Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Для Беларусі праблема абароны аўтарскага права таксама вельмі актуальная. Толькі летась праваахоўнымі органамі было канфіскавана больш як 102 тысячы аўдыё- й відэакасэт, а таксама кампакт дыскаў. Тым ня менш, піратаў ХХІ стагодзьдзя гэта не палохае. На беларускім рынку ледзь ці не ўся відэа-аўдыёпрадукцыя неліцэнзаваная.

Фармальна беларускія ўлады робяць быццам усё магчымае, каб спыніць інтэлектуальнае пірацтва ў краіне. Яшчэ ў траўні 1996 году пры Міністэрстве юстыцыі быў створаны Камітэт па абароне аўтарскіх і сумежных правоў. У сьнежні 1997 году Беларусь далучылася да Бэрнскай канвэнцыі па ахове літаратурных і мастацкіх твораў. Праз год беларускія ўлады ратыфікавалі дамовы Сусьветнай арганізацыі інтэлектуальнай уласнасьці па аўтарскім праве. Праўда, гэтыя дамовы набудуць моц толькі ў 2002 годзе. А пакуль заключаюцца дзьвюхбаковыя дамовы зь непасрэднымі ўладальнікамі інтэлектуальнай маёмасьці.

Цяпер Камітэт па аўтарскіх правох мае 220 такіх дамоваў з арганізацыямі, якія выкарыстоўваюць творы літаратуры й мастацтва, прадстаўляе на тэрыторыі нашай краіны інтарэсы 1,5 тысяч беларускіх, а таксама 16 тысяч замежных аўтараў. Згаданы Камітэт ажыцьцяўляе збор і выплату ганарараў аўтарам літаратурных твораў і навуковых работ. Прычым, праца гэтая зусім не ахвярніцкая: Камітэт бярэ таксама сваю частку прыбытку, якую пералічвае ў дзяржбюджэт. Летась, да прыкладу, было пералічана амаль 19 мільёнаў рублёў, атрыманых Камітэтам па аўтарскіх правох за абарону інтэлектуальнай уласнасьці.

Зрэшты, далёка ня ўсе замежныя, і нават айчынныя, аўтары карыстаюцца паслугамі Камітэту па аўтарскіх правох, бо ня вельмі вераць, што інтэлектуальная ўласнасьць у нашай краіне знаходзіцца пад надзейнай абаронай дзяржавы. Прытым, што праваахоўныя органы робяць раз-пораз рэйды па кірмашох і шапіках, дзе вядзецца гандаль аўдыё- й відэакасэтамі, а таксама кампактдыскамі.

Летась, са зьвесткаў памянёнага Камітэту, у Беларусі было выяўлена 103 выпадкі парушэньня аўтарскіх правоў, у парушальнікаў канфіскавана 102 тысячы пірацкіх аўдыё- й відэакасэтаў, кампактдыскаў, 132 адзінкі капіравальнай апаратуры - агульным коштам больш за 353 тысячы даляраў. Аднак гэта выглядае толькі кропляй у моры. Сёньня бальшыня адмысловых шапікаў гандлююць менавіта пірацкімі аўдыё- й відэакасэтамі ды кампактдыскамі. Як адзначыў у размове з карэспандэнтам РАЦЫІ адзін з такіх гандляроў: каб набыць адпаведныя ліцэнзіі на продаж аўдыё- відэапрадукцыі, патрэбны агромністыя грошы. А гэта, у сваю чаргу, зробіць кошт аўдыё- відэакасэт недасягальным для масавага беларускага пакупніка. Таму інтэлектуальнае пірацтва ў нашай краіне, зь меркаваньня майго суразмоўцы, будзе квітнець да таго часу, пакуль беларусы будуць жыць бедна. Улады тое разумеюць, і з гэтае прычыны асабліва й не змагаюцца з гандлярамі неліцэнзаванай прадукцыяй.

Да таго ж, нават калі ўва ўсіх беларускіх інтэлектуальных піратаў будзе сканфіскавана адпаведнае капіравальнае абсталяваньне, гэта ня вырашыць праблемы. Бо значная колькасьць пірацкай прадукцыі трапляе ў Беларусь з Расеі. Да прыкладу, пазалетась у нашай краіне была затрымана партыя пірацкіх кампактдыскаў з Расеі агульнай колькасцю больш як 900 тысяч адзінак.

Варта адзначыць таксама, што некаторыя дзяржаўныя ўстановы Беларусі таксама займаюцца пірацтвам. Напрыклад, Беларускае тэлебачаньне нярэдка "запазычвае" стужкі расейскіх ці іншых замежных тэлекампаніяў, сарамліва прыкрываючы іх лягатыпы. А калі такі крадзёж інтэлектуальнае ўласнасьці адбываецца на дзяржаўным роўні, то патрабаваць ад шэраговых грамадзян законапаслухмянасьці ўлады ня маюць маральнага права.





Ян Мікалаеў

Радыё Рацыя
,