/ /

Прывітанне, дарагія чытачы-слухачы! Радзіва — тое, што ў Прудку, працягвае сваю трансляцыю. Цяпер у яго мужчынскі голас і думкі таксама мужчынскія. Андрусь Горват вярнуўся дадому! Ну, а мы з Ванем — тым, які фатограф, апсік, апсік — ды ў Мінск. Хоць не вельмі ўжо, прызнацца, і хочацца. А ў эфіры наш рэпартаж пра тое, як журналісты TUT.BY тыдзень у кніжцы жылі.

Фото: Иван Яриванович, TUT.BY

У папярэднім выпуску. Тры гады назад Андрусь Горват, які жыў і працаваў у Мінску, махнуў на ўсю гэтую сталічную мітусню і з’ехаў у Калінкавіцкі раён у дзедаву хату ў вёсцы Прудок. Пасябраваў з мясцовымі, завёў казу Цёцю, курэй ды катоў і стаў пісаць пра сваё жыццё-быццё ў фэйсбуку. І так яно добра пісалася, што з пастоў атрымалася кніга «Радзіва „Прудок“. Дзённік». Ды такая, што першы тыраж разабралі ў адзін дзень.

Горвата чытаюць у кавярнях, цягніках, дараць замежным сябрам — а ён усе гэтак жа з казой і катамі жыве ў Прудку. Аж раптам на тыдзень спатрэбілася яму ў Мінск. І ён бы, можа, махнуў на ўсё ды з’ехаў, але ж як? Цёця цяжарная. Тутбаеўцы прапанавалі дапамагчы і падмяніць яго ў вёсцы. Вось тут пра тое, як мы прыехалі ў Прудок, а далей пра тое, як даглядалі яго казу і знаёміліся з героямі «Радзіва».

«Вогнішча зараз распалім, зварым»

Горват вярнуўся ў суботу. З гэтай нагоды назаўтра котка Ляля нарадзіла яму пяцёх кацянят. Усё, што змаглі мы з Ванем, — гэта чай зрабiць і падлогу памыць. Горват прыехаў стылёвы, быццам сталічны моднік завітаў да сваякоў на выхадныя. Прывёз расаду, кажа, калі кнігі падпісваў, падарылі чытачы.

Фото: Иван Яриванович, TUT.BY

Па-свойску жартую:

— Ты б, мо, ўжо і заставаўся ў тым Мінску? А што?! Мы з казой пасябравалі.

— Мала мне там паветра і прасторы, хоць вельмі падабаюцца хіпстары, сядзець у кавярнях і па горадзе гуляць. У Мінску паўсюль бетон, а тут вялікі дом. Дом тут — гэта не толькі плошча паміж сценамі, гэта мой двор, гарод. Ды і ў хаце я ў асноўным толькі зімой, а так пастаянна ў дварэ. А тут так… рэчы ляжаць. Зараз пацяплее, і спаць на вуліцы буду.

— Таму няма ў тваёй хаце асаблівай утульнасці?

— Некалі я жыў у кватэры з мэбляй, дзе паўсюль былі дываны. І ведаеш, усё гэта адцягвае ўвагу чалавека ад сябе і свайго космасу.

Фото: Иван Яриванович, TUT.BY

А нас ад тэмы космасу адцягвае цётка Надзя. Для тых, хто з ёю блізка незнаёмы — Надзея Леанідаўна. У кніжцы яна цётка Дуня, у жыцці — прыгажуня, а гатуе як! Увесь тыдзень нас з Ванем як родных частавала, а сёння нарэшце мы запрасілі яе да сябе. Звечара начысцілі бульбы, аж раптам — ляснула электрапліта. Гаспадары, от. Прыбіла б такіх кватарантаў, а Горват нічога, даведаўся і вухам не павёў:

— Вогнішча, — кажа, — зараз распалім, зварым. Лепш раскажыце, якім убачылі Прудок.

Добра, Андрусік Іванавіч… Добра, што ў космасе матэрыяльнае няважна. Трымай гарбатку і слухай сюды.

Фото: Иван Яриванович, TUT.BY

«Сяджу я і думаю: адкуль у хаце бярэцца гразь?»

Панядзелак у Прудку падобны да аўторка, а аўторак да чацвярга. Вёска пачынаецца мехдваром, а заканчваецца могілкамі.

— Тут помнік, — ладзіць экскурсію дзед Гануша (па-мясцоваму Савá). — Там — помнік — усяго й таго Прудка.

Вось.

Фото: Иван Яриванович, TUT.BY

Стоп! Не так. У сераду ў Прудок прыйшла вясна! Вясковыя выйшлі ў гароды: садзяць бульбу прудкоўцы. Цётка Надзя нешта не ў гуморы:

— Што папала робіцца, усе гаруюць, а ў мяне нават радкі ненарэзаныя.

«Гараваць» у перакладзе з прудкоўскага — жыць і працаваць. Гаруюць тут на сотках і гектарах, гаруюць з бульбай, буракамі, кавунамі. Жыць і ў такую пару не гараваць можа хіба што дзед Гануша: 79 гадоў, узрост дазваляе. Ды я — лезці ў свой гарод не дазваляе Горват.

— Хто?

— Ты! Сяджу вось я і думаю: адкуль у хаце бярэцца гразь? Заўчора прыбірала, сёння зноў грабі.

— Цётка, дайце якую анучу, пыл хачу прыбраць, — схадзіла да цёткі Надзі.

— Дай, дай, Горвату ўжо паўпрастыні дала. На!

Фото: Иван Яриванович, TUT.BY

Кажу ж, не ў гуморы цётка была, радкі ў яе былі ненарэзаныя.

— Дык, я ж ў пятніцу ўжо ўсё пасадзіла, — выпраўляе цётка.

— Ведаю, — кажу. — Вунь сёння, у суботу, вы якая шчаслівая. А яшчэ вы хораша расказвалі пра каханне. Галоўнае, вучылі ўдала выйсці замуж. І гэта не пра грошы. А пра тое, што чалавеку патрэбен чалавек, і пажадана харошы. Бо калі харошы, з ім можна не толькі ў вёсцы, але і на Марсе жыць. Помніце, як гаварылі? А яшчэ казалі: нельга быць прагным і трэба быць добрым.

— Маці мяне вучыла: «Добра, калі хто і на руку плюне», — успамінае цётка і звяртаецца да Андруся. — Я вазьму пачак буракоў, з тых, што людзі падаравалі, і ў сябе для цябе пасаджу.

— У мяне самога нармальна вырастуць, летась вунь, — Горват паказвае рукамі шар, — якія буракі былі.

— Дай хоць палову… у мяне ж зямля лепшая, — цётка чалавек настойлівы.

Фото: Иван Яриванович, TUT.BY

«Ячшэ тыдзень памыюся ў вядры і стану акрабатам»

А ў магазіне свая драма. Улад і Дзед узаралі некаму гарод, хацелі ўзяць пернікаў ды па сто грам — трэба ж адпачыць. Ажно высветлілася, што заробак недзе знік.

— Дзед, ёлкі-іголкі, — крычыць Улад, бо грошы былі не ў яго. — Нам што цяпер тое поле зноўку перакапаць?

— Не сварыцеся, — супакойвае прадаўшчыца. — Нельга ў магазіне сварыцца, тут раней царква стаяла.

Фото: Иван Яриванович, TUT.BY

Прудок, ён, канешне, непрадказальны. І, безумоўна, вясёлы. І людзі тут шчырыя: сам не заўважаеш, як яны ўваходзяць у тваё жыццё.

— Здрасця, я пошту прынесла, — так мы пазнаёміліся з паштаркай.

— Хачу цябе дамашнімі яйкамі пачаставаць. Забяжы, забярэш, — так зблізіліся з прадаўшчыцай.

І толькі аднойчы ў Прудку я плакала, крыху. Было гэта ў дзядзькі Андрэя, таго, што аўцюкоўскі сябра твайго бацькі.

Мы доўга гаварылі, а потым яны дазволілі скарыстацца іх ваннай. З крана цякла гарачая вада, а ў мяне цяклі слёзы.

— Чаму? — пытаецца Андрусь.

— Бо як ты там пісаў: яшчэ тыдзень памыюся ў вядры і стану акрабатам.

— Рамонт трэба рабіць паслядоўна, да зімы і ў мяне ўсё будзе, — адказвае.

— Слухай, Андрусь, — у цёткі свая тэма. — Каторы дзень думаю, а мо і сапраўды я табе тады прынесла кіслую смятану?

Фото: Иван Яриванович, TUT.BY

«Я не разлічваў, што людзям так спадабаецца»

А далей я табе напісала, чытаю:

«Тыдзень я жыла ў тваёй хаце. Раніцамі піла чай з твайго кубка, спала на нейкім з трох тваіх ложкаў і карміла тваю інтравертную гаспадарку. Кожны дзень я соўгалася па вёсцы і чула наўздагон „Здрасця, а то вы праўда ў пісьменніка жывеце?“, а далей якую-небудзь цікавостку пра цябе».

Фото: Иван Яриванович, TUT.BY

— Якую? — пытае Андрусь.

— От ты цікаўны. Ладна. Кажуць, днямі зачыняешся ў хаце і ўсё нешта пішаш, а памідораў у цябе летась было — аёй, але галоўнае — не крадзеш. Натуральна, не прыдумваю. Вось займаецца, гавораць, чалавек будаўніцтвам, дзе дошку знясе, дзе шыферу «свісне», а гэты ўсё купляе.

— І што?

— А тое, што дзівак ты.

Калега пісала: «Вазьмі ў Горвата інтэрв'ю: пра вёску спытай, пра гарод». І можна было б. Ты сёння зноў, гляджу, не выспаўся, гаворыш як не ў сябе. Але ж не хочацца.

— Чаму? — не разумее пісьменнік.

Фото: Иван Яриванович, TUT.BY

Таму што пакуль свет вар’яцее, дзесьці тут на яго ўскрайку — у Прудку — летам без ванны, зімой у валёнках і шапцы побач з нятопленай грубай павінен сядзець дзівакавата-таямнічы пісьменнік і расказваць людзям пра гэты свет. Расказваць проста — праз сральню і кіслую смятану, і з выкрутасамі — тут я пра космас. Без гэтага свету цяжка. А без таямніцы нецікава. Таму няхай яна з вамі і застаецца. Хоць, напэўна, для цябе не ў гэтым сэнс.

Днямі дзядзька Андрэй сказаў:

— Калі б Андрусь не прыехаў, колькі б такая хата пратрымалася? Мо, год, мо, два — і закапалі б. А колькі яшчэ па Беларусі такіх Андрусёў з дзедавымі хатамі бадзяецца? Але ж баяцца, не хочуць, не едуць.

Фото: Иван Яриванович, TUT.BY

Таму давай пака, паеду і я да дзедавай хаты. Адно спытаю на дарожку:

— А што б ты рабіў, калі б «Радзіва» не стала такой папулярнай?

— Я не разлічваў, што людзям так спадабаецца. Калі пісаў: хачу надрукаваць тыраж, меркаваў, будзе асобнікаў 200. А тут вось як усё атрымалася. Чаму? Не ведаю, мне і зараз здаецца: усё гэта не заслужана.

— Баішся, што другая кніга такой не атрымаецца?

— Так, самы вялікі страх.

Фото: Иван Яриванович, TUT.BY

Мы з’ехалі, але дарогу ў Прудок не забудзем, бо нас тут палюбілі і чакаюць. Пра «палюбілі і чакаюць» — гэта я не прыдумала, гэта Горват нам так кніжку падпісаў. І пачуцці тыя ўзаемныя.

Працяг будзе.

Каза пакуль не нарадзіла.

{banner_819}{banner_825}
-10%
-20%
-10%
-30%
-50%
-13%
-45%
-10%
0064701