi склаў каля 605 тысяч рублёў, а ў сельскай — 470 тысяч.

Ужыванне асноўных прадуктаў харчавання ў сем’ях з адным дзiцем на 1 чалавека ў год размеркавалася наступным чынам: хлебныя прадукты — 91 кг, малако i малочныя прадукты — 245 кг, мяса i мясапрадукты — 54 кг, рыба i рыбапрадукты — 14 кг, алей, маргарын i iншыя тлушчы — 9 кг, яйкi — 168 штук, бульба — 73 кг, агароднiна i бахчавыя — 74 кг, фрукты i ягады — 44 кг, цукар i кандытарскiя вырабы — 23 кг.

11,4 тысячы дзяцей ва ўзросце да двух гадоў былi забяспечаны бясплатным харчаваннем, 41,7 тысячы дзяцей дашкольнага ўзросту былi вызвалены ад 100-працэнтнай аплаты харчавання ў дашкольных установах i 18 тысяч — ад 50-працэнтнай аплаты. 74 працэнты няпоўных сем’яў i 17,5 працэнта мнагадзетных атрымалi адрасную дапамогу.

Святлана Барысенка