Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Кіраўнік маніторынгава-кансультацыйнай місіі АБСЭ Ганс-Георг Вік, які цяпер знаходзіцца ў Вене, заявіў RR, што ў пятніцу на сустрэчы з кіраўніцтвам АБСЭ абмяркоўвалася беларуская сытуацыя. Паводле словаў Віка, "настаў момант высьветліць, як афіцыйны Менск бачыць далейшае супрацоўніцтва з АБСЭ".

Пра чарговае абвастрэньне стасункаў зь місіяй АБСЭ ў Менску, зыніцыяванае Аляксандрам Лукашэнкам, сам Ганс-Георг Вік нічога ня ведае. Цяпер ён знаходзіцца ў Вене, дзе абмяркоўвае з кіраўніцтвам АБСЭ беларускую сытуацыю. Кіраўніцтва АБСЭ лічыць неабходным аказаньне дапамогі для стварэньня сеткі ўнутраных незалежных назіральнікаў на прэзыдэнцкіх выбарах у Беларусі. Акрамя таго, кіраўніцтва АБСЭ вельмі нэгатыўна паставілася да зьяўленьня прэзыдэнцкага дэкрэту № 8, які жорстка рэглямэнтуе атрыманьне заходняй дапамогі.

Гэтыя прэтэнзіі, нагадаю, былі выказаныя ў лісьце, які цяперашні старшыня АБСЭ Мірчы Джэана накіраваў на імя Аляксандра Лукашэнкі. Заявы кіраўніка Беларусі, якія днямі рэтрансьляваў міністар замежных справаў Беларусі Міхаіл Хвастоў, сталі своеасаблівым адказам Лукашэнкі кіраўніцтву АБСЭ. "Прэзыдэнт паставіў перад міністэрствам задачу, - паведаміў Хвастоў, - якая зьвялася да таго, што дзейнасьць КНГ АБСЭ, як і дзейнасьць замежных амбасадаў на тэрыторыі нашай дзяржавы, не павінна выходзіць за межы адпаведных міжнародных дамоваў, у паасобку, Венскай канвэнцыі дыпляматычных дачыненьняў. Я падзяляю гэты падыход прэзыдэнта й падзяляю занепакоенасьць. Я сам не дапускаю, што амбасадары ці дыпляматы маглі б актыўна ўдзельнічаць ува ўнутраным жыцьці краіны знаходжаньня. Такога не дапускаецца". Гэтую заяву Міхаіл Хвастоў зрабіў адразу пасьля чацьвярговай нарады ў Лукашэнкі, дзе абмяркоўвалася дзейнасьць КНГ АБСЭ.

Ганс-Георг Вік пра гэтыя заявы нічога ня ведаў. Зь Вены ён заявіў RR:

Г.-Г.В.: - Цяпер я знаходжуся ў Вене й не разумею, што магло стаць прычынай такіх выказваньняў Хвастова. Што-небудзь канкрэтна пракамэнатваць я здолею толькі пасьля сустрэчы з Хвастовым, якая адбудзецца ў панядзелак. Беларускі бок выказаў сваё жаданьне сустрэцца, і ад такой сустрэчы мы не адмаўляемся.

Паводле словаў Віка, місія АБСЭ працуе ў Беларусі згодна з мандатам, які можа не задавальняць беларускія ўлады. Але сутнасьць мандата ад гэтага не мяняецца. Вік лічыць, што праца па падрыхтоўцы назіральнікаў не лічыцца ўмяшаньнем ува ўнутраныя справы, як тое спрабуюць падаць беларускія ўлады. І гэтая сытуацыя абмяркоўвалася ў пятніцу ў Вене з кіраўніцтвам АБСЭ. Працягвае Ганс-Георг Вік.

Г.-Г.В.: - Ужо ў пятніцу адбылася кансультацыйная сустрэча з кіраўніцтвам АБСЭ ў Вене. Мы абмяркоўвалі беларускае пытаньне, а таксама будучыя сустрэчы кіраўніцтва АБСЭ з Хвастовым. Гэты плян сустрэч цяпер распрацоўваецца. У будучыню мы глядзім з надзеяй. Мы спадзяёмся, што ня будзе абвастрэньня паміж афіцыйным Менскам і АБСЭ. Цяпер для нас вельмі важна тое, якія ўяўленьні пра нашае далейшае сумеснае супрацоўніцтва мае афіцыйны Менск.



Юрась Карманаў

Радыё Рацыя
,