Да году папраўчых работ і адлічэнне 15 адсоткаў з заробку за абліты фарбаю бюст Леніна ў мястэчку Малеч Бярозаўскага раёна засуджаны жыхар Малечы Віталь Шылінец, перадае «Радыё Рацыя».

Дзяржаўны абвінаваўца Якубец запатрабавала пакараць Шылінца па крымінальным артыкуле двума гадамі папраўчых работ з адлічэннем 25% з заробку. Па выроку суддзі Бярозаўскага суда Наталлі Вакульчык, Шылінец пакараны годам папраўчых работ з адлічэннем 15% з заробку.
Віны сваёй па крымінальным артыкуле абвінавачаны не прызнаў. Ён лічыць, што помнікі злачынцу Леніну не павінны стаяць на беларускіх плошчах.
— Ленін разагнаў заканадаўчы канстытуцыйны орган — Устаноўчы сход. Бальшавікі расстралялі мірную дэманстрацыю, якая была нязгодная з гэтым разгонам, што прывяло да грамадзянскай вайны і да мільёнаў-мільёнаў ахвяраў… Не было такога чалавека, хто б сказаў, што я зрабіў нешта не так. Многія выказвалі салідарнасць са мной, — кажа Віталь Шылінец.
Па словах намесніка дырэктара па гаспадарчай частцы аграфірмы «Малеч» Віталя Дзюка, бюст не стаіць нідзе на балансе, паставілі дзесці ў 1980 годзе. Да гэтага бюст ніхто не чапаў.
Не тое што помнік Леніну абліць, можна было і дзверы абліць, і таксама абмяркоўвалі б, бо гэта ж вёска. Паводле Віталя Шылінца, ён намераны абскардзіць прысуд Бярозаўскага суда.