Читать по-русски


/ /

Юлію Бука — гаспадыню аграсядзібы «Родны кут» у вёсцы Валодзькава на Глыбоччыне — адны ў жарт называюць «памешчыцай», а другія зняважліва «бэнээфаўкай». Першая мянушка — бо жанчына скупіла трэць хат у Валодзькаве, а другая — таму што размаўляе па-беларуску і мае ўласныя погляды на падзеі ў краіне. Аднак спадарыня Юлія — самадастатковая жанчына, і асабліва не звяртае ўвагі ні на першых, ні на другіх. «Праца, праца і праца — і будзе вынік», — гаворыць яна. TUT.BY наведаў адну з самых папулярных аграсядзіб у Беларусі і даведаўся, чым прываблівае людзей адпачынак у простых вясковых хатах.

Фото: Игорь Матвеев
Юлія Бука ў адной з хат, якую набыла пад адпачынак гасцей ва ўласнай аграсядзібе.

«Ненамаляваная» вёска

У Валодзькаве няма архітэктурных помнікаў. Бліжэйшы буйны населены пункт — Глыбокае — адсюль у 15 км. Возера таксама «не пад парогам», як кажа гаспадыня. Да яго трэба прайсці з паўкіламетра.

Аднак «Родны кут» вядомы далёка за межамі Глыбоччыны. Сюды едуць нават замежнікі. Проста для таго, каб пажыць у сялянскай хаце — з моцнай старой мэбляй, вышытымі абрусамі, сурвэткамі, пакаштаваць ежы з печы, падыхаць здаровым паветрам. Карацей, пабачыць вясковае жыццё — сапраўднае, а не як у тэлевізары, «намаляванае». Не сакрэт, што аграсядзіба папулярная яшчэ і праз нізкія кошты ды зніжку для беларускамоўных.

— Валодзькава называлі неперспектыўнай вёскай. Пастаянна тут жывуць тры чалавекі. Плюс прыязджаюць дачнікі. Ну і наша сям’я — я і дзеці: сыны Лёша і Данік, дачка Алеся. Чалавек 15, мо, улетку, на ўсю вёску і назбіраецца. Калі я пачынала бізнэс, з мяне смяяліся: хто сюды паедзе? каму трэба гэтыя старыя хаты? Не было падтрымкі нават ад радні. Разумелі мяне толькі дзеці.

Фото: Игорь Матвеев

Сёння з 26-ці хат у Валодзькаве 8 належаць Юліі Бука. У трох з іх яна прымае гасцей. Была яшчэ адна, але яе, як у тым бразільскім серыяле, спалілі. Аднак пра вясковыя жарсці крыху пазней.

«Ну як так — хату ды пад бульдозер?!»

Спадарыня Юлія скончыла ветэрынарны інстытут, а пасля вярнулася ў родную вёску.

— Валодзькава — мая радзіма, тут жылі мае дзяды, мае бацькі. Дзед быў зажытачны, трымаў пчол. Калі прыйшлі Саветы, яму сказалі: «Ці ты ідзеш у калгас, ці мы забіраем тваю зямлю». Ён не пайшоў у калгас. А зараз некаторыя кажуць, што раскулачваць трэба і мяне: на іхнюю думку, 8 хат у аднаго чалавека — дужа шмат. Хоць напачатку зямлякі лічылі мяне няўдачніцай: я ж вярнулася ў вёску з вышэйшай адукацыяй. У нашых жа людзей якое ўяўленне пра шчаслівы лёс? Трэба абавязкова выправіць дзіця з вёскі ў горад… Таму я ўвесь час даказвала, што і ў сельскай мясцовасці можна жыць годна.

Першую хату Юлія купіла для сваёй сям'і. Нарадзіліся трое дзетак. Аднак у шлюбе не пашчасціла: «Муж быў не вельмі прыкладны: любіў выпіць. Але нават не гэта самае страшнае: ён не любіў працаваць. Развяліся».

Фото: Игорь Матвеев

Хоць і вярнулася ў вёску, аднак па спецыяльнасці, ветурачом, Бука працаваць не стала. «Працавала ў розных месцах — у краме, у клубе, на пошце. Трымала нутрый, рабіла шапкі, прадавала іх, пашыла сабе футра. Узяла зямлі, вырошчвала бульбу і іншую гародніну. Трымала па 2−3 каровы, здавала малако. Побач — то ў пракосе, то ў баразне — гадаваліся дзеці. Адным словам, увесь час працавала…».

І паціху набывала нерухомасць у вёсцы.

Фото: Игорь Матвеев

— Справа ў тым, што хаты ў Валодзькаве сталі выкупаць дачнікі. Чужыя людзі прыходзілі на зямлю нашых дзядоў са сваімі парадкамі. І пачувалі сябе тут каралямі. Даходзіла да таго, што мясцовыя бабулі нават працавалі на іх — за зіму выгадоўвалі ім свіней. І мне стала крыўдна за вёску. Яшчэ было шкада, што нежылыя хаты могуць пайсці пад знос. Ну як так — нашы дзяды з цяжкасцю будавалі гэтыя дамы, а іх — пад бульдозер?! І я пачала іх выратоўваць. Калі хату прадавалі па маіх фінансавых магчымасцях, я яе не ўпускала. Першую, гадоў 15 таму, купіла за 100 долараў, апошнюю — за 2,5 тысячы.

У выкупленай хаце новая ўласніца рабіла рамонт, але захоўвала мэблю і прадметы, якімі карысталіся былыя гаспадары. Душа дома, ягоная аўра заставаліся жывымі.

Фото: Игорь Матвеев

Фото: Игорь Матвеев

Гасцей Бука пачала прымаць яшчэ да ўказа прэзідэнта 372 «Аб мерах па развіцці аграэкатурызму».

— Гэта была першая аграсядзіба на Глыбоччыне. Усё пачалося з таго, што ў 2004 годзе Ада Эльеўна Райчонак (педагог, краязнаўца з вёскі Германавічы Шаркаўшчынскага раёна. — Заўвага TUT.BY) шукала месца, дзе правесці мастацкі пленэр, і я прапанавала прыехаць ягоным удзельнікам у Валодзькава. Гасцям спадабалася нашая вёска і тутэйшая маляўнічая прырода. Недалёка возера і лес, а ў 35-ці кіламетрах — знакаміты Мосар. Так і нарадзілася ідэя стварыць аграсядзібу.

Фото: Игорь Матвеев

«Мінімум цывілізацыі, максімум свабоды»

— Мінімум цывілізацыі, максімум свабоды, — любіць гаварыць пра сваю аграсядзібу Юлія. — Нібы прыехаў у госці да бабулі, але сама бабуля некуды з’ехала. У нас просты, а таму танны адпачынак. Пражыванне — 8 рублёў у суткі з чалавека, беларускамоўным — зніжка 20 адсоткаў. Дзецям да 6 гадоў - бясплатна, а да 13-ці - палова кошту. Ёсць нават людзі, якія прыязджаюць у пазыку. Гэта хутчэй не бізнэс, а гуманітарны праект, мы не багацеем з яго, але ж жывём. Гэта адпачынак для бедных і, як я кажу, нармальных, не ганарыстых людзей. За год у нас бывае да тысячы чалавек. Сёлета палова лета ўжо распісана, хаты занятыя. Лепей я вазьму колькасцю, чым коштам. Можна, канешне, падняць кошт — і год чакаць госця.

Турысты самі сябе абслугоўваюць — прыбіраюць хату, перасцілаюць пасцельную бялізну, носяць ваду, гатуюць ежу. Для гэтага ёсць неабходныя прылады і посуд.

Фото: Игорь Матвеев

— Некаторыя замаўляюць харчаванне. Прапаную тады звычайныя вясковыя стравы. Натуральна, гэта ўжо дадатковая паслуга. Ёсць турысты, якія прыязджаюць сюды святкаваць дні нараджэння, юбілеі, вяселлі. Аднак многія, наадварот, стаміліся ад людзей, шукаюць цішыні. З такімі гасцямі сустракаюся, толькі калі яны заязджаюць і калі з’язджаюць.

У Валодзькава едуць розныя людзі. Ёсць сярод іх і замежнікі, і суайчыннікі, і заможныя, і бедныя. Шмат пастаянных кліентаў з буйных гарадоў - Піцера, Мінска і інш.

«У вёсцы ёсць свая эліта»

З гасцямі і са сваімі дзецьмі Юлія размаўляе на роднай мове.

—  Я не настойваю, каб турысты гаварылі са мной па-беларуску. Аднак гэта заўсёды прыемна, хоць спачатку было складана знайсці паразуменне. Прычым супраць былі якраз не расіяне, а нашы. Расіяне толькі перапытвалі некаторыя словы і цікавіліся: а чаму я гавару па-беларуску, калі ўсе вакол па-руску. А нашы абураліся: «Ой, что это вы!». Практычна адразу, як узнікла аграсядзіба, я зрабіла зніжку для беларускамоўных. Падумала, што свае сваіх павінны падтрымліваць. Былі, канешне, людзі, хто хітрыў для выгоды, маўляў, я таксама размаўляю.

Палітыкай Юлія Бука зацікавілася ў 1990-я. Даведалася, ці ёсць у Глыбокім суполка БНФ. Схадзіла на сход. З цягам часу з’явіліся аднадумцы. Аднак сваякі не разумелі яе поглядаў.

— Не разумелі і ціснулі на мяне. Людзі не любяць не такіх, як усе. Нам, беларусам, у гэтым сэнсе складана: мы часта ў сваёй сям'і не можам разабрацца, што ўжо казаць пра ўсю краіну…

Фото: Игорь Матвеев

У 2003−2007 гадах Юлія Бука была дэпутатам мясцовага сельсавету ад БСДП «Народная Грамада». Пасля вылучалася ў аблсавет.

— Але не прайшла. Дакладней, не далі прайсці, хоць месцічы і галасавалі за мяне. Розныя рабілі перашкоды: перакраілі ўчастак, давілі псіхалагічна. Людзі глядзелі на мяне і пыталіся: «Гэта тая Юля, якая Лукашэнку не любіць?».

Любоў да беларушчыны Юлія перадала і дзецям. Аляксею — 27 гадоў, Даніілу — 20, Алесі - 17.

— Пра маіх дзяцей у школе казалі, што яны са «спецыфічнай сям'і». Я іх выхоўвала так, каб яны любілі і памяталі свае карані. Яны ездзілі на пахаванне Рыгора Барадуліна — проста таму што не маглі не паехаць. А калі ў 2014 годзе на Майдане ў Кіеве адбываліся вядомыя падзеі, Алеся запляла ў касу жоўта-блакітную стужачку і так прыйшла ў школу. Натуральна, пасля была размова з настаўнікамі. Дачка сачыла за тым, што адбываецца ва Украіне, гэтак жа пільна, як я ў свой час — у пачатку 1990-х, за падзеямі ў Мінску, калі БНФ там ладзіў мітынгі.

Зараз Аляксей і Данііл жывуць у Польшчы. Старэйшы сын атрымаў там спецыяльнасць «турызм і рэкрэацыя», дапамагае маці новымі ідэямі на аграсядзібе, а малодшы вучыцца на эканамічным факультэце. Алеся сёлета выпускніца, скончыла Глыбоцкую гімназію.

— Абодва сыны займаюцца спортам, — з гонарам кажа жанчына. — Данік — чэмпіён Польшчы па тайскім боксе, падпрацоўвае асабістым трэнерам, знаёмы з вядомым спартсменам і музыкам Віталем Гурковым. Лёша і Данік арганізоўвалі канцэрты Brutto ў Польшчы. Дзеці валодаюць замежнымі мовамі і разам з тым добра ведаюць усю вясковую працу і не цураюцца яе. Сыны даказалі, што можна выбіцца ў людзі і з хутара. Я не магу спакойна рэагаваць, калі на вяскоўцаў кажуць «дзярэўня». «Калгас» — гэта стан душы. І ён можа быць і ў гарадскога жыхара. А ў вёсцы таксама ёсць свая эліта. У нас у сям'і прынцып: дзецям не павінна быць сорамна за мяне, а мне — за іх.

Адзін прыезжы спаліў дом

Два разы на тыдзень ў Валодзькава прыязджае аўталаўка. І гэта — цэлая падзея для месцічаў.

Фото: Игорь Матвеев

Фото: Игорь Матвеев

Юлія ідзе набываць неабходныя прадукты. З розных канцоў вёскі падцягваюцца і іншыя жыхары. Гаспадыня аграсядзібы абменьваецца з імі навінамі.

— Увогуле ж ў вёсцы складана весці турыстычны бізнэс. Бывае, што госці шумяць, танчаць, гучна ўключаюць музыку. Тады мясцовыя бабулькі на мяне накідваюцца: «Вы злодзеі, усё вам грошай мала, трэба раскулачваць ужо». Калі, да прыкладу, вядро каля калодзежа ў суседкі знікла — значыць, яго «скралі Юлькіны госці». Я стараюся падтрымліваць нармальныя адносіны з аднавяскоўцамі, прашу, каб госці дужа не шумелі.

Фото: Игорь Матвеев

Аднак здараецца рознае. І сведчанне таму — папялішча. Юлія Бука паказвае на дом, ад якога застаўся толькі комін:

— Гэтак муж адпомсціў жонцы. 19-гадовая дзяўчына завітала з кампаніяй пажыць у нас. А муж прыехаў з сябрам да яе на разборкі. Але тут сіла большая, іх прагналі. Тады ён ноччу, калі тут ужо нікога не было, прыехаў на таксі і спаліў хату. Міліцыі сказаў, што нерваваўся і выпадкова кінуў недакурак. І чалавеку таму за гэта нічога не было.

Апроч вядзення ўласнай справы, Юлія Бука шмат гадоў працуе сацыяльным работнікам. Зараз даглядае 86-гадовую бабулю з суседняй вёскі Рошча. А неяк у Валодзькаве ўтварыўся своеасаблівы прыватны прытулак.

— У 2013 годзе на зіму сабралі да мяне пяць бабуль з усяго раёна. Пасялілі іх у адной з хат. Пастаялкі былі розныя, кожная са сваімі балячкамі і праблемамі, практычна ўсе зусім адзінокія. За пражыванне з трохразовым харчаваннем кожная плаціла мне са сваёй пенсіі, да дэнамінацыі гэта было 1 мільён 200 тысяч рублёў. Я гатавала ім ежу, якую яны прасілі, і насіла ў кошыку. Вельмі баялася: хаця б усе гэтыя бабулі - Клёня, Уршуля, Сафія і дзве Марыі - дажылі да цяпла, да вясны. А потым іх зноў адправілі на сацыяльныя ложкі ў бальніцы. На сённяшні дзень практычна ўсе яны ўжо паўміралі.

«Не бізнэс, а падтрыманне гонару»

У гаспадыні «Роднага кута» — шмат ідэй. Напрыклад, яна хоча, каб адзін дом увасабляў 1950-я гады, другі - 1960-я, трэці - 1970-я.

Фото: Игорь Матвеев

Плануе выпякаць свой хлеб — па старадаўнім рэцэпце. А яшчэ жадае стварыць этнаграфічную хату, бо назбіралася шмат прыладаў працы нашых продкаў і побытавых рэчаў - вышыванкі, рушнікі, калаўроты і г. д. Ёсць нават сапраўдны маляваны дыван Язэпа Драздовіча.

Юлія Бука лічыць, што яе аграсядзіба — гэта не бізнэс, а падтрыманне нацыянальнага гонару:

— Адзін госць мне неяк сказаў: «Нам трэба зараз плаціць за тое, каб пабачыць, як жылі нашыя продкі». Так, чалавек тут жыве і вяртаецца да сваіх каранёў.

Фото: Игорь Матвеев

Патрэбныя паслугі ў патрэбны момант
-10%
-25%
-10%
-30%
-20%
-15%
-17%
-10%