Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Міністэрства адукацыі паведаміла, што Сход настаўнікаў пройдзе ў лістападзе. Фармальная прычына пераносу Сходу - перагружанасьць міністэрства ўсялякімі мерапрыемствамі. Аднак, хучэй за ўсё, улады баяцца праводзіць Сход цяпер. Як лічыць лідэр настаўніцкага прафсаюзу Тамара Чобатава, кіраўніцтва краіны проста ня мае чаго прапанаваць пэдагогам. Яно не жадае адказваць за свае шматлікія абяцаньні, якія дала на Першым Настаўніцкім Сходзе й ня выканала.

З часу Першага Сходу мінула 3 з паловай гады. яшчэ ў кастрычніку 1997 году беларускія пэдагогі выставілі да ўраду шэраг патрабаваньняў наконт сваіх сацыяльных гарантыяў. Урадавы бок тады нават падпісаў адпаведны пратакол даручэньняў. Аднак большасьць пунктаў гэтага дакумэнту ня выканаў.

Ня мела эфэкту й своеасаблівая акцыя пратэсту, праведзеная нядаўна пэдагогамі. Настаўнікі сабралі 180.000 подпісаў пад заяваю пра безумоўнае выкананьне ўрадавага пратаколу даручэньняў. Гэтыя подпісы былі перададзеныя кіраўніцтву саўміну. Аднак, значнага зьмяненьня становішча настаўнікі не адчулі. Не ўдалася таксама спроба распачаць калектыўную працоўную спрэчку па пытаньні падвышэньня заробку ў сфэры адукацыі. Выявілася, што выступіць з боку адказьніка ў гэтай сытуацыі няма каму. Канстытуцыйны суд, да якога зьвярнуліся прафсаюзы, лічыць, што ўрад ня можа выконваць гэтую функцыю. На думку суду, пытаньне заробку павінна вырашацца праз генэральнае пагадненьне. Праўда, сёньня спасылка на генпагадненьне гучыць ужо зьдзекліва, цягам апошніх год яно ніяк не выконвалася, а праект на 2001-2003 гады наагул не падпісаны.

Больш за тое, патрабаваньні настаўнікаў не ўлічаныя ў праекце зьменаў у Закон аб адукацыі. Пэдагогі патрабуюць давесьці фінансаваньне сыстэмы адукацыі да 10% валавага ўнутранага прадукту й зафіксаваць гэтую лічбу ў Законе. А ў рэчаіснасьці фінансаваньне сыстэмы адукацыі толькі зьмяншаецца. У 1998 годзе яно складала 6,6% ВВП, у 1999 - 6, у 2000 - 5,3 замест плянаваных 6,2. У бюджэце на 2001 год на адукацыю прадуглежджана крыху больш за 5,5% нацыяльнальнага прадукту. Ня выканана й патрабаваньне Закону аб давядзеньні настаўніцкіх заробкаў да ўзроўню заробкаў у прамысловасьці.

Па выніках 2000 году настаўнікі атрымлівалі менш за 70% заробку працаўнікоў прадпрыемства. Зразумела, што ў такім кантэксьце праводзіць Настаўніцкі Сход і правакаваць нэгатыўны грамадзкі рэзананс напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў уладам ня надта хочацца.



Марына Маладзевіч

Радыё Рацыя
0058648