Общество


Дар'я Спевак, фота аўтара

ПК-24 — былая ваенная часць СССР — існуе амаль чвэрць стагоддзя на тэрыторыі Рэчыцкага раёна. Невялікі квадрат зямлі, акружаны лесам, сёння трымае больш за тысячу зламаных лёсаў. Зламаных мінімум двойчы. Тут знаходзяцца жанчыны, якія неаднаразова траплялі ў месцы пазбаўлення волі. Туманная дажджлівая раніца наганяе на гэтае месца яшчэ больш тугі.

Дар'я Спевак, газета "Звязда"

Дар'я Спевак, газета "Звязда"

Дзмітрый Палын, намеснік начальніка па папраўчым працэсе, працуе тут з 1999 года. За гэты час падпалкоўнік унутранай службы, які пабачыў нямала горкіх жаночых лёсаў, вызначыў тры ключавыя прынцыпы сваёй працы: законнасць, гуманнасць, справядлівасць.

— Тут знаходзяцца розныя катэгорыі асуджаных, — расказвае Дзмітрый Палын, праводзячы экскурсію па тэрыторыі ПК. — Самая распаўсюджаная — па артыкуле 174 Крымінальнага кодэксу — абавязаныя асобы (тыя, хто пазбаўлены бацькоўскіх правоў і ўхіляецца ад выплат на ўтрыманне дзяцей). Таксама нярэдка сюды трапляюць з-за бытавых злачынстваў. Часцей за ўсё ў дачыненні да сужэнцаў.

Дар'я Спевак, газета "Звязда"

Дзмітрый Паўлавіч выводзіць мяне праз прапускны пункт у прасторны і выбелены туманам двор. Па розных яго кутках віднеюцца скапленні сініх паліто. Гэта тыя, хто будзе працаваць у другую змену. З самай раніцы жанчыны нетаропка вырашаюць бытавыя пытанні: ідуць па пакупкі ў мясцовы магазін, мяняюць пасцельную бялізну, кураць і балбочуць пра тое-сёе.

* * *

У гэты час першая змена ўпарта працуе. Перадавіцы швейнай вытворчасці, дарэчы, зарабляюць да 600 рублёў у месяц. Шыццём віды работ не абмежаваныя: у калоніі вырабляюць паштовыя канверты, драўляныя паддоны, вяжуць банныя паясы і выпякаюць хлеб. Тут усе працаўладкаваныя, акрамя пенсіянераў і інвалідаў І і ІІ груп.

— Штогод пяць-шэсць абавязаных асоб цалкам пагашаюць свае запазычанасці, якія часам дасягаюць 500 «старых» мільёнаў, — расказвае Дзмітрый Паўлавіч, пакуль мы рушым у жылую зону…

* * *

Доўгія жоўтыя калідоры былой казармы нагадваюць школьныя. Гірлянды і мішура, святочныя насценгазеты і выразкі, ёлка і агеньчыкі - усё крычыць пра набліжэнне Новага года. Не даюць забываць, дзе ты знаходзішся, толькі песні Ірыны Круг, якія даносяцца здалёк.

Дар'я Спевак, газета "Звязда"

Дар'я Спевак, газета "Звязда"

— Паглядзіце, якая далей прыгажосць! Вельмі вялікая прыгажосць! Усё сваімі мазалямі! Вельмі вялікая прыгажосць! Усё сваімі мазалішкамі! — перабівае Ірыну Круг жанчына гадоў пяцідзесяці з цыганскім акцэнтам і запрашае паглядзець на ўбранне пакоя, дзе спяць асуджаныя.

На столі вісяць самаробныя гірлянды з ваты, на сценах — прылепленыя надпісы «2018» і «З Новым годам!», папяровы сабачка. Практычна кожная дэкарацыя пранумаравана. У ПК-24 традыцыйна праходзіць конкурс упрыгажэнняў. Надпіс «тры» каля папяровага Дзеда Мароза паказвае, што гэта праца трэцяга атрада.

Дар'я Спевак, газета "Звязда"

Дар'я Спевак, газета "Звязда"

Цяпер тут упрыгожана ўсё — ад бібліятэкі да медчасці. Падрыхтоўка да свят пачынаецца з сярэдзіны снежня. Але дэкарацыі - толькі частка стварэння навагодняй атмасферы.

— Нядаўна асуджаныя запісалі відэавіншаванне на дысках і адправілі сваім родным, у тым ліку і дзецям. Адна запрасіла Дзеда Мароза і Снягурку на спатканне са сваім дзіцем, — расказвае Дзмітрый Палын. — Раней праводзілі акцыю «Дарослы свет дзяцінства» сумесна з рэчыцкім домам-інтэрнатам, дзе знаходзіліся дзеці нашых асуджаных. Прывозілі дзятву сустрэцца з мамамі.

Дар'я Спевак, газета "Звязда"

* * *

Падчас экскурсіі па калоніі да Дзмітрыя Паўлавіча раз-пораз падбягаюць асуджаныя і ўдакладняюць дэталі падрыхтоўкі навагодніх нумароў - да 31 снежня тут ладзяць канцэрт з песнямі, танцамі і тэатральнымі пастаноўкамі. Адпраўляемся на яго рэпетыцыю.

Дар'я Спевак, газета "Звязда"

Дар'я Спевак, газета "Звязда"

У актавай зале група мілых дзяўчат з прыгожымі ўсмешкамі танцуе пад Dеsрасіtо, атрымліваючы ад гэтага задавальненне. На тры хвіліны і 47 секундаў забываю, дзе знаходжуся. Потым асуджаныя выконваюць традыцыйныя навагоднія песні, сярод якіх «аббаўская» Hарру Nеw Yеаr. Усё як і па той бок.

* * *

31 снежня ў калоніі выхадны. Але гэта не значыць, што жанчыны адпачываюць у ложках цэлы дзень. З раніцы — выхаваўчыя мерапрыемствы (гутаркі і трэнінгі), да вечара — канцэрт, гатаванне ежы. Кожная прадумвае сабе касцюм. Робіцца гэта з перадсвяточным хваляваннем. У Новы год адбой замест 22.00 — у гадзіну ночы. Апоўначы ўсе слухаюць прамову Прэзідэнта, загадваюць жаданні, глядзяць навагоднія канцэрты і віншуюць адзін аднаго. Пад’ём 1 студзеня, а 9-й раніцы замест 6-й.

Вольга сустракае тут Новы год другі раз.

— Для мяне гэта сямейнае свята. Мы заўсёды збіраліся ў бацькоў: жарты, весялосць, падарункі, пах мандарынаў… Мае любімыя фільмы — «Карнавальная ноч» і казка «Марозка». Яны нагадваюць пра дзяцінства… — настальгічна расказвае яна. — Тут мы гатуем тарты, салацікі - збіраемся за агульным сталом. Дзелімся ўспамінамі. Хтосьці ледзь ёлку не падпаліў, нехта раней часу знайшоў падарунак — гісторыі заўсёды звязаныя з дзяцінствам, з нечым цёплым і прыемным.

Дар'я Спевак, газета "Звязда"

— Думалі ўжо, як сустрэнеце першы Новы год на волі? — пытаюся.

— Я жыву адным днём, не думаю пра гэта. У мяне тэрмін — 13 гадоў, а сяджу толькі тры. Калі выйду адсюль, мне будзе 47. Проста не хачу пра гэта думаць. Калі і пачынаю марыць, мне становіцца вельмі сумна, таму абсякаю сябе.

Наталля — актывістка тутэйшага «творчага свету» — пастаянна ўдзельнічае ў спектаклях, канцэртах і конкурсах. Звычайна яна іграе маладую дзяўчыну, якая хоча чагосьці дасягнуць у жыцці альбо вырашае пэўную праблему. У рэальнасці ў яе, як і ва ўсіх тут, адна праблема.

Дар'я Спевак, газета "Звязда"

— Гэта пройгрыш у жыцці. Я спрабую неяк рэанімавацца тут, — яна не падымае ад падлогі вялікіх бліскучых вачэй. 2018-ы дае дзяўчыне шанц выйсці датэрмінова. Наталля марыць абняць маму, а таксама стварыць сваю сям’ю. — Дома чакаюць. Нягледзячы ні на што, там мы любімыя.

Навагодніх пасылак ад родных заўсёды чакаюць з асаблівым хваляваннем. Перадачы звычайна напаўняюцца ласункамі і іншымі прысмакамі, прыгожымі рэчамі.

* * *

І Наталля, і Вольга апынуліся тут праз захапленне наркотыкамі: «хацелася зрабіць сваё жыццё ярчэйшым». Цяпер жанчыны накіроўваюць сваю энергію ў творчасць. Маладосць патрабуе яркіх фарбаў.

А вось Любоў Яфімаўна — «бабуля — божы дзьмухавец» — у свае 74 хоць і хваліцца здароўем, але Новы год сустракае непрыдзірліва. — Накушаюся, і ўсё! — задаволена расказвае яна.

Так, пачуўшы пра святочнае меню ў ПК-24, я нават пазайздросціла.

— Да Новага года ў нас будзе бульбяная бабка, рыба смажаная, саленні, рысавая запяканка з тварагом. Усё як звычайна, паўнавартасны рацыён, — расказалі супрацоўніцы тутэйшай сталовай.

Дар'я Спевак, газета "Звязда"

Дар'я Спевак, газета "Звязда"

Дар'я Спевак, газета "Звязда"

Пакуль я думаю пра бульбяную бабку, Любоў Яфімаўна працягвае:

— Тут я амаль чатыры гады. Нават сяброўку няможна знайсці, людзі вельмі цяжкія, хлусы ўсе, — кажа яна, моцна спяшаючыся, нібы баіцца, што не дадуць усяго выказаць. — У мяне пяцёра дзетак, усе ад аднаго мужа. Ён быў непапраўны. Біўся. Але цярпела. Аднойчы ўдарыў мяне стульчыкам. За ягонае забойства далі два гады. Выйшла. Мяне пачаў моцна біць адзін з сыноў. Сказала яму: яшчэ раз кранеш — я цябе заб’ю… Вось і забіла, — усё цішэй расказвае бабуля.

Дар'я Спевак, газета "Звязда"

На пытанне аб тым, ці верыць яна ў цуды, Любоў Яфімаўна адказвае станоўча.

— Я хачу, каб быў мір на зямлі. Асабліва ў Беларусі. Колькі людзей пацярпела ў вайне (Вялікай Айчыннай. — Аўт.)! Каб усе дружненька жылі, вучыліся, адно аднаго не крыўдзілі, — нараспеў кажа бабуля і робіцца весялейшай.

— А сабе чаго жадаеце? — пытаюся.

— Пажыць у сваім доме. Я аптыміст.

Напэўна, тут нельга не быць аптымістам.

* * *

Наогул, жыццё ў ПК-24 набліжана да звычайнага і звязанае з ім. Гэта выяўляецца не толькі ў святкаванні Новага года. Тут знаёмяцца з процілеглым полам — па перапісцы. Жэняцца — часта ненадоўга. Чытаюць — класіку, гістарычную і дзіцячую літаратуру, часопісы аб падарожжах. Атрымліваюць адукацыю — наладжаны псіхалагічныя, цырульніцкія і камп’ютарныя курсы. Гуляюць у валейбол і бадмінтон. Пішуць іконы, вершы і прозу. Бяруць удзел у конкурсах талентаў. Спальваюць пудзіла зімы на Масленіцу. Любяць і мараць. Вераць у цуды.

Дар'я Спевак, газета "Звязда"

{banner_819}{banner_825}
-50%
-30%
-15%
-24%
-20%
-20%
-20%
-49%