Ва Узбекістане яе збівалі і гвалцілі ў паліцыі, патрабуючы назваць імёны іншых прадстаўнікоў ЛГБТК-супольнасці, кажа яна. Крымінальны кодэкс гэтай краіны прадугледжвае да трох гадоў турмы за гомасэксуальныя стасункі.

Фото: Радыё "Свабода"
4 снежня К. звярнулася ва Ўпраўленне грамадзянства і міграцыі Мiнгарвыканкаму з хадайніцтвам аб прытулку на падставе пераследу пэўнай сацыяльнай групы. К. кажа, што яна трансгендэрная жанчына, асоба без грамадзянства. Яна распавядае пра пераслед і тлумачыць, што ва Ўзбекістане яе чакае турма.

«Мiнскае прадстаўніцтва Ўпраўлення Вярхоўнага камісара ААН па правах уцекачоў дапамагло, — кажа праваабаронца Наталля Манькоўская. — Яны выдалі ліст з просьбай, каб К. не затрымлівалі, разгледзелі яе хадайніцтва, і напісалі, што Ўпраўленне Вярхоўнага камісара ААН па правах уцекачоў будзе дапамагаць падчас разгляду хадайніцтва».

Гісторыя К.: трансгендэрная жанчына і асоба без грамадзянства

«Мяне чатыры разы затрымлівалі МУС і СНБ Узбекістану падчас аблаваў. Першы раз у 2014 годзе, — кажа К. — Збівалі, патрабавалі, каб назвала імёны такіх жа, як я. А падчас апошняга затрымання 3 студзеня 2017 году мяне згвалціў супрацоўнік міліцыі».

26-гадовая К. заяўляе пра сябе як пра трансгендэрную жанчыну. Паводле дакумэнтаў яна мужчына і выглядае як мужчына. Называе сябе жаночым імем і кажа, што прыналежнасць да жанчын усвядоміла яшчэ ў маленстве.

«У мяне няма папераў, якія пацвярджалі б маю ідэнтычнасць. Бо ва Ўзбекістане няма камісіі, якую можна прайсьці і атрымаць даведку. Але ва Ўзбекістане ёсць крымінальны пераслед за сэксуальную арыентацыю», — кажа К.

Фото: Радыё "Свабода"

Як мужчына К. выглядае толькі на вуліцы, каб адпавядаць дакументам. «У хатняй абстаноўцы я выглядаю зусім інакш», — кажа яна і паказвае фота на тэлефоне, дзе сапраўды выглядае як жанчына. Ва Ўзбекістане такі выгляд можа каштаваць жыцця. Сама К. кажа, што ёй не раз пагражалі там смерцю.

«Сяброў у мяне там было няшмат. Я была сама па сабе. Твой жа сябар падчас такога збіцця цябе ж і выдасць. Я стопрацэнтна ўпэўненая, што хтосьці так і зрабіў, бо мяне ўвесь час затрымлівалі на кватэрах, дзе я жыла. Я там старалася ўвогуле ні з кім не камунікаваць», — кажа К.

Яна кажа, што ўсе гэтыя затрыманні адбываюцца неафіцыйна.

«Проста заводзяць чалавека ўначы ў аддзяленне, нідзе не адзначаюць. Калі з табой штосьці здараецца, нічога немагчыма давесьці. А калі ёсць пратакол, то пішуць, што затрымліваўся для ўсталявання асобы, — кажа яна. — Збіваюць моцна. Пасля дзён пяць-шэсць можаш толькі ляжаць».

Ці зьвярталася К. па мэдычную дапамогу пасля гэтых пабояў? Не.

К — асоба без грамадзянства. Бясплатная мэдычная дапамога ёй недаступная. Такіх ва Ўзбекістане сотні і сотні тысяч. Гэта людзі, якія ўцякалі ад ваеннага канфлікту на тэрыторыі Таджыкістану (1992−1997).

«Я нарадзілася на спрэчнай тэрыторыі падчас развалу СССР. Тады яшчэ межаў не было, і гэтая тэрыторыя адносілася да Таджыкістану. Адтуль быў масавы адток насельніцтва — і ў Расiю, і ў суседнія краіны. А тым, хто прыяжджаў ва Ўзбекістан, дагэтуль не даюць грамадзянства», — кажа К.

Пра сябе яна кажа, што даўно засталася сіратою, прычым ужо двойчы.

«Я сваіх бацькоў ніколі ня бачыла, яны мяне кінулі, — працягвае яна. — Выхоўвала мяне расiйскамоўная жанчына ва Ўзбекістане, проста ўзяла да сябе, афіцыйнай апекі не было. Але яна даўно памерла».

Са статусам асобы без грамадзянства К. змагла атрымаць толькі сярэднюю тэхнічную адукацыю. Працаўладкавацца афіцыйна асобы без грамадзянства не могуць. Робяць на цяжкіх працах на радзіме альбо з’яжджаюць у Расiю.

Фото: Радыё "Свабода"

Каб не адсутнасць грамадзянства, кажа К., яна даўно б ужо «купіла квіток у любую краіну і з’ехала адтуль». Канчатковае рашэнне з’ехаць прыйшло пасля таго, як, па словах К., падчас апошняга затрымання яе згвалціў супрацоўнік міліцыі (прозвішча называецца ў хадайніцтве).

«Я зрабіла афіцыйныя выязныя дакумэнты. Ва Ўзбекістане ёсць выязная віза, як была ў СССР. Я паўгода чакала, і яе атрымала. Вылецела ў Расею, там ужо пачала нейкае нармальнае жыццё».

Каб мець у Расеі легальны статус, К. падала там хадайніцтва пра наданне прытулку. Але 25 снежня 2017 году РФ ёй у прытулку адмовіла. «Адмовілі, бо для іх такі пераслед — не падстава», — кажа К.

Так яна апынулася ў Беларусі. Выбрала гэтую краіну, бо толькі сюды можна было трапіць. Тое, што ў Беларусі яна нелегальна, К. разумее, але спадзяецца «на справядлівасць». Кажа, што гатовая прайсці псыхіятрычную камісію, каб пацьвердзіць сваю ідэнтычнасць:

«Я спадзяюся, што хаця б тут мне павераць. Разлічваю, што хаця б тут мне дадуць нейкі статус, каб я магла пазбегнуць таго, з чым сутыкалася, — кажа К. — Тут нашмат больш талерантнае грамадзтва. Спакайней нашмат».

Напярэдадні падачы хадайніцтва ў Беларусі К. непакоіцца, што яе змесцяць у спэцпрыёмнік для ўсталявання асобы. У мужчынскую камэру. К. ужо была ў спэцпрыёмніку ва Ўзбекістане.

«Я такой працэдуры хачу пазбегнуць. Ва ўзбецкім спэцпрыёмніку я нікому не прызнавалася. Але тут я пішу хадайніцтва ад жаночага імя, раскрываю ўсе падрабязнасці пра сябе. Вельмі не хачу тут трапіць у спэцпрыёмнік, — кажа яна за дзень да падачы хадайніцтва. — Спадзяюся застацца на волі. Спадзяюся, што тут больш гуманнае грамадзтва».

Фото: Радыё "Свабода"

Былі ў К. і іншыя страхі.

«Апасаюся, што мяне проста затрымаюць і зробяць так, нібыта не я прыйшла прасіць прытулку, а мяне проста на вуліцы затрымалі за незаконнае знаходжанне, — кажа яна. — І дэпартуюць пасля, не афішуючы гэтай гісторыі. А калі мяне дэпартуюць, то як мінімум пасадзяць. Бо ўзбецкія ўлады ўжо ведаюць, што я прасіла ў Расеі прытулку на гэтай падставе».

Але пасля падачы хадайніцтва ва Ўпраўленне грамадзянства і міграцыі Мiнгарвыканкаму К. кажа, што з ёй правялі анкетаванне і выдалі даведку, якая на два тыдні забяспечвае яе легальнае знаходжанне ў Беларусі.

«За гэты час мяне запросяць на гутарку. Агулам ветліва паставіліся. Адзінае, што звяртаюцца да цябе так, як у дакумэнтах». Гэта значыць, як да мужчыны.

«Здорава, што паставіліся па-чалавечы», — кажа праваабаронца ініцыятыўнай групы «Ідэнтычнасць і права» Наталля Манькоўская, якая суправаджала К. падчас падачы хадайніцтва аб прытулку.

Беларускія праваабаронцы з падобным хадайніцтвам сутыкаюцца ўпершыню

«Наша заканадаўства дазваляе чалавеку прасіць абароны, калі чалавек адносіцца да пэўнай сацыяльнай групы і з гэтай прычыны яго ці яе пераследуюць на радзіме, — кажа праваабаронца Натальля Манькоўская. — І па законе стаўленне да ЛГБТ-супольнасці адносіцца да такіх падставаў. Тым больш ва Ўзбекістане ёсць афіцыйны пераслед — у выглядзе артыкула 120 КК Узбекістану».

Для беларускіх праваабаронцаў такое хадайніцтва першае. Вядома, што гомасэксуальная пара раней ужо звярталася да беларускіх уладаў з просьбай даць прытулак з прычыны пераследу. Але тыя выехалі з Беларусі яшчэ да таго, як па іх справе выйшаў тэрмін прыняцця рашэння.

Паводле Наталлі Манькоўскай, пасля падачы хадайніцтва аб наданні прытулку К. можа легальна знаходзіцца ў Беларусі ў пэрыяд яго разгляду. Гэта паўгода.

«Мы таксама будзем звяртацца ў менскае прадстаўніцтва Ўпраўлення Вярхоўнага камісара ААН па справах уцекачоў, каб К. далі міжнародную абарону», — кажа Манькоўская.

Калі ў Беларусі адмовяць у прытулку, К. плянуе абскарджваць такое рашэнне.

Як жывуць ва Ўзбекістане і што там з правамі чалавека?

Кіраўнік Узбецкай службы Радыё Свабода Алішэр Садыкаў кажа, што К. увасабляе ў сабе балючыя праблемы Ўзбекістану: «Неталерантнае стаўленне да сэксуальных меншасцяў і бяспраўе ў дачыненні да асобаў без грамадзянства».

«…Распавядалі, як супрацоўнікі паліцыі катавалі іх, каб тыя прызналіся ў рабаванні, у якім іх абвінавачвалі: іх білі дубінкамі па пятках, на галовы надзявалі адгазнікі і перакрывалі падачу паветра, прымацоўвалі наручнікамі да трубы, аблівалі халоднай вадой і пакідалі на ноч», — Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International два дзясяткі гадоў збірае сведчанні пра катаванні ва Ўзбекістане.

Фото: Радыё "Свабода"
Наталля Манькоўская, праваабаронца ініцыятывы «Ідэнтычнасць і права»

Паводле рэйтынгу праваабарончай арганізацыі Freedom House, які ацэньвае палітычныя і грамадзянскія свабоды, Беларусь мае 17 балаў, Узбекістан — 3 са 100 магчымых.

А шмат для каго з беларусаў Узбекістан застаецца проста «былой савецкай рэспублікай». Маючы тэрыторыю ў два разы большую за беларускую (447 400 кв. км супраць 207 600) і ў тры разы больш насельніцтва (каля 32 мільёнаў супраць 9,5 мільёна), Узбекістан непараўнальна багацейшы па запасах выкапняў. Ён займае 4 месца ў свеце па запасах золата, мае вялізныя запасы ўрану, нафты, газу, мінэралаў. Пры гэтым афіцыйны сярэдні заробак у гэтай краіне — 123 даляры.

Палітычных падабенстваў нашмат больш. З 14 снежня 2016 году Ўзбекістанам кіруе прэзыдэнт Шаўкат Мірзіёеў. Ён замяніў на гэтай пасадзе Іслама Карымава. Той узначальваў краіну 25 гадоў, сваю ўладу працягваў праз нацыянальныя рэфэрэндумы і рэгулярна здабываў на выбарах больш за 90% падтрымкі.

«Абуральнай» называе сытуацыю з правамі чалавека ў гэтай краіне апошні даклад праваабарончай арганізацыі Human Rights Watch.

«Улады па-ранейшаму татальна кантралююць грамадзян, гранічна жорстка абмяжоўваючы свабоды асацыяцыі, выказваньня думак і рэлігіі. За кратамі па палітычна матываваных абвінавачаннях застаюцца тысячы асобаў, катаванні шырока распаўсюджаныя, праваабаронцы, апазыцыянеры і журналісты ўвесь час зазнаюць пераслед», — гаворыцца ў дакладзе.

Іслам Карымаў публічна выказваў сваё нэгатыўнае стаўленне да гомасэксуалаў. У апошнія гады ў сеціве распаўсюджваліся відэа, на якіх збіваюць гомасэксуалаў і трансгендэраў ва Ўзбекістане. На адным з відэаролікаў трансгендэрную жанчыну збівае ўзбецкая міліцыя.

-50%
-10%
-20%
-10%
-50%
-50%
0067704