Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Для кагосьцi можа паказацца крыху дзiўным аналiзаваць вынiкi прайшоўшай прыёмнай кампанii, калi ўжо падрыхтаваны праект Правiлаў прыёму ў ВНУ на 2006 i наступныя гады, тым не менш для таго, каб атрымаць максiмальна поўную карцiну, як праходзiў сёлета конкурсны адбор i каму пашчасцiла стаць першакурснiкам, iнфармацыйна-аналiтычнаму цэнтру Мiнiстэрства адукацыi спатрэбiўся пэўны час. Невыпадкова многiя з агучаных на калегii ў Мiнiстэрстве адукацыi лiчбаў яе члены пачулi ўпершыню. Асаблiва гэта тычыцца вынiкаў прыёмнай кампанii, што прайшла ў сярэднiх спецыяльных i прафесiйна-тэхнiчных навучальных установах.

Паводле слоў начальнiка Упраўлення вышэйшай i сярэдняй спецыяльнай адукацыi Юрыя Мiксюка, у 2005 годзе конкурс у сярэднiя спецыяльныя навучальныя ўстановы Беларусi склаў 2,8 чалавека на адно бюджэтнае месца. У 52 ССНУ па 35 спецыяльнасцях конкурс перавысiў пяць чалавек на месца. Самая вялiкая колькасць прэтэндэнтаў была зарэгiстравана на спецыяльнасцi «правазнаўства» ў Юрыдычным каледжы БДУ — 19,7 чалавек на месца. У педагагiчным каледжы МГЛУ на «замежных мовах» за адно месца змагалiся 15,6 чалавека, у Мiнскiм дзяржаўным тэхналагiчным каледжы на спецыяльнасцi «цырульнiцкае майстэрства i дэкаратыўная касметыка» — 15,2 чалавека, у Мiнскiм мастацкiм вучылiшчы на спецыяльнасцi «дызайн» — 13,4, у Мiнскiм дзяржаўным архiтэктурна-будаўнiчым каледжы на спецыяльнасцi «архiтэктура» — 13 чалавек, у Мiнскiм дзяржаўным вышэйшым радыётэхнiчным коледжы на «праграмным забеспячэннi iнфармацыйных тэхналогiй» — 11,8 чалавека.

Але калi гэтыя спецыяльнасцi заўсёды карысталiся ў моладзi попытам, то прыемнай нечаканасцю стаў конкурс у 13,9 чалавека на спецыяльнасцi «ветэрынарная медыцына» ў Аграрным каледжы Вiцебскай дзяржаўнай акадэмii ветэрынарнай медыцыны. Яшчэ больш высокi конкурс (14,2 чалавека на месца) быў зарэгiстраваны сёлета на «сястрынскай справе» ў Аршанскiм дзяржаўным медыцынскiм вучылiшчы.

Сярэднi конкурс у тэхнiкумы i коледжы Мiнiстэрства адукацыi склаў 3,1 чалавека, педагагiчныя каледжы i вучылішчы — 3,3, у сярэднiя спецыяльныя навучальныя ўстановы культуры — 2,1, аховы здароўя — 3,6, Мiнсельгасхарча — 2,3, Беларускай чыгункi — 3,5, Беллегпрама — 2,3. Па 46 спецыяльнасцях, дзе конкурс у папярэднi год не перавышаў 1,5 чалавека на месца, залiчэнне ажыццяўлялася па сярэдняму балу дакумента аб адукацыi, што дазволiла павысiць конкурс у 21 установе адукацыi. Праўда, у мiнiстэрстве вымушаны канстатаваць, што па-ранейшаму не ўдасца павысiць конкурсы на спецыяльнасцi сельскагаспадарчага профiлю i спецыяльнасцi культуры.

Аналагiчная сiтуацыя назiраецца i ў навучальных установах прафесiйна-тэхнiчнай адукацыi, дзе сёлета таксама ўзнiкалi праблемы з камплектацыяй на спецыяльнасцях сельскагаспадарчага накiрунку. Затое на пiку папулярнасцi знаходзiлася ў моладзi сфера абслугоўвання: прафесii повара, цырульнiка, вадзiцеля аўтамабiля, аператара сувязi… Усяго прафесiйна-тэхнiчныя ўстановы ажыццяўлялi прыём на 261 прафесiю. З улiкам патрэб рэгiянальных рынкаў працы было вырашана спынiць прыём па 91 прафесii i распачаць падрыхтоўку кадраў па 152 новых прафесiях.

Але вернемся да прыёмнай кампанii ў вышэйшых навучальных установах. Са станоўчых тэндэнцый у Мiнiстэрстве адукацыi адзначаюць паступовае павелiчэнне сярод беларускага студэнцтва выпускнiкоў сельскiх навучальных устаноў: сёлета на дзённую форму навучання былi залiчаны 6002 сельскiя абiтурыенты (у 2004 г — 5537), з iх 4160 чалавек — на бюджэтныя месцы. Такiм чынам сельская моладзь склала 14 працэнтаў ад агульнай колькасцi залiчаных на дзённую форму навучання (у 2004 годзе — 13 працэнтаў).

Другая станоўчая тэндэнцыя — змяншэнне колькасцi незадаволеных сваiмi адзнакамi абiтурыентаў. Усяго ў ВНУ было пададзена 40 апеляцый, а задаволена з iх толькi 13. Летась пакрыўджаных было значна больш — 292 апеляцыi, у тым лiку 63 задаволеных. У Мiнiстэрстве адукацыi не сумняваюцца, што на змяншэнне колькасцi апеляцый паўплывала правядзенне ўступных iспытаў у гэтым годзе пераважана ў тэставай форме — звыш 86 працэнтаў абiтурыентаў, якiя ўдзельнiчалi ў вузаўскiх выпрабаваннях, здавалi iх у выглядзе тэстаў. Да таго ж абiтурыенты мелi магчымасць прадставiць у прыёмную камiсiю ўсе тры сертыфiкаты цэнтралiзаванага тэсцiравання, што многiя i зрабiлi.

Пры паступленнi на дзённую форму навучання тры сертыфiкаты ЦТ прад’явiлi 25.010 абiтурыентаў (36 працэнтаў ад агульнай колькасцi), а залiчаныя былi па вынiках цэнтралiзаванага тэсцiравання 18.468 чалавек або 74 працэнты ад агульнай колькасцi маладых людзей, што прад’явiлi ў прыёмную камiсiю свае сертыфiкаты.

На завочную форму ў прыёмныя камiсii дзяржаўных ВНУ заявiлi тры сертыфiкаты ЦТ 4441 абiтурыент (11 працэнтаў), з iх залiчаны былi 3844 чалавекi, або 87 працэнтаў ад агульнай колькасцi.

Як зазначыў дырэктар Рэспублiканскага iнстытута кантролю ведаў Мiкалай Фяськоў, сёлета сярод удзельнiкаў тэсцiравання было заўважана шмат настаўнiкаў, рэпетытараў i нават выкладчыкаў ВНУ, у якiх былi свае матывы, каб узяць удзел у тэставых выпрабаваннях. Настаўнiкi правяралi самi сябе, рэпетытары iмкнулiся атрымаць карысную iнфармацыю для будучай працы з абiтурыентамi, а выкладчыкi ВНУ спрабавалi пераканацца ў недасканаласцi тэстаў. Як высветлiлася, дарэмна, бо ўсе iх аргументы былi разбiты ў пух i пер’е…

Дарэчы, як удалося пераканацца на практыцы, залiчэнне па вынiках цэнтралiзаванага тэсцiравання мае не толькi станоўчы, але i негатыўны бок. Там, дзе адбывалася залiчэнне на падставе трох сертыфiкатаў, абiтурыенты мелi магчымасць самастойна ацанiць свае шанцы на паступленне: уся iнфармацыя аб колькасцi балаў у заяўленых у прыёмную камiсiю сертыфiкатах была прадстаўлена на iнфармацыйным табло, прычым яна пастаянна абнаўлялася. Таму залiчэнне прайшло на гэтыя спецыяльнасцi абсалютна празрыста i не выклiкала нiякiх пытанняў нi ў абiтурыентаў, што не прайшлi па конкурсу, нi ў iх бацькоў. Не ўзнiкала там i праблема з паўпрахадным балам. Гэта, безумоўна, можна лiчыць дасягненнем. Разам з тым некаторыя з кiраўнiкоў ВНУ прызналiся, што цяпер у прыёмных камiсiй узнiкла ўжо крыху iншая праблема, якую можна назваць праблемай апошняга дня, калi абiтурыенты лiтаральна да апошняга моманту падачы дакументаў бегаюць памiж вышэйшымi навучальнымi ўстановамi, спрабуючы пралiчыць свае шанцы. Рэктар Беларускага дзяржаўнага медыцынскага унiверсiтэта Павел Беспальчук прызнаўся, што абiтурыенты патрабавалi абнаўляць iнфармацыю ўжо нават не напрыканцы кожнага дня, а лiтаральна кожныя 15 хвiлiн. Добра яшчэ, калi абiтурыенты вагаюцца памiж роднаснымi спецыяльнасцямi. Але свядомы прафесiйны выбар робяць далёка не ўсе, вось менавiта гэта катэгорыя абiтурыентаў i засмучае прадстаўнiкоў вышэйшай школы.

Звярнулi ўвагу кiраўнiкi ВНУ таксама i на адсутнасць дакладна акрэсленых тэрмiнаў дзеяння дакументаў, што пацвярджаюць права на льготу пры паступленнi, а таксама стаж работы абiтурыента па спецыяльнасцi. Для прыкладу, прыёмная кампанiя ў ВНУ праходзiць у лiпенi, а вучоба пачынаецца толькi праз месяц-паўтара. I нярэдка здараецца так, што да гэтага моманту абiтурыент пазбаўляецца групы iнвалiднасцi, i, адпаведна, права на льготу. Мiж iншым, гэта толькi адзiн прыклад з мноства спрэчных сiтуацый, з якiмi сутыкаюцца штогод члены прыёмных камiсiй.

Як адзначыў мiнiстр адукацыi Аляксандр Радзькоў, апублiкаваны ў сродках масавай iнфармацыi Праект правiлаў прыёму ў ВНУ на 2006 i наступныя гады, выклiкаў шырокi рэзананс у грамадстве. Па вынiках абмеркавання праекта ў мiнiстэрства паступiла больш за 150 пiсьмовых прапаноў ад навучальных устаноў i звыш за 160 тэлефонных званкоў. Шырокая дыскусiя была арганiзаваная i на старонках газет. У новых правiлах максiмальна былi ўлiчаны ўсе пажаданнi рэктарскага корпуса i лiквiдаваныя так званыя «слабыя месцы». У прыватнасцi, былi скарочаны тэрмiны прыёмнай кампанii. У вышэйшых навучальных установах прыёмная кампанiя будзе завяршацца цяпер да 5 жнiўня, а ў сярэднiх спецыяльных навучальных установах — да 15 жнiўня. Захаваюцца i два патокi ВНУ. У першы паток уключаны ВНУ мiнiстэрстваў абароны, унутраных спраў, культуры, Мiнiстэрства па надзвычайных сiтуацыях i вядучыя ў сваiх напрамках вышэйшыя навучальныя ўстановы: БДУ, БНТУ i БДЭУ.

Бюджэтнае цэнтралiзаванае тэсцiраванне абiтурыенты змогуць здаваць па трох вучэбных дысцыплiнах. Пашырыцца i пералiк вучэбных дысцыплiн на цэнтралiзаваным тэсцiраваннi: да iх далучыцца геаграфiя, «Чалавек. Грамадства. Дзяржава» i сусветная гiсторыя навейшага часу. У форме цэнтралiзаванага тэсцiравання будуць праходзiць цяпер уступныя выпрабаваннi не толькi на дзённую, але i на завочную i вячэрнюю форму навучання. А абiтурыенты, якiм дзяржава гарантуе сацыяльную падтрымку пры паступленнi, абавязаны будуць паклапацiцца пра свае атэстаты: па прадметах уступных выпрабаванняў адзнакi ў iх павiнны быць не нiжэй за 6 балаў.

Надзея НIКАЛАЕВА
,