/

У праграме «Кожны з нас» тэлеканала «Белсат» унукі Якуба Коласа расказалі, што іх выселілі з гаспадарчых пабудоў і гаражоў, якія некалі для нашчадкаў пабудаваў класік беларускай літаратуры. У выніку «Пабеда» пісьменніка вымушана гніць у гаражы ў спальным раёне Мінска, а замест сапраўднай машыны ў экспазіцыі стаяць пластыкавыя мадэлькі з Кітая.

Дырэктар Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея імя Якуба Коласа Зінаіда Камароўская мае свой пункт гледжання на праблему: «У нас няма сто тысяч даляраў, якія нашчадкі захацелі за „Пабеду“, а на 30−35 тысяч, колькі прапанавалі мы, яны не згодны».

Фота: Юлія Тэрон, TUT.BY
Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльнаы музей імя Якуба Коласа. Фота: Юлія Тэрон, TUT.BY

Сын Якуба Коласа: «Зрабілі не зусім законна, ну і Бог з ім»

У сюжэце тэлеканала ідзе гутарка пра тое, што дзяцей і ўнукаў Якуба Коласа нядаўна выставілі з гаражоў, якія ён некалі пабудаваў. У выніку машыну, на якой ездзіў класік, сваякам прыйшлося перавезці ў адзін са спальных раёнаў Мінска.

— Некалі дом легендарнага продка яны (нашчадкі. — Заўв. TUT.BY) аддалі пад музей, — тлумачыцца ў сюжэце. — Самі ж яны пасяліліся побач: у будынку, які знаходзіцца за некалькі дзесяткаў метраў. Пры гэтым нашчадкі класіка ў пісьмовай форме паведамілі, што гаспадарчыя пабудовы, у тым ліку і гаражы, яны захоўваюць за сабой.

У сярэдзіне 1960-х гадоў, расказваюць аўтары сюжэта, адзін з тагачасных дырэктараў папрасіў уключыць пабудовы ў план музея. Адпаведны ліст ён напісаў у Бюро тэхнічнай інвентарызацыі. Не адзін год дзеці і ўнукі Канстанціна Міцкевіча працягвалі карыстацца гаражамі, пакуль дырэктар музея Зінаіда Камароўская, як кажуць у сюжэце, іх адтуль не выселіла.

Відэа: тэлеканал «Белсат»

На жаль, асабіста пагутарыць пра тое, што адбылося, з нашчадкамі Якуба Коласа ў TUT.BY не атрымалася. Мы патэлефанавалі сыну пісьменніка Міхасю Міцкевічу.

— Што мусіраваць гэтую тэму? Адабралі і адабралі, — адказаў Міхась Канстанцінавіч. — Зрабілі не зусім законна, ну і Бог з ім. Не трэба варушыць, гэта бессэнсоўна. Усё роўна нічога не вернеш.

«Па нашых дадзеных, гаражы будавала дзяржава»

Дырэктар Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа Зінаіда Камароўская кажа: згодна з усімі дакументамі пабудовы з самага пачатку былі ўласнасцю музея.

— Яны ў нас знаходзяцца на бухгалтарскім уліку, — тлумачыць яна і вяртаецца да падзей 1987 года. — Калі я ўладкавалася сюды на працу, спытала ў Данілы Канстанцінавіча: «Чые гэта гаражы?». Ён адказаў: «Нашы». У сэнсе — сям'і. На той момант я не стала гэта правяраць, бо, безумоўна, давярала старэйшаму сыну пісьменніка, які некалі сам 20 гадоў узначальваў музей.

Па словах дырэктара, шмат гадоў тэма гаражоў увогуле не ўзнікала. Сям’я Міцкевічаў імі карысталася дзеля ўласных мэтаў.

— Плота паміж тэрыторыяй музея і домам, дзе цяпер жывуць родзічы Коласа, не было, — працягвае суразмоўца. — Яны смела хадзілі ў гаражы, захоўвалі там гаспадарчыя рэчы.

У 2011 годзе, кажа суразмоўца, падчас планавай праверкі, якую праводзіў кантрольна-рэвізійны аддзел Міністэрства культуры, узнікла пытанне пра ўласніка гаражоў. На адказ Зінаіды Камароўскай, што яны належаць Міцкевічам, з’явілася іншае пытанне: «Зямля пад гаражамі адносіцца да музея, як тады гаражы могуць належаць сям'і?»

— Дакументаў на гаражы ў нас не было, — пераказвае тыя падзеі дырэктар. — У Міцкевічаў іх таксама не аказалася.

Пасля праверкі вынеслі патрабаванне: аформіць гаражы як музейную ўласнасць і паставіць плот паміж домам, дзе жывуць Міцкевічы, і музеем.

— Гэта быў 2011 ці 2012 год, — гаворыць Зінаіда Камароўская. — Міцкевічы падалі ў суд, каб вярнуць сабе гаражы. Мы ж, каб абгрунтаваць нашы дзеянні, прадставілі вельмі важны дакумент: тэхнічны пашпарт 1962 года. Ён быў аформлены і на музейную сядзібу, і на гаражы.

Па заяве Міцкевічаў, супрацоўнікі Мінкульта, Мінгарвыканкама і Адміністрацыі Першамайскага раёна Мінска неаднаразова абмяркоўвалі сітуацыю с гаражамі.

— У выніку гаражы перадалі музею, як дзяржаўнай установе, якая павінна клапаціцца пра захаванне культурнай спадчыны беларусаў. Мы былі абавязаны адрамантаваць гэтыя памяшканні, якія знаходзіліся ў жахлівым стане, — працягвае дырэктар. — Пасля рамонту Марыя Міхайлаўна (дачка малодшага сына пісьменніка. — Заўв. TUT.BY) стала патрабаваць, каб гаражы аддалі ім у пажыццёвае карыстанне. Але ні Міністэрства культуры, ні кіраўніцтва музея не маглі пайсці на гэты крок. Гаражы належалі музею, іх адрамантавалі за дзяржаўныя грошы, таму пытанне нават не магло разглядацца. З іншага боку, узнікае пытанне, чаму родзічы пісьменніка за столькі год не аформілі пабудовы ва ўласнасць?

З таго часу, працягвае дырэктар, родзічы Якуба Коласа пачалі пісаць скаргі ў розныя інстанцыі.

— Але ўсе праверкі падцвердзілі законнасць нашых дзеянняў, — гаворыць Зінаіда Камароўская.

У 2016-м у адным з трох гаражоў зрабілі экспазіцыю. Хутка з’явіцца экспазіцыя і ў другім памяшканні.

Фота: TUT.BY
Тэхнічны пашпарт музея, дзе пазначаны і гаражы. Фота: TUT.BY

— Але ж родзічы Якуба Коласа кажуць, што гэтыя гаражы пабудаваны на грошы пісьменніка.

— Па нашых дадзеных, гаражы будавала дзяржава, — парыруе Зінаіда Камароўская.

«Прыходжу на працу, рабочыя кажуць: Андрэй Данілавіч на пагрузчыку некуды машыну павёз»

Наконт сітуацыі з машынай Якуба Коласа, якая зараз «вымушана стаяць у адным з гаражоў у спальным раёне Мінска», дырэктару таксама ёсць што сказаць.

— «Пабеда» належыць Андрэю Данілавічу — унуку Коласа, — пачынае Зінаіда Камароўская. — У свой час ён некалькі разоў прапанаваў, каб машыну адрэстаўравалі за кошт музея. Але музей можа рэстаўраваць толькі тое, што належаць нам. Праз нейкі час Мінкульт падтрымаў нашу ідэю адкрыць экспазіцыю, прысвечаную машынам Коласа. Мы прапанавалі ўнуку прадаць нам «Пабеду», ён папрасіў сто тысяч даляраў. Мы маглі заплаціць толькі 30−35 тысяч.

Унук, кажа суразмоўніца, саступаць не хацеў, таму і не дамовіліся.

— Калі пачаўся рамонт у памяшканнях гаража, «Пабеда» працягвала там стаяць, — успамінае Зінаіда Камароўская. — Неяк прыходжу на працу, а рабочыя мне кажуць, што Андрэй Данілавіч пад’ехаў на пагрузчыку і некуды машыну павёз. Ну, павёз і павёз, на здароўе.

Безумоўна, працягвае суразмоўніца, для музея было б вельмі прэстыжна, каб «Пабеда» знаходзілася ў экспазіцыі. Але ўласнікі вырашылі па-іншаму.

— Я не ведаю, чаму сям’я Міцкевічаў зноў узняла гэтую гісторыю, — кажа Зінаіда Камароўская. — На дзяржаўным узроўні, згодна з заканадаўствам, гаражы належаць музею. Што тут яшчэ гаварыць?

-9%
-50%
-20%
-10%
-10%
-10%
-40%
-35%
0070970