Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Пра гэта адкрыта заяўлена ў часе чарговага паседжаньня Парлямэнцкае Асамблеі Рады Эўропы, на якім прысутнічалі першы намесьнік старшыні Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня Анатоль Лябедзька й ягоны намесьнік у Аб'яднанай грамадзянскай партыі Яраслаў Раманчук. У працы бралі ўдзел і чальцы Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу. Анатоль Лябедзька аспрэчыў чуткі, пададзеныя Беларускай тэлевізіяй, пра тое, што нібыта намесьнік сьпікера Палаты Прадстаўнікоў Уладзімер Канаплёў 26 красавіка, у гадавіну Чарнобыльскай катастрофы, меўся выступіць перад дэпутатамі Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы з дакладам па чарнобыльскіх праблемах.

З 23 да 25 красавіка ў Стразбургу (Францыя) знаходзіўся віцэ-сьпікер Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня Анатоль Лябедзька, які ўдзельнічаў у паседжаньні Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы. Рацыя паведамляла, што намесьнік старшыні легітымнага парлямэнту Беларусі сустракаўся з Генэральным сакратаром Рады Эўропы Вальтэрам Швімэрам, кіраўніком Палітычнага камітэту Тэры Дэвісам, спэцыяльным дакладчыкам Камітэту па Беларусі Вольфгангам Бэрэндтам, кіраўніком дэлегацыі Расеі ды іншымі ўплывовымі асобамі гэтай міжнароднай структуры.

Апрача дэлегацыі Вярхоўнага Савету, у Стразбургу знаходзіліся й прадстаўнікі Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Беларусі на чале зь віцэ-сьпікерам Уладзімерам Канаплёвым. Беларуская тэлевізія распаўсюдзіла інфармацыю, быццам 26 красавіка спадар Канаплёў меўся выступіць на паседжаньні Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы з дакладам аб постчарнобыльскай сытуацыі ў краіне. Віцэ-сьпікер Вярхоўнага Савету Анатоль Лябедзька аспрэчыў гэтыя чуткі пад час сустрэчы з журналістамі ў чацьвер.

А.Л.: - Па-першае, у нас крыху іншыя інтарэсы: Чарнобыльскі Шлях цікавіць, Канаплёва ж цікавіў cочынскі футбол. Менавіта з гэтае прычыны частка дэлегацыі прыехала на два дні пазьней, калі мы фактычна адпрацавалі сваю праграму. Гэта - першае. Па-другое, я выключаю абсалютна мажлівасьць выступу Канаплёва зь нейкім дакладам у фармаце сэсіі й нейкага камітэту. Мы валодаем абсалютнай інфармацыяй, што абедзьвум дэлегацыям была дадзена мажлівасьць прыехаць у Стразбург, але гэта не было афіцыйным запрашэньнем. І ўсе выдаткі нашае паездкі мы ўзялі на сябе, за свой кошт наведалі Стразбург. А праграмы ні для той дэлегацыі, ні для нашай не існавала. Гэта была асабістая наша ініцыятыва. І з кім сустракацца, якім чынам, якімі мэханізмамі, як мы што плянавалі, - гэта ўсё вырашалі мы самы. У нас проста была мажлівасьць выкарыстоўваць кулюарную працу ў сэсіі Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы. І ўсялякія афіцыйныя выступы - гэта проста выключана. Там багата людзей. Як сказаў нам адзін з дарадцаў Генэральнага сакратара: "Сюды прыяжджаюць самыя экзатычныя дэлегацыі, статус іхны неафіцыйны, мы - арганізацыя адкрытая і даем прадстаўнікам Беларусі мажлівасьць выступу". Што датычыць чарнобыльскае тэмы, то ў прапанаванай рэзалюцыі ёсьць адзін абзац дачынна Беларусі. Там адзначана, што Беларусь - гэта тая рэспубліка, якая адчувае ў найбольшай ступені наступствы Чарнобыльскае катастрофы. Аднак палітычная сытуацыя ў Беларусі не дае мажлівасьці аказваць паўнацэнную дапамогу па ліквідацыі гэтых наступстваў. Вось гэта вынік пазыцыі, працы Канаплёва й Аляксандра Лукашэнкі ды іншых за ўвесь той час, за апошнія сем год, калі яны рэальна каля ўлады.

Гэтак разважыў - падкрэсьлім - намесьнік старшыні Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня, старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька. Віцэ-сьпікер Вярхоўнага Савету падаў дэпутатам Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы аналітычную нататку, якая адлюстроўвае палітычныя й юрыдычныя аспэкты дэкрэту № 8 і пагадненьня аб стварэньні адзінага эмісійнага цэнтру Расеі й Беларусі, а таксама стан справаў у чарнобыльскай зоне празь 15 год з моманту аварыі на ЧАЭС.

Анатоль Лябедзька й ягоны намесьнік у АГП Яраслаў Раманчук падрабязна паінфармавалі эўрапейскіх палітыкаў пра рэпрэсіі, чыненыя беларускімі ўладамі адносна апазыцыі, за прыклады падаючы, перадусім, расправы з удзельнікамі акцыяў 25 сакавіка й моладзьдзю 21 красавіка бягучага году.



Генадзь Кесьнер

Радыё Рацыя