Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Лідэр расейскага "Яблока" Грыгоры Яўлінскі не выключае, што Крэмль пажадае замяніць Лукашэнку на восенькіх выбарах у Беларусі - з тым, каб паставіць больш паслухмянага й менш уплывовага палітыка. Лідэр расейскай партыі раіць беларускім кандыдатам, якія шукаюць падтрымкі ў Маскве, больш разьлічваць на свае сілы.

RR: - Ці можа Аляксандар Лукашэнка разьлічваць на падтрымку Крамля ў часе прэзыдэнцкіх выбараў?

Г.Я.: - Ня ведаю. Цалкам магчыма, што падбяруць каго-небудзь іншага. Я мяркую, што Пуцін можа пажадаць каго-небудзь іншага. Думаю, што спробы замяніць Лукашэнку цалкам верагодныя. І такое можа здарыцца.

RR: - Якія ў Крамля будуць крытэры адбору?

Г.Я.: - Паслухмянасьць, ляяльнасьць. Можа быць, меншая ўплывовасьць.

RR: - Вы мяркуеце, што Лукашэнка недастаткова паслухмяны ?

Г.Я.: - Ён вельмі ўплывовы, і можа раптам пажадаць быць самастойным. А гэта нікога ў Крамлі не здавальняе. Ну, раптам. Гэта, натуральна, не азначае, што ён стане дэмакратам, альбо лібэралам. Не. Але цалкам верагодна, што пасьля выбараў ён пажадае стаць самастойным. Бо ён сапраўды мае аўтарытэт, ён сапраўды мае ў Беларусі падтрымку. Мяркую, што ў яго падтрымка большая, чым усіх астатніх. У тым ліку, тых кандыдатаў, якія шукаюць падтрымкі ў Маскве.

RR: - Ці ёсьць у тых кандыдатаў, якія аб'ядналіся ў пяцёрку, магчымасьць займець падтрымку "Яблока"?

Г.Я.: - Так. Магчыма, што мы падтрымаем кагосьці з гэтых кандыдатаў. Калі яны сапраўды будуць дэмакратычна арыентаваныя. Мы вывучаем гэтае пытаньне. Сустрэчы, якія адбываліся ў Маскве, і былі прысьвечаны гэтай праблематыцы. Аднак пакуль мы нікому не сказалі "Так". Мы вывучаем і праграмы, і пазыцыі, і палітычныя біяграфіі гэтых людзей.

RR: - Беларускія кандыдаты пакуль шукаюць падтрымку ў правых сілаў расейскага палітычнага спэктру. Якія ў расейскіх правых ёсьць рычагі ўплыву (калі яны ўвогуле ёсьць) на мэханізм прыняцьця рашэньня ў Крамлі?

Г.Я.: - Вы ведаеце, што Саюз Правых Сілаў (СПС) - вельмі блізкая да Крамля партыя. Яны маюць магчымасьць наладзіць адпаведныя кансультацыі, у тым ліку, з выхадам беларускіх кандыдатаў на Крэмль. Аднак я мяркую, што Крамлю такая дапамога й пасярэдніцтва расейскіх правых ня патрэбныя. Крэмль сам вырашыць гэтыя пытаньні. Што да "Яблока", то ў нас асаблівая пазыцыя. Мы зьяўляемся незалежнай дэмакратычнай партыяй. І наш выбар кандыдата дыктуецца ня толькі прынцыпамі, падыходамі, але таксама палітычнай рэальнасьцю, якая складаецца ў Беларусі.

RR: - А наколькі ўвогуле расейскія палітыкі зацікаўленыя ў выніках беларускіх выбараў? На якім месцы для Вас стаіць гэтая праблема?

Г.Я.: - Я стаўлюся да Беларусі як да самастойнай сувэрэннай дзяржавы. Адначасова лічу гэтую дзяржаву, людзей, якія там жывуць, вельмі блізкімі да маёй гісторыі, маёй сям'і, майго жыцьця. Я прытрымліваюся гэткага погляду: калі беларусы - мае браты, то ў іх ня трэба адбіраць пашпарт. Іншымі словамі: ня трэба іх пазбаўляць незалежнасьці й дзяржаўнасьці. Ня трэба беларусаў прыніжаць. Я не прыхільнік ідэі аншлюсу. У гэтым кантэксце мне хацелася б, каб Беларусь была самастойнай краінай, якая магла б вырашаць свае чарнобыльскія праблемы. Каб Беларусь пачувала сябе эўрапейскай краінай. Я зь велічэзнай павагай стаўлюся да беларусаў. Беларусаў я ведаю. Я сам вырас на заходняй Украіне. Я вельмі часта бываў у Беларусі. Шмат бываў у Берасьці. Я кажу пра беларусаў самыя добрыя словы, зыходзячы са свайго жыцьцёвага досьведу. І натуральна: мы як партыя зацікаўлены ў стабільным, сяброўскім, дэмакратычным, адкрытым рэжыме ў Беларусі.

RR: - Апошнія крокі Пуціна сьведчаць пра тое, што Крэмль распачынае так званы "плян зьбіраньня былых савецкіх рэспублік". Наколькі тут можа быць карыснай мадэль інтэграцыі, прапанаваная ў свой час Лукашэнкам?

Г.Я.: - Беларуская мадэль інтэграцыі - гэта адсутнасьць усялякай мадэлі. Ніякай сутнаснай інтэграцыі не было. У свой час мы падрыхтавалі праект эканамічнай дамовы, накіраванай намі Лукашэнку й Ельцыну. І я па-ранейшаму цяпер лічу, што трэба было пачынаць не з палітычных бессэнсоўных надбудоваў, але з эканамічных стасункаў і сувязяў. Гэта натуральна запатрабавала б актыўнага разьвіцьця рынкавых рэформаў у Беларусі.

RR: - Крамлю апошнія гады даводзіцца выступаць у ня вельмі прыемнай ролі адваката Лукашэнкі на Захадзе. На колькі эфэктыўным можа быць ціск на Крэмль праз Захад - з тым, каб на пэрыяд беларускіх выбараў Масква заняла хаця б нэўтральную пазыцыю?

Г.Я.: - Я ня думаю, што гэта магчыма. Пра які ціск Вы ўвогуле гаворыце? Усе прыяжджаюць да нас піць піва, хадзіць у тэатар за тры тыдні да выбараў, сустракаць Каляды. Пра якую пазыцыю Захаду вы гаворыце? Новая Адміністрацыя Белага Дому будзе дамаўляцца з Крамлём -. гэта ўжо бачна. Будуць рабіць усё разам. Я ня думаю, што Захад для вас - істотны чыньнік.



Юрась Карманаў

Радыё Рацыя