Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Не пасьпелі мы ў чацьвер паведаміць, што ў чорны сьпіс "ворагаў прэсы", які штогод да Міжнароднага дня свабоды прэсы абвяшчае Нью-Ёрскі Камітэт абароны журналістаў, сёлета ня трапіў Аляксандар Лукашэнка, як беларускі лідэр адзначаны іншай міжнароднай журналісцкай арганізацыяй - "Рэпартэры бязь межаў", якая базуецца ў Парыжы.

Уплывовая міжнародная арганізацыя "Рэпартэры бязь межаў", якая аб'ядноўвае журналістаў усяго сьвету, падрыхтавала свой сьпіс "ворагаў свабоды слова". Ён аказаўся значна шырэйшы за сьпіс Камітэту абароны журналістаў. Нагадаю, што Нью-Ёрскі камітэт уганараваў за "ворагаў свабоды слова" толькі дзесяць асоб - палітычных лідэраў краінаў. "Рэпартэры бязь межаў" адзначылі 26 лідэраў дзяржаваў, двух кіраўнікоў паўстанцкіх груповак у Калюмбіі й дзьве тэрарыстычныя арганізацыі. Дарэчы, шмат "герояў" - Аятала Хамэйні, прэзыдэнт Кубы Фідэль Кастра, старшыня Кітаю Цзян Цзэмін, калюмбіец Карлас Кастанья, нашыя бліжэйшыя суседзі Ўладзімер Пуцін і Леанід Кучма - улучаны ў сьпісы абедзьвюх арганізацыяў па абароне журналістаў і свабоды прэсы. На Інтэрнет-сайце "Рэпартэраў бязь межаў" - слоган, які разьмешчаны над партрэтамі абраньнікаў: "Свабодзе прэсы пагражаюць драпежнікі. Давайце даведаемся, як іх пазнаць".

Дарэчы, вельмі трапнае й удалае вызначэньне ворагаў прэсы - "драпежнікі". Цікава, што пад нумарам адзін у сьпісе - кіраўнік руху "Талібан" Махамэд Амар Ахунзад, які цягам апошніх пяці гадоў утрымлівае ўладу ў Аўганістане. Фотаздымак лідэра "Талібану" адсутнічае, толькі чорны квадрат з надпісам: "Фатаграфаваць забаронена пад пагрозай сьмяротнага пакараньня". На другім і трэцім месцы - кіраўнікі Анголы й Савудаўскай Арабіі. На ганаровым чацьвертым месцы - знаёмы твар Аляксандра Лукашэнкі. У расповедзе пра заслугі кіраўніка Беларусі ўзгадваецца масавае затрыманьне журналістаў 25 сакавіка летась, падчас апазыцыйнай дэманстрацыі на Дзень Волі, зьнікненьне 7 ліпеня апэратара ГРТ Зьмітра Завадзкага. Асобны фрагмэнт прысьвечаны інфармацыйнай палітыцы Аляксандра Лукашэнкі: "Тэле- й радыёвяшчаньне знаходзіцца пад жорсткім дзяржаўным кантролем". Нядаўна прэзыдэнт нагадаў кіраўніком тэлевізіі й радыё: яны павінны распаўсюджваць "дзяржаўную ідэалёгію", дадаўшы, што не дапусьціць прыватызацыі тэлевізіі й радыё.

Аляксандар Лукашэнка трапіў у адну "драпежніцкую кампанію" з калегамі па СНД - Ісламам Карымавым (з Узбэкістану), Сапармуратам Ніязавым (Туркмэністан), Леанідам Кучмам (Украіна). Побач таксама - "старэйшы брат" Уладзімер Пуцін і кіраўнік Калмыкіі Кірсан Ілюмжынаў. І яшчэ адна цікавая акалічнасьць: у сьпісе "драпежнікаў прэсы" міжнароднай арганізацыі "Рэпартэры бязь межаў" - шмат сяброў беларускага лідэра, дружбай зь якімі ён вельмі ганарыцца. Гэта - ірацкі лідэр Садам Хусэйн, кіраўнік Лібіі палкоўнік Муамар Кадафі, прэзыдэнт Кубы Фідэль Кастра, старшыня Кітаю Цзян Цзэмінь, лідэр Паўночнай Карэі Кім Чэн Ір, кіраўнікі Віетнаму, Лаосу, Бірмы…

Сярод тэрарыстычных арганізацыяў узгадваюцца басконская ЭТА й "мафія, што выкрадае людзей у Чачэніі".

"Рэпартэры бязь межаў" нагадваюць, якая небясьпечная прафэсія журналіста. Летась 32 журналісты забітыя за тое, што выконвалі свае прафэсійныя абавязкі. 329 журналістаў арыштаваныя, каля шасьцісот сталі ахвярамі нападаў і пагрозаў. За 4 месяцы 2001 году забітыя ўжо 4 журналісты (у Македоніі, Кувэйце, Парагваі, Філіпінах). 86 знаходзяцца за кратамі.

"Рэпартэры бязь межаў" абвесьцьлі й "ворагаў" Інтэрнэту. У чорным сьпісе суседзяць улады Лібіі, Віетнаму, Габону, Чылі, Алжыру, Паўночнай Карэі, Савудаўскай Арабіі, Кітаю. Нагадаю: у мінулым годзе ў сьпісе супраціўнікаў усясьветнага сеціва быў і Аляксандар Лукашэнка.

Цэлы тыдзень "Рэпартэры бязь межаў" праводзяць масавую прапагандысцкую кампанію па барацьбе з драпежнікамі - ворагамі прэсы. Іх партрэты разьвешаныя ў кнігарнях і бібліятэках. Каб сьвет ведаў і пазнаваў тых, каго варта асьцерагацца.



Іна Студзінская

Радыё Рацыя
,