Елена Алимова,

У Асаўцы Бешанковіцкага раёна падчас сёлетняй археалагічнай экспедыцыі знайшлі некалькі сотняў розных вырабаў першабытнага чалавека. Сярод артэфактаў касцяная лыжка, старэйшая за Тутанхамона.

— Калі я знайшла гэту лыжку і зразумела, што гэта такое, была шчаслівая больш, чым тады, калі паступіла ў магістратуру, — прызналася Лізавета Кісялёва, якая на другой ступені вышэйшай адукацыі будзе вучыцца па спецыяльнасці «Археалогія». — Кожная знаходка — гэта нейкае адкрыццё, таму ўсе мы крыху Калумбы.

— Гэта другая на тэрыторыі Беларусі касцяная лыжка, якой наўскідку 4,5 тысячы гадоў. Першую, дакладней яе фрагмент, знайшлі дзесьці тут жа ў канцы 1960-х, — распавёў кіраўнік экспедыцыі, старшы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Максім Чарняўскі.

Сам гістарычны аб’ект называецца Крывінскі тарфянік, праз які праходзіць мяжа Бешанковіцкага і Сенненскага раёнаў. У Бешанковіцкім ўсе стаянкі завуцца Асавец пад нумарамі ад 1 да 7, а ў Сенненскім носяць імя Крывіна — ад 1 да 3 па назве ракі. Яны ахопліваюць адрэзак часу ад ранняга неаліту да сярэдзіны бронзавага веку, ад 4 да сярэдзіны 2 тысячагоддзя да нашай эры.

Першыя даследаванні ў рэгіёне пачалі ў 1934 годзе, з 1966-га з археалагічнымі экспедыцыямі прыязджаў сюды Міхаіл Чарняўскі, а з 2000-га справу працягвае яго сын. Але ўпершыню Максім прыехаў у Асавец яшчэ са сваім бацькам ў 1992 годзе.

Археабатанікі Міндоўгас Грыкпедэс і Ауксэ Рустэйкітэ.

— Гэты археалагічны мікрарэгіён унікальны з-за таго, што знаходзіцца на тарфяніку. А торф, акрамя таго, што мае пэўныя дубільныя ўласцівасці, не прапускае кісларод, што і захавала арганічныя артэфакты ад гніення. Таму калі ў большасці археалагічных помнікаў на суседніх тэрыторыях знаходзяць толькі фрагменты посуду, крамянёвыя элементы прылад працы, то тут захавалася яшчэ і арганіка — вырабы з дрэва, кары, бурштыну, косткі, рогі. Такія стаянкі нам даюць у дзесяткі разоў больш інфармацыі пра жыццё і побыт нашых продкаў, чым мы атрымліваем з пяшчаных помнікаў, — удакладніў навукоўца.

Сярод шматлікіх знаходак гэтага года ёсць, напрыклад, крамянёвыя і касцяныя наканечнікі стрэл, фрагмент рагавой сякеры, рыбалоўныя кручкі з косткі і шчапаных дзічыных іклаў, падвескі з зубоў жывёл, бурштынавыя, а таксама ключападобная падвескі - такіх за ўвесь час знойдзена дзесьці з дзясятак, і ні на воднай форма рукаяткі не паўтараецца. Па-за межамі Крывінскага тарфяніка падобных знаходак больш няма.

Касцяная лыжка, якой больш за 4000 гадоў.

— Калі толькі пачыналі ў 2000-м, падвеска з прасвідраванага зуба куніцы ад караляў здавалася нечым суперунікальным. Цяпер мы ўдасканалілі тэхналогію — і такіх знаходак ужо па некалькі штук у дзень, хаця для іншых тэрыторый Беларусі гэта і сёння нешта, — падзяліўся Максім Чарняўскі.

Старажытную касцяную лыжку знайшла Лізавета Кісялёва.

Сярод цікавых знаходак на Крывінскім тарфяніку ён успомніў адны з першых вядомых на Беларусі духавых інструментаў - некалькі падоўжных флейтаў з трубчастых костак чаплі. Тут жа знайшлі ўнікальнае складное шыла: ручка з трубчастай косткі, унутр якой устаўляецца шыла, а каб яно не выпадала, умацоўваецца адмыслова зробленым клінікам. Пасля яго можна дастаць, развярнуць вастрыём вонкі і гэтым жа клінікам зафіксаваць ужо ў рабочым становішчы. Пры гэтым ручка яшчэ і арнаментаваная. Такіх знаходак больш няма не толькі ў Беларусі, а і навокал.

— Сам па сабе артэфакт нясе нязначную інфармацыю, а вось кантэкст, у якім ён знойдзены, разам з якімі знаходкамі суседнічаў, — усё гэта ўвогуле можа даць рэканструкцыю цэлага асяроддзя, — патлумачыў адзін з удзельнікаў экспедыцыі студэнт 4 курса Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта Алесь Гаршкоў, які ў Асавец прыязджае трэці раз. — Тут файныя спецыялісты, у якіх можна павучыцца, бо я таксама планую займацца менавіта археалогіяй, ды й помнік унікальны.

Ключападобная падвеска

Тарфянік захаваў у нязменным выглядзе не толькі розныя цікавыя вырабы і прылады, а і насенны матэрыял. Узяць яго ўзоры прыехалі сюды археабатанікі з Вільнюса Міндоўгас Грыкпедэс і Ауксэ Рустэйкітэ. Ім цікава, што за расліны былі на тэрыторыі Беларусі ў часы неаліту і бронзавым веку.

Максім Чарняўскі адзначыў, што стаянку Асавец-2, на якой сёлета ішлі раскопкі, на дадзены момант даследавалі толькі адсоткаў на дзесяць. Так што яшчэ шмат чаго хавае Крывінскі тарфянік.

{banner_819}{banner_825}
-20%
-10%
-21%
-21%
-9%
-80%
-50%