Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Кіраўнік фэрмэрскай гаспадаркі зь Дзяржынскага раёну стаў ахвярай расейскага крымінальнага бізнэсу. Беларус быў выкрадзены расейцамі й патаемна вывезены ў Падмаскоўе, дзе ад яго патрабавалі адмовіцца ад заключэньня выгоднай зьдзелкі.

З6-гадовы ачольнік фэрмэрскай гаспадаркі (прозьвішчы ўдзельнікаў гэтай крымінальнай гісторыі сьледзтва трымае пакуль у сакрэце) зь Дзяржынскага раёну, відавочна, меў неблагія грошы й - што самае галоўнае - сувязі дзесьці ўва ўладных структурах Беларусі. Інакш наўрад ці яму ўдалося б вынайсьці магчымасьць зьдзелкі па энэргазаліках з самым "Газпрамам".

Дакладней кажучы, ён набыў запазычанасьці некаторых беларускіх прадпрыемстваў за расейскі газ. Гэткага кшталту апэрацыі цяпер прыносяць у Беларусі агромністыя прыбыткі. Разьлічыўшыся за тое альбо іншае прадпрыемства, якое само па сабе ня мае грошай заплаціць за газ ці электраэнэргію, гэтакі багаты дабрадзей потым дыктуе свае ўмовы супрацоўніцтва запазычніку.

Зазвычай у прадпрыемства-запазычніка на ўсю пазыку набываецца ліквідная прадукцыя - прычым, па сабекошце. Потым гэтая прадукцыя за неблагі прыбытак рэалізуецца ў тую ж Расею. Да прыкладу, цяпер у Расеі беларускі трактар ці грузавік можна купіць таньней, чым у нашай краіне.

Таму не падаецца дзіўным, што ў Беларусі апошнім часам пачалося сапраўднае паляваньне на пазыкі шмат якіх дзяржаўных прадпрыемстваў. Але дзяржчыноўнікі, якія ачольваюць гэтую сфэру, таксама хочуць мець свой "кавалак прыбытку". Таму - натуральна - здабыць права на чужыя пазыкі могуць альбо набліжаныя да ўлады людзі, альбо здольныя даць найбольшы хабар.

Фірма "Торговый дом Санкт-Петербург" вырашыла далучыцца да гэтага бізнэсу звыклым для крымінальнай сталіцы Расеі чынам. Намесьнік дырэктара памянёнай прадпрымальніцкай структуры разам з хаўрусьнікамі прыехаў у Беларусь і выкраў кіраўніка фэрмэрскай гаспадаркі, які меў права на заключэньне зьдзелкі па энэргазаліках з "Газпрамам".

На аўтамабілі "BMW" беларускага грамадзяніна вывезьлі ў Падмаскоўе, дзе змушалі адмовіцца ад заключэньня зьдзелкі на карысьць расейскай фірмы. Беларуса трымалі на лецішчы пад аховай, але яму нейкім чынам удалося зьбегчы й паведаміць пра ўсё праваахоўным органам.

Адметна, што адзін з арганізатараў выкраданьня беларуса - намесьнік дырэктара закрытага акцыянэрнага таварыства "Торговый Дом Санкт-Петербург", відавочна, гэтак быў упэўнены ў сваёй беспакаранасьці, што неўзабаве прыехаў у Менск.

Тут яго й арыштавалі супрацоўнікі сталічнага ўпраўленьня Камітэту па арганізацыі злачыннасьці й карупцыі пры МУС Беларусі.



Ян Мікалаеў

Радыё Рацыя
,