Главное
Минск
Эксклюзив
Деньги и власть
В мире
Кругозор
Происшествия
Финансы
Недвижимость
Спорт
Авто
Леди
42
Ваш дом
Афиша
Ребёнок.BY
Про бизнес.
TAM.BY
Новости компаний

Программы и проекты TUT.BY

Общество


"Улада стварае ілюзію падтрымкі, у якую ёй самой вельмі хочацца паверыць", - заявіў Рацыі сакратар Партыі камуністаў Беларускай Сяргей Калякін. "Тое ж тычыцца й эканамічных абяцаньняў, якія будуць агучвацца на сходзе", - лічыць незалежны аналітык Валеры Дашкевіч.

Маштабнасьць падзеі, якую ладзіць Аляксандар Лукашэнка, не пакінула абыякавай Аб'яднаную Грамадзянскую партыю, якая зьвярнулася да кіраўніка дзяржавы зь лістом, у якім прапанавала ўлучыць у склад дэлегатаў зьезду прадстаўніка сваёй партыі. "Марна. Адказу з Адміністрацыі партыя не дачакалася дагэтуль", - заявіў Радыё Рацыя намесьнік старшыні АГП Аляксандар Дабравольскі.

А.Д.: - Мы й не разьлічвалі, што нам дадуць выступіць на гэтым сходзе. Мы наагул лічым, што гэты сход - толькі прапагандысцкае мерапрыемства, якое будзе выкарыстанае для дэманстрацыі любові да Лукашэнкі. Мы проста хацелі яшчэ раз засьведчыць, што ўлада не цікавіцца ні думкай палітычных партыяў, грамадзкіх арганізацыяў. Улада сама прызначыла сабе народ. І вось гэты фарс

RR: - Сп. Дабравольскі, назіральнікі мяркуюць, што на гэтым сходзе дэлегаты зьвернуцца да Аляксандра Лукашэнкі з просьбай вылучыць сваю кандыдатуру на другі прэзыдэнцкі тэрмін. Наколькі магчымы такі сцэнар?

А.Д.: - Гэта можа быць. Але гэтая ініцыятыва наўрад ці будзе агучаная самім Лукашэнкам. Лукашэнка чакае, што яго пачнуць упрошваць ды угаворваць.

У лік тых, хто не атрымаў мандата дэлегата Ўсебеларускага сходу, трапілі ня толькі ідэалягічна далёкія ўладам дэмакраты. "Камуністам кіраўнік дзяржавы таксама не давярае", - заявіў лідэр Партыі камуністаў Беларускай Сяргей Калякін.

С.К.: - Гэта паказьнік невысокай палітычнай культуры й неразумны ход з боку Лукашэнкі. Людзей фільтравалі. Не запрасілі ня толькі нас, але й прафсаюзы. Гэта дэманструе, што ўлады нават у мінімальнай ступені баяцца дапусьціць людзей, якія думаюць па-іншаму. Гэта сьведчыць, што ўлады баяцца й пачуваюцца вельмі няўпэўнена. Уладамі кіруе страх і ніякага сэнсу і гэтых дзеяньнях няма.

Сяргей Калякін лічыць, што трыбуна сходу будзе выкарыстаная для новых перадвыбарчых абяцаньняў Аляксандра Лукашэнкі, зафікасаваных у праграме сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця на наступную пяцігодку. Адным з галоўных, як ужо абвесьціў кіраўнік адміністрацыі Міхаіл Мясьніковіч, стане абяцаньне ўзьняць за пяць гадоў заробак на ўзровень 250 даляраў. Незалежных эканамістаў, якія могуць гэтаму запярэчыць, на сход не запрашаюць. Гаворыць кандыдат эканамічных навукаў, незалежны аналітык Валеры Дашкевіч.

В.Д.: - Ніхто не перашкаджаў ураду дасягнуць заробку ў 250 даляраў і ў апошнюю пяцігодку. Тая праграма, якую прапануе ўрад, мала чым адрозьніваецца ад той, што была апошнія пяць гадоў. Я прачытаў праграму й не знайшоў адказу на пытаньне, за кошт чаго можна дасягнуць такога добрага узроўню жыцьця. Гэта папулісцкія абяцаньні, якія амаль не судакранаюцца з рэальнасьцю. Я прагназую, што нас чакае ўзмацненьне дырэктыўнага мэтаду кіраваньня эканомікай.

Не запрасілі на зьезд ня толькі палітыкаў і эканамістаў, а нават эколягаў. Міхаіл Фрыдлянд, кіраўнік экалягічнай партыі, заявіў Рацыі, што адсутнасьць на сходзе эколягаў павінна, відаць, сьведчыць, што праблемаў з экалёгіяй у Беларусі няма.

Грамадзяне, чый голас улады чуць не пажадалі, маюць усе шанцы падзяліцца сваімі думкамі ў міліцэйскім пастарунку: на пятніцу апазыцыя заплянавала шэраг несанкцыяваных акцыяў ля месца, дзе будзе праводзіцца Ўсебеларускі сход.



Юрась Карманаў

Радыё Рацыя