Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


У суботу ўвечары беларускія памежнікі не пусьцілі ў Беларусь здымачную групу Польскага грамадзкага тэлебачаньня. Памежнікі не патлумачылі прычын адмовы, паведамляе Радыё Свабода.

Журналістка Польскага грамадзкага тэлебачаньня Агнешка Рамашэўска накіроўвалася ў Менск разам з апэратарам і кіроўцам, каб адкрыць там сталае бюро тэлебачаньня. Рамашэўска мела ўсе неабходныя дакумэнты — сапраўдную візу і акрэдытацыю МЗС Беларусі.

Аднак, нягледзячы на гэта, памежнікі зь пераходу Кузьніца — Брузгі пратрымалі пашпарты палякаў паўтары гадзіны, а потым заявілі, што Агнешка Рамашэўска ня можа ўехаць на тэрыторыю Беларусі, а два яе супрацоўнікі — могуць.Пасьля гэтага Рамашэўска накіравалася ў Варшаву, разам зь ёй адправіліся апэратар і кіроўца — яны вырашылі ня ехаць у Беларусь без журналісткі.

"Мне не патлумачылі прычын адмовы. Напачатку памежнік паставіў у пашпарт пячатку, якая дазваляе ўезд у Беларусь, аднак потым гэтую пячатку ануляваў, параіўшы зьвяртацца па тлумачэньні ў беларускае консульства ў Польшчы", — кажа Рамашэўска.

Паводле словаў спадарыні Рамашэўскай, яна мае намер абскардзіць рашэньне памежнікаў і будзе спрабаваць ізноў уехаць у Беларусь.

Варта нагадаць, што дзесяць дзён таму Польскае тэлебачаньне пачало рабіць беларускія субтытры для галоўнага выпуску вечаровых навінаў. Прадстаўнікі тэлебачаньня патлумачылі, што хочуць даць беларусам магчымасьць мець доступ да свабоднай і незалежнай інфармацыі.
,