Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Як паведамiлi карэспандэнту «Звязды» ў аддзеле метэаралагiчных прагнозаў Беларускага гiдраметцэнтра, на выхадныя надвор’е прадэманструе свой даволi няўстойлiвы характар. Такiм чынам, тэрыторыя краiны апынецца пад уплывам панiжанага цiску i атмасферных франтоў з боку Заходняй Еўропы.

Менавiта таму ў суботу-нядзелю на большасцi тэрыторыi Беларусi чакаюцца караткачасовыя дажджы i навальнiцы. У асобных раёнах будзе гаспадарыць моцны шквалiсты вецер з парывамi да 15-20 метраў у секунду. На думку сiноптыкаў, у нядзелю ў асобных рэгiёнах могуць назiрацца нават вельмi моцныя лiўнi. Тэмпература паветра на выхадныя ўначы будзе даволi камфортнай - 13-19 градусаў. Днём у суботу будзе прыпякаць: да 25-30, а на поўднi - да 32 градусаў. У нядзелю iстотна пахаладае - 20-25 градусаў. Толькi па Гомельскай i Магiлёўскай абласцях тэмпература не апусцiцца нiжэй за 30 градусаў.

Паводле папярэднiх прагнозаў, на пачатку наступнага тыдня захаваецца зменлiвае надвор’е. Дзённая тэмпература ў панядзелак складзе 20-25 градусаў. Блiжэй да сярэдзiны тыдня зноў стане спякотна. Так, у сераду тэмпература паветра можа дасягнуць ужо 26-32 градусаў. Аднак на працягу тыдня спякотнае i сонечнае надвор’е будзе хутка i часта чаргавацца з кароткачасовымi дажджамi i навальнiцамi.
,