Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


На пачатку верасьня Саюз беларускіх пісьменьнікаў атрымаў пісьмовае папярэджаньне ад Мін’юсту, датаванае 30 жніўня. Арганізацыі пагражаюць ліквідацыяй праз суд.

Мін’юст выставіў чатыры прэтэнзіі: ня зьменена шыльда на будынку; пячатка арганізацыі не адпавядае заканадаўству; у шэрагах СБП ёсьць замежныя грамадзяне, што супярэчыць цяперашняму заканадаўству; Саюз пісьменьнікаў не даслаў у Мін’юст статут арганізацыі.

Старшыня арганізацыі Алесь Пашкевіч ставіцца да гэтых прэтэнзій спакойна: «Мы давалі адказ у Мін’юст наконт шыльды: Саюз ня мае цяпер грошай на яе замену. Пячатку нам зацьвярджалі ў самім Мін’юсьце».

Зь іншымі прэтэнзіямі складаней: арыгінал статуту Саюзу пісьменьнікаў згублены, хоць ёсьць копія, якая выдавалася разам з арыгіналам у 1999 г. Пытаньне членства замежных сяброў абмяркоўвалася на Радзе, якая пастанавіла наступнае: ня маем маральнага права выключаць гэтых людзей з арганізацыі. Сярод замежнікаў, якія лічацца сябрамі СБП, літаратуразнавец Аляксей Каўка з Масквы, Юлія Канэ з Ізраілю, Іна Снарская з Палтавы — агулам паўтара дзясятка чалавек. Кіраўнік Саюзу ўпэўнены, што на баку арганізацыі ня толькі маральная праўда, але й юрыдычная: «Чаму мы павінны выганяць з арганізацыі людзей, якія туды ўвайшлі яшчэ да прыняцьця гэтае нормы? Цяпер новых людзей з замежжа ў сябры арганізацыі не прымаем, хоць да нас просяцца беларускамоўныя пісьменьнікі з Украіны». Тым часам у Статуце СБП, зацьверджаным Мін’юстам, дазваляецца сяброўства ў арганізацыі ня толькі грамадзянам Беларусі, але й замежным грамадзянам, а таксама асобам без грамадзянства.

Усе названыя прэтэнзіі ня новыя: яны ў той ці іншай форме ўжо агучваліся. І дагэтуль справу ўдавалася ўлагодзіць. Чаму ж цяпер усё пачалося наноў? Магчыма, «вінаваты» Аляксандар Казулін. У жніўні, перш чым вынесьці папярэджаньне пісьменьнікам, Мін’юст патрабаваў адказу: чаму СБП дапамог арганізаваць зьезд Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады) 24 ліпеня? А.Пашкевіч не адмаўляе, што зьезд сапраўды быў. Але юрыдычна Саюз пісьменьнікаў ня меў ніякага дачыненьня да яго арганізацыі. «Няма ні гарантыйнага ліста ад СБП, ні якіхсьці іншых дакумэнтаў на адрас кавярні, дзе праводзіўся зьезд». Адзіным літаратарам, які прысутнічаў на партыйным зьезьдзе, быў Анатоль Сідарэвіч.

Аркадзь Шанскі
,