/ Фото: Олег Киндар /

«У календары толькі дні, але ў беларускім календары ёсць і ноч — ноч расстраляных паэтаў», — сказаў гісторык і пісьменнік Уладзімір Арлоў учора вечарам ва ўрочышчы Курапаты. Нягледзячы на дождж і вецер, на ўскрайку Мінска сабраліся больш за сто чалавек — людзі чыталі і слухалі вершы беларускіх літаратараў, якіх расстралялі ў такую ж ноч — з 29 на 30 кастрычніка. 1937 года. TUT.BY спытаў беларусаў, чаму асабіста яны прыйшлі гэтым восеньскім вечарам на месца жалобы.

Фото: Олег Киндар, TUT.BY

Ноч памяці каля перахода

— Паненкі, хавайцеся ад дажджу ў пераход, — звяртаецца да дзяўчын адзін з арганізатараў жалобнага мерапрыемства ў Курапатах Зміцер Дашкевіч.

Але ўсе ў пераходзе ўжо даўно не змяшчаюцца — большасць стаіць пад адкрытым небам.

Ноч расстраляных паэтаў у гэтым годзе зладзілі менавіта тут, на пляцоўцы каля падземнага перахода пад МКАД, з боку ўрочышча Курапаты. На ўзгорку, дзе звычайна адбываюцца жалобныя мерапрыемствы, пакуль не збярэшся — улады рыхтуюцца ўсталяваць там помнік. Добра, што ёсць хаця б такі дах — арганізатары здолелi прыхаваць ад дажджу калонкі, таму гук добры.

Фото: Олег Киндар, TUT.BY

Жалобныя чытанні ў Курапатах прысвечаны падзеям 1937 года — тады, у ноч з 29 на 30 кастрычніка, у сутарэннях мінскай унутранай турмы НКУС расстралялі больш за 100 прадстаўнікоў інтэлектуальнай эліты БССР — літаратараў, дзяржаўных дзеячаў і навукоўцаў. Вось толькі некаторыя імёны забітых літаратараў: Алесь Дудар, Валеры Маракоў, Міхась Чарот, Ізі Харык, Платон Галавач, Міхась Зарэцкі, Янка Нёманскі, Юлі Таўбін, Анатоль Вольны, Хацкель Дунец, Васіль Каваль, Тодар Кляшторны, Майсей Кульбак, Юрка Лявонны.

Фото: Олег Киндар, TUT.BY

Беларускія культурныя дзеячы 29 кастрычніка 2018 года пачалі чытаць творы расстраляных паэтаў і пісьменнікаў а восьмай гадзіне вечара, а скончылі праз некалькі гадзін.

Алег Трусаў, ганаровы старшыня «Таварыства беларускай мовы», трымае ў руках кніжку з вершамі рэпрэсаванага паэта Юлія Таўбіна — іх будзе сёння чытаць. Трусаў прыгадвае, што ў 1990-х — пачатку 2000-х вадзіў у Курапаты «натоўпы людзей».

Фото: Олег Киндар, TUT.BY
Ганаровы старшыня «Таварыства беларускай мовы» Алег Трусаў

— Я самы курапацкі дэпутат з усіх дэпутатаў Вярхоўнага Савета XII склікання, бо мая акруга — вуліца Мірашнічэнкі. А вадзілі мы людзей у Курапаты ад Чырвонага касцёла. Пакуль я быў малады і здаровы, то быў наперадзе.

— І што казалі людзі з тых натоўпаў, чаму хадзілі сюды?

— Што ходзяць, каб людзі не забылі іх продкаў — забітых, пахаваных тут.

У сям'і Алега Трусава ёсць свой рэпрэсаваны.

— Гэта быў камуніст, матрос, другі муж маёй бабулі, які ствараў калгас разам з ёй. Яго, беларуса, паставілі начальнікам на Далёкім Усходзе, недзе пад Хабараўскам. Потым яго за добрую службу там і расстралялі. Яму было каля трыццаці год, — распавядае асабістую гісторыю ганаровы кіраўнік ТБМ.

Фото: Олег Киндар, TUT.BY
Літаратуразнаўца і палітолаг Аляксандр Фядута. У яго таксама ёсць рэпрэсаваныя продкі

Мінчукі: «Узялі з сабой сына, каб ведаў гісторыю»

Зміцер Дашкевіч зачытвае з ліста імёны беларускіх літаратараў, якіх рэпрэсавалі ў сталінскія часы. Забівалі не толькі ў 1937-м, таму даты смерці розныя — хтосьці быў закатаваны яшчэ ў 1920-я, хтосьці — у 1940-я. Пасля кожнага імя арганізатары б’юць у звон, які знаходзіцца тут жа.

Сярод удзельнікаў памятнага вечара ёсць дзеці. Юрый і Таццяна прывялі на Курапаты сына Міраслава. Хлопчык пытаецца, што адбылося з людзьмі, пра якіх усе гавораць. Бацькі тлумачаць.

Фото: Олег Киндар, TUT.BY
Жыхары Мінска Юрый, Таццяна і Міраслаў

— Узялі з сабой, каб ведаў гісторыю, ведаў, што было, — распавядаюць яны журналісту TUT.BY. Сярод продкаў гэтай сям'і рэпрэсаваных не было.

— Ёсць — няма… Калі людзей забіваюць і кідаюць у ямы як смецце — кранае вельмі моцна гэта. Расстрэлы, забойствы — гэта недапушчальная падзея. Такое ні забываць, ні дараваць нельга, — тлумачыць Юрый.

Фото: Олег Киндар, TUT.BY

Філолаг у адстаўцы — так называе сябе яшчэ адзін прысутны Сяргей Скурат. Зараз мужчына літаратурай не займаецца, а калісьці яе выкладаў у Ліцэі пры БДУ. У Курапатах бывае не менш чым раз на год. У мінулым годзе ўдзельнічаў у варце супраць будаўніцтва бізнэс-цэнтра.

— Збольшага я ведаю творчасць забітых людзей. Ведаю, як скончыўся іх лёс і лёс нашага нармальнага літаратурнага культурнага працэса. Для мяне прыйсці сюды на Дзяды — гэта павага да іх. Трэба прыходзіць сюды і таму, што не адбылося сапраўднага пакаяння перад гэтымі людзьмі, дык хаця б такім чынам мы адплачваем свой доўг, — распавядае Сяргей Скурат.

Фото: Олег Киндар, TUT.BY
Мінчук Сяргей Скурат

Культуролаг Юлія Чарняўская стаіць пад дажджом з непакрытай галавой, але супакойвае, што не змерзла. Яна толькі што прачытала вершы ахвяраў сталінскіх рэпрэсій Уладзіміра Жылкі і Мойшы Кульбака. Культуролаг распавядае, што яе ў Курапаты прывяло балючае пытанне.

— У маёй сям'і шмат хто загінуў на вайне, але ўсе пазбеглі рэпрэсіяў. Але ў мяне ёсць балючая кропка ў жыцці. Яшчэ ў маім савецкім дзяцінстве і юнацтве я не разумела, чаму тое, што адбывалася, старанна скрываюць. Чаму літаратура гэтая забароненая? Бо ж, здаецца, быў даклад Хрушчова (пра культ асобы Сталіна. — Заўв. TUT.BY), усё было. Чаму Сталін ізноў з’явіўся ў кіно — і ён такі мудры, такі прыгожы? І калі пачалася перабудова, было такое адчуванне: нарэшце, нарэшце сказалі! А цяпер я бачу, што разгортваюць сцяг з партрэтам Сталіна на прыступках філармоніі, і мне ад гэтага не па сабе. Я не хачу, каб гэтых ахвяраў забылі — таму я сюды прыйшла.

Фото: Олег Киндар, TUT.BY
Культуролаг Юлія Чарняўская

Праўнук рэпрэсаванага: «Хачу ведаць, дзе пахаваны прадзед»

Людзі слухаюць вершы і трымаюць свечкі. Сярод іх Зміцер Завадскі, прадпрымальнік з Мінска. Ён распавядае, што недзе, можа нават у Курапатах, пахаваны яго прадзед.

— Я адчуваю моцную лучнасць з людзьмі, якія тут. Мне вельмі блізкая беларуская культура, і моцны ўдар, які быў зроблены нашай інтэлігенцыі ў тую ноч, — усё вельмі балюча ўелася ў сэрца.

Прадзеда звалі Ціхан Сызнавец. Па звестках спецслужбаў, ён быў рэпрэсаваны і быццам бы памёр у ссылцы. Але ці праўда гэта — сям’я рэпрэсаванага не ведае.

Фото: Олег Киндар, TUT.BY

Зміцер Завадскі распавядае, што асабіста ў апошнія гады не рабіў запытаў у КДБ наконт лёсу продка.

— Апошні раз наша сям’я рабіла такі запыт напачатку 1990-х, але тады нам сказалі толькі імёны людзей, па віне якіх прадзеда арыштавалі. Але ж гэтая інфармацыя для нас не вельмі важная, бо мы не жадаем помсты. Разам з тым мы хацелі б ведаць усе абставіны яго смерці і хацелі б, каб усе гэтыя рэпрэсіі былі асуджаны, у тым ліку нашай дзяржавай.

Фото: Олег Киндар, TUT.BY

Артыстка Наста Шпакоўская спела ў Курапатах некалькі песень, у тым ліку на вершы рэпрэсаваных пісьменнікаў. На пытанне, як яно пяецца — у холадзе, Наста ўсміхаецца.

— Добра. Адзеліся і пайшлі. Мы ўжо выступалі ў мінулым годзе на курапацскай варце і тады было халадней.

Педагог, пісьменніца і блогер Ганна Севярынец распавядае, што літаратараў, якія, магчыма, ляжаць у Курапатах, лічыць роднымі людзьмі. Яна чытае ў Ноч расстраляных паэтаў творы Міхася Чарота, Алеся Дудара, Уладзіміра Дубоўкі.

Фото: Олег Киндар, TUT.BY
Педагог, пісьменніца і блогер Ганна Севярынец

— Яны адкрываюць для мяне Беларусь, літаратуру. Як я хаджу на магілы да сваёй бабулі — так прыйшла сёння да іх. Рэпрэсаваныя былі і ў маёй сям'і. Прабабулю з трыма дзецьмі, сярод якіх была і мая бабуля, вывезлі ў Сібір як жонку ворага народа. Гэта было ў 1941 годзе, калі высялялі з заходніх зямель так званых палякаў. Толькі праз дзесяць год яна атрымала магчымасць вярнуцца.

Напрыканцы размовы да Севярынец падыходзіць сябра з сацсеткі:

— Ну нарэшце развіртуалізаваліся, Ганна! Прыемна пабачыцца!

Уладзімір Арлоў: «Людзей стала больш»

Пісьменнік і гісторык Уладзімір Арлоў стаіць пад парасонам. Удзень 29 кастрычніка ён паспеў пабываць на Заходніх могілках — там усталявалі помнік Леаніду Маракову, вядомаму даследчыку рэпрэсій, які нядаўна памёр. Грошы збірала ўдзячная грамадскасць.

Фото: Олег Киндар, TUT.BY
Пісьменнік і гісторык Уладзімір Арлоў

— Ён адзін працаваў як інстытут памяці, вярнуў больш за 20 тысяч імёнаў нашай гісторыі. А натхніў Леаніда на гэты подзвіг яго дзядзька, Валер Маракоў, якога расстралялі гэтай ноччу, 29 кастрычніка, у 1937 годзе. Я прачытаў сёння верш Валерыя Маракова — «Заяц», у якім бачна, што чалавек прадчуваў сваю смерць, — распавядае пісьменнік.

Уладзімір Арлоў — адзін з тых, хто выступаў у Курапатах на самых першых агульнанацыянальных Дзядах — 29 кастрычніка 1988 года. Ён прыгадвае жорсткі разгон, які адбыўся тады на ўскрайку сталіцы.

— Дзясяткі тысяч людзей сабраліся з Мінска, прыехалі з розных куткоў Беларусі, але нас сустрэлі аўтазакі, дубінкі, слезатачывы газ. Некалькім тысячам удалося вырвацца адтуль, з атачэння, і мы рушылі ў бок Курапатаў і правялі свой мітынг у полі. Тады, 29 кастрычніка 1988 года, пачыналася нашая найноўшая гісторыя, — распавядае Уладзімір Арлоў. — Тады ўпершыню ў Курапатах быў узняты бел-чырвона-белы сцяг, які стаў выклікам для войскаў. Пачулася каманда: «Рассякай!», і нас пачалі малаціць. Але мы вярталіся іншымі з таго мітынгу. Журналісты тады часта пісалі словы, што ў Курапаты ішло насельніцтва, а вяртаўся — народ. Гэта, канешне, была мастацкая гіпербала, перабольшванне, бо яшчэ дагэтуль мы не прайшлі свайго шляху да народа.

Уладзімір Арлоў чытаў вершы ў Курапатах і ў 2017-м. Ён аглядае людзей, якія прыйшлі ў гэтым годзе.

— Людзей стала больш.

Фото: Олег Киндар, TUT.BY

{banner_819}{banner_825}
-25%
-5%
-20%
-12%
-50%
-20%
-30%
-50%
-30%