Сяржук Серабро,

Галоўны корпус былога базылянскага кляштара ў Віцебску, у якім размяшчаўся станка-інструментальны каледж, перададуць гімназіі № 1.

Трохпавярховы будынак галоўнага корпуса былога базылянскага кляштара мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, ён пабудаваны ў 1743 годзе. Па сутнасці, гэта самы стары будынак у Віцебску, які захаваўся. Зараз яго агульная плошча складае 3847 квадратных метраў.

Упраўленне капітальнага будаўніцтва Віцебска аб’явіла тэндар па выбару генеральнага падрадчыка для распрацоўкі перадпраектнай дакументацыі рэканструкцыі гэтага будынка пад гімназію. Плануецца, што тут змогуць займацца 16 класаў (па 4 класы на паралель), а ўсяго — 480 вучняў з 2-га па 5-ы класы.

У будынку павінны размясціць не менш за 16 класных кабінетаў, 6 ці 8 кабінетаў англійскай мовы, два кабінеты працы — для дзяўчат і хлопцаў, бібліятэку з чытальнай залай, сталоўку не менш чым на 120 чалавек, спартыўны зал з жаночай і мужчынскай распраналкамі, актавы зал, настаўніцкую, гардэроб, прыбіральні для вучняў і настаўнікаў, а таксама шэраг іншых кабінетаў і службовых памяшканняў.

Праекціроўшчык павінен абследаваць сам будынак, затым — асобныя канструкцыі і падрыхтаваць заключэнне. Пасля трэба падрыхтаваць дакументацыю для прыняцця рашэння пра інвеставанне праекта і забяспечыць экалагічную экспертызу. Трэба заўважыць, што ў лютым 2014 года санэпідэмстанцыя выдала адмоўнае заключэнне станка-інструментальнаму каледжу, які хацеў атрымаць ліцэнзію на працяг адукацыйнай дзейнасці ў гэтым памяшканні.

Рэканструкцыя будынка пад гімназію № 1 прадугледжаная Інвестыцыйнай праграмай Віцебска на 2017 год. Змены пра гэта ўнеслі ў дакумент рашэннем гарсавета ад 15 лютага 2017 года. Фінансаваць працы па стварэнню перадпраектнай дакументацыі будуць з гарадскога бюджэту.

На старадаўні гмах у цэнтры Віцебска прэтэндавала некалькі арганізацый, у тым ліку — мясцовая епархія Беларускай праваслаўнай царквы.

{banner_819}{banner_825}
-20%
-10%
-18%
-50%
-15%
0063408