Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Місія Міжнароднага валютнага фонду прыехала з чарговым візытам у Беларусь. На працягу амаль усяго тыдня адмыслоўцы Фонду на чале са спадарыняй Кастэлай Бранка будуць назіраць, як выконваецца праграма маніторынгу беларускай эканомікі.

Праграма маніторынгу МВФ у Беларусі разьлічаная на шэсьць месяцаў - яна пачалася 1 красавіка, а скончыцца 30 верасьня. Сутнасьць праграмы ў тым, што Фонд будзе сачыць за станам беларускай эканомікі й даваць кіраўніцтву краіны парады па яе рэфармаваньні. Ніякая фінансавая ды тэхнічная дапамога ў межах праграмы не прадугледжваецца. А вось калі Беларусь патрабаваньні МВФ выканае, - можна будзе казаць аб грашовых крэдытах. Пакуль наша краіна атрымала, так бы мовіць, "крэдыт даверу" - сьведчаньне таго, што ў магчымасьць нашага эканамічнага росквіту ўсясьветная супольнасьць верыць.

Галоўнае патрабаваньне, якое Беларусь мусіць выканаць адпаведна праграме маніторынгу, - гэта зьняцьцё кантролю дзяржавы за коштамі. Таксама прадугледжана разьвіцьцё прыватнага бізнэсу, вырашэньне шматлікіх праблемаў у сфэры ліцэнзаваньня й прыватызацыі, фінансаваньне сельскай гаспадаркі на "больш камэрцыйнай аснове". Апроч таго, МВФ раіць Беларусі весьці больш жорсткую грашова-крэдытную палітыку ды зрабіць бюджэт празрыстым, а таксама шукаць новыя крыніцы фінансаваньня. Пакуль асноўнай крыніцай зьяўляецца Нацыянальны банк, які крэдытуе ледзь ня ўсе галіны гаспадаркі, што й адбіваецца на ўзроўні інфляцыі.

Такім чынам, супрацоўніцтва МВФ зь Беларусьсю ўзнавілася. Нягледзячы на тое, што дзяржава так і ня выканала асноўных патрабаваньняў Фонду - спыніць крэдытаваньне сельскай гаспадаркі ды зьняць ціск на камэрцыйныя банкі. Усяго за некалькі дзён да падпісаньня пагадненьня Лукашэнка на сэлектарнай нарадзе заклікаў банкі, а таксама камэрцыйныя структуры, што гандлююць нафтай, ахвяраваць грошы на кампанію сяўбы. Пры гэтым, заклік больш нагадваў патрабаваньне. Міжнародны валютны фонд не ўхваліў чарговых заяваў беларускага лідэра, але надзею на тое, што ён адмовіцца ад сваіх словаў, ня страціў. Пра гэта ў канцы красавіка ў часе свайго візыту ў Менск заявіў кіраўнік прадстаўніцтва МВФ у Літве й Беларусі Марк Хортан.

М.Х.: - Мы расчараваныя гэтым нефармальным ціскам на банкі, які адбываўся на працягу апошніх некалькіх тыдняў. Мы разумеем, што цяжка адразу зьмяніць мэханізм фінансаваньня сельскай гаспадаркі. Мы ведаем таксама, што ўрад павялічыў стаўку падатку на прыбытак, каб забясьпечыць дадатковыя крыніцы фінансаваньня сельскай гаспадаркі. Трэба сказаць: калі ўлады ня зробяць захадаў па зьмяненьні гэтай сыстэмы, то 2001 стане яшчэ адным страчаным для беларускай эканомікі годам. Я разумею, што кіраўніцтва краіны хоча паказаць гнуткасьць у падыходах да калгасаў, але рэзэрваў гэтае гнуткасьці ўжо не засталося. "І цяпер трэба праводзіць рашучыя рэформы", - лічыць прадстаўнік Міжнароднага валютнага фонду ў Літве й Беларусі Марк Хортан.

Першыя вынікі візыту місіі МВФ у Менск будуць вядомыя ў сераду. Чакаецца, што прадстаўнікі Фонду выкажуць свае меркаваньні наконт нядаўняга ўвядзеньня кантролю коштаў на прадукцыю прамысловых прадпрыемстваў. А новая місія МВФ наведае беларускую сталіцу ў канцы ліпеня. Менавіта тады павінна будзе вырашыцца галоўнае пытаньне: ці атрымае нашая краіна грашовы крэдыт ад гэтай арганізацыі.

Юлія Шарова

Радыё Рацыя