Група беларускіх архітэктараў і рэстаўратараў сабрала калекцыю фотакартак Лынтупаў і ваколіцаў, зробленых амаль невядомым у Беларусі фатографам.

Фото с сайта svaboda.org

Нямецкі фатограф Фрыц Краўскопф нарадзіўся ва Усходняй Прусіі ў 1882 годзе. Як нямецкі вайсковец ён трапіў у Беларусь падчас Першай сусветнай вайны. У перыяд акупацыі Краўскопф жыў у Лынтупах на Пастаўшчыне. Пра вайсковую карʼеру Краўскопфа вядома няшмат, а вось вынікі ягонай працы як фатографа захаваліся добра.

Фото с сайта svaboda.org

«Ён чамусьці меў магчымасьць адносна вольна перамяшчацца ўздоўж лініі фронту, па ваколіцах Лынтупаў, — кажа архітэктар і рэстаўратар Вадзім Гліннік, які разам з паплечнікамі сабраў вялікую калекцыю фатаздымкаў Краўскопфа. — Пры гэтым Краўскопф не быў вайсковым фатографам і не фатаграфаваў месцы баёў. Ён займаўся тым, што рабіў здымкі беларускіх краявідаў, друкаваў іх на паштоўках і прадаваў нямецкім салдатам».

Фото с сайта svaboda.org
Лынтупы 1916, фота Фрыца Краўскопфа

Вядома, што на тэрыторыі Беларусі Фрыц Краўскопф знаходзіўся ў 1916−17 гадах. Толькі ў Лынтупах фатограф зрабіў каля 400 здымкаў. Акрамя гэтага, Краўскопф фатаграфаваў Камаі, Шэметава, Кабыльнік (цяперашнюю Нарач). Асабліва цікавыя здымкі Краўскопфа, зробленыя ў Полацку.

Агулам за два гады ў Беларусі Краўскопф зрабіў некалькі тысяч фатаграфій. Аднак ягонае імя амаль невядомае беларускім гісторыкам і краязнаўцам.

Фото с сайта svaboda.org
Камаі, 1916, фота Фрыца Краўскопфа

«Дасюль лічылася, што Краўскопф усяго толькі друкар. Але дасьледаваньні куратара нашай выставы Ядвігі Лукашык даказалі, што ён асабіста фатаграфаваў. І потым са сваіх уласных фатаздымкаў рабіў адбіткі і выпускаў паштоўкі», — кажа Вадзім Гліннік.

На ягоных здымках не жахі вайны, а партрэты лынтупскіх дзяцей і назіранні за архітэктурай

Арганізатары выставы высветлілі, што адзін з вядомых здымкаў касцёла ў Камаях таксама належыць Краўскопфу. Вадзім Гліннік кажа, што імя немца неабходна вярнуць ва ўжытак гісторыі беларускага мастацтва і культуры.

Пасля вайны Фрыц Краўскопф вяртаецца ў Прусію, дзе праз два гады адкрывае друкарню, фатаграфуе ваколіцы Кёнігсбергу і мірнае жыцьцё Прусіі. Становіцца даволі вядомым фатографам. З успамінаў ягонага сына вядома, што дзякуючы фатаграфіі Краўскопф даволі добра зарабляў і нават мог сабе дазволіць набыць аўтамабіль «Мерсэдэс» высокай клясы. Ва ўсёй Прусіі ў той час было толькі дзьве такія машыны.

Фото с сайта svaboda.org
Лынтупы, 1916, фота Фрыца Краўскопфа

Большая частка архіву Краўскопфа была знішчана ў 1945 годзе падчас штурму Кёнігсбергу савецкімі войскамі. Тады ж загінуў і сам Краўскопф, які адмовіўся ехаць у эвакуацыю. Ацалела толькі частка негатываў. У 1954 годзе была выдадзеная кніга з фатаздымкамі ахопленага агнём Кёнігсбергу, іх Краўскопф рабіў у апошнія дні жыцця. Захаваць здымкі ўдалося дзякуючы тром сынам, якія своечасова вывезлі негатывы. Усе трое пазней таксама сталі фатографамі.

«Нам было вельмі цікава прасачыць стаўленне Краўскопфа да беларускіх краявідаў. Ён не здымаў страшных ваенных эпізодаў. На ягоных здымках няма жахаў вайны, няма рэпартажаў з лініі фронту. Краўскопф у асноўным здымаў тылы, адпачынак нямецкіх салдат, яго вельмі цікавіла жыццё мясцовых беларусаў. Ёсць шмат партрэтаў лынтупскіх дзяцей, шмат назіранняў за архітэктурай», — кажа Вадзім Гліннік.

Фото с сайта svaboda.org
Полацак, 1916, фота Фрыца Краўскопфа

Рэстаўратар дадае, што дзякуючы паштоўкам Краўскопфа цяпер можна больш дакладна аднавіць будынкі ў Полацку. Фатограф вельмі актыўна падарожнічаў. Акрамя Беларусі, шмат здымаў у Латвіі і Польшчы.

Паштовачны бізнэс фатографа квітнеў. На большасці сабраных Вадзімам Гліннікам і яго калегамі паштовак можна пабачыць пасланні ад нямецкіх салдат сваім родным. Яны апісваюць сваё жыццё ў Беларусі і службу на фронце. Здымкі Краўскопфа фактычна былі для іх тым самым, што цяпер інстаграм: з іх дапамогай салдаты паказвалі родным сваё жыцьцё.

«Цікава, што калі тэрыторыя Беларусі перайшла пад кантроль расейскіх салдат, яны таксама дасылалі дадому паштоўкі Краўскопфа. Мабыць, знаходзілі іх на месцах, дзе паштоўкі друкаваліся, і дасылалі дадому. Існуюць нямецкія паштоўкі з подпісамі па-расейску», — кажа Вадзім Гліннік.

Фото с сайта svaboda.org
Лынтупы падчас Першай сусветнай вайны, фота Фрыца Краўскопфа

Група архітэктараў і рэстаўратараў, якія ладзяць выставу паштовак, сёньня стварае Лынтупскі культурны цэнтар «Культыватар». Праз аўкцыёны яны набываюць фотакарткі. Каля 40 з іх будуць пастаянна выстаўляцца ў Лынтупах.

«Як чалавек пунктуальны, Краўскопф большасць сваіх здымкаў падпісваў і нумараваў. Па іх можна аднавіць шлях ягоных перамяшчэнняў… Для пачатку стагоддзя ягоныя фота маюць выдатную якасць», — кажа Гліннік.

Фрыц Краўскопф быў далёка не адзіным нямецкім фатографам, які працаваў у Беларусі сто гадоў таму. Аднак ягоныя здымкі ўнікальныя тым, што паказваюць жыццё беларусаў, яны захавалі архітэктурныя дэталі Лынтупаў і Полацку. Існуе нават некалькі картак, зробленых з борта аэраплана — за сто год да папулярнасці дронаў. Яны з’явіліся дзякуючы таму, што ў Лынтупах дзейнічаў нямецкі аэрадром. Вядомыя нават пахаванні нямецкіх лётчыкаў, якія загінулі пры няўдалых палётах.

«Краўскопф друкаваў паштоўкі і прадаваў іх салдатам, зарабляў такім чынам на жыццё, — кажа Вадзім Гліннік. — А мы дзякуючы гэтаму маем выдатныя дакумэнты пра жыццё ў Беларусі роўна сто гадоў таму».

{banner_819}{banner_825}
-99%
-25%
-70%
-20%
-30%
-70%
-20%
-50%