Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Яны зьнізіліся на 2-3 даляры й складаюць цяпер прыкладна 79 даляраў. Між тым, Аляксандар Лукашэнка пакуль не адмаўляўся ад сваіх абяцаньняў павысіць сярэдні заробак рабочых і служачых да 100 даляраў. Але ці атрымае беларускі народ доўгачаканую "сотку"?

Налічаныя заробкі рабочых і служачых паніжаюцца сёлета ўжо другі раз. Упершыню гэта назіралася ў студзені. На сёньняшні дзень сярэдні заробак гэтай катэгорыі грамадзян складае 105 тысяч 774 рублі - прыкладна 79 даляраў. У мінулым месяцы заробак быў на 2-3 даляры вышэй. Усё гэта адбываецца на тле патрабаваньняў Аляксандра Лукашэнкі забясьпечыць да канца году заробак 100 даляраў.

Зразумела, гэта ёсьць падставаю сумневу ў здольнасьці кіраўніка краіны даць кожнаму рабочаму ды служачаму запаветную "сотку". Я зьвярнулася па камэнтар да эканамічнага экспэрту Міжнароднай фінансавай карпарацыі Леаніда Злотнікава. На ягоную думку, нязначнае зьніжэньне сярэдняга заробку ў бюджэтнай сфэры за канчатковы крах абяцаньняў Лукашэнкі разглядаць нельга. Але трэба зьвярнуць увагу на іншыя эканамічныя паказьнікі, пра якія ў афіцыйных справаздачах і прамовах перад простым людам спадар Лукашэнка й ягоныя падначаленыя кажуць няшмат.

Л.З.: - Вытворчасьць спажывецкіх тавараў не павялічылася, закупкі прадукцыі жывёлагадоўлі некалькі зьнізіліся адносна першага кварталу мінулага году. Імпарт тавараў таксама ўпаў на 14%. Так прапагандаваны рост заробкаў суправаджаецца памяншэньнем інвэстыцыяў у асноўны капітал. Гэта вельмі сумная зьява, якая азначае, што ў бліжэйшы час можа зьнізіцца ўзровень жыцьця. Я хацеў бы пажадаць беларусам смачна есьці. Няхай яны хоць перад выбарамі паядуць, бо, як сьведчаць адрозныя ад дзяржаўных статыстычныя паказьнікі, сытуацыя на спажывецкім рынку можа істотна пагоршыцца - нягледзячы на ўсе падвышэньні заробкаў.

Атрымліваецца: заробкі ў бюджэтнай сфэры падвышаюцца за кошт таго, што дзяржава менш сродкаў выдаткоўвае на вытворчасьць, менш грошай траціць на закупку неабходных тавараў ды сыравіны за мяжой, а таксама ашчаджае на абнаўленьні амаль дашчэнту зношанага абсталяваньня. Паводле словаў спадара Злотнікава, мы проста праядаем рэшткі сваіх рэсурсаў.

Л.З.: - Мы бачым, што вось гэты рост заробкаў ніяк не суадносіцца са станам эканомікі ў цэлым. Дзеля выбараў, дзеля таго, каб паказаць, што сёньня добра жывём, мы вельмі пагаршаем эканамічную сытуацыю ў краіне.

Праяданьне сродкаў здатнае прывесьці вытворчасьць да сапраўды цяжкіх наступстваў. Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў краіна раптоўна можа апынуцца ў становішчы чалавека, які хоча налавіць рыбы й паесьці, але мае вуду паламаную, а рыбацкую сетку парваную. Зрэшты, беларускае кіраўніцтва гэта, хутчэй за ўсё, ня надта хвалюе, і дзеіць яно з прынцыпу "пасьля нас - хоць патоп".

Юлія Шарова

Радыё Рацыя