Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


На тэрыторыю краiн Заходняй Еўропы гэтымi днямi заходзiць вельмi гарачае i сухое паветра з боку Афрыкi. Ужо зараз сiнаптычныя аналiтыкi Еўропы прагназуюць, што сёлетняя спякота i засуха будуць значна мацнейшыя, чым у пазамiнулым годзе, калi ад экстрэмальнага павышэння тэмпературы загiнулi тысячы чалавек.

Спецыялiсты доўгатэрмiновых прагнозаў Беларускага гiдраметцэнтра паведамiлi карэспандэнту «Звязды», што расiйскiя калегi не прагназуюць у лiпенi на тэрыторыi Беларусi вельмi моцнай спякоты. Паводле папярэдняй iнфармацыi расiйскiх экспертаў, у другiм месяцы лета сярэднясутачная тэмпература будзе прыкладна на 1 градус вышэй за норму. Нагадаю, што сярэднямесячная тэмпературная норма лiпеня складае 17-19 градусаў. Паводле меркавання спецыялiстаў, пра засуху на нашай тэрыторыi гаворка ўвогуле не можа iсцi, бо ў лiпенi ападкi чакаюцца прыкладна ў межах нормы.

Як адзначыла ў гутарцы галоўны сiноптык Белгiдрамета Вольга Фядотава, у апошнiя гады складваецца такое сiнаптычнае становiшча, калi вельмi моцнай спякоце ў Заходняй Еўропе на тэрыторыi Беларусi адпавядае ўмерана цёплы клiмат. Так, калi Заходнюю Еўропу атакуюць гарачыя вятры з Афрыкi, то ў гэты час да нас зацягваецца халаднаватае паветра з Балтыкi. Праўда, бываюць выпадкi, калi афрыканская спякота дасягае i Беларусi.

Дырэктар Iнстытута праблем выкарыстання прыродных рэсурсаў i экалогii акадэмiк НАН Беларусi прафесар Уладзiмiр Логiнаў адзначыў, што рабiць доўгатэрмiновыя прагнозы надвор’я ў перыяд глабальнага пацяплення абсалютна нерэальна. За сiнаптычную гiсторыю бывалi выпадкi анамальнай спякоты i на тэрыторыi Заходняй Еўропы, i ў нашай краiне. Аднак у большасцi выпадкаў «iх» спякота супадала з нашымi кароткачасовымi, але штодзённымi дажджамi.

Гэтая тэорыя зараз пацвярджаецца прагнозамi айчынных сiноптыкаў. Паводле iх меркавання, у першай палове тыдня паветраныя масы будуць трапляць да нас з боку Балтыйскага мора, таму стане халаднавата i пройдуць кароткачасовыя дажджы. Тэмпература паветра ўначы будзе не вышэй чым 7-14, а ўдзень — 15-20 градусаў цяпла i толькi па Брэсцкай i Гомельскай абласцях — да 24 градусаў. Чакаецца, што ў першы дзень лiпеня стане на 2-4 градусы цяплей i дажджы спыняцца.

Сяргей КУРКАЧ