Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Некаторыя лукашэнкаўскiя "вэртыкальшчыкi" ў хуткiм часе, напэўна, будуць мець пад сваiм камандаваньнем нават вайсковыя падразьдзяленьнi. Як паведамiў падчас нарады ў Менскiм аблвыканкаме мiнiстар абароны Беларусi Леанiд Мальцаў, у некаторых рэгiёнах нашай краiны будуць разгортвацца гэтак званыя тэрытарыяльныя войскi, кiраваць якiмi будуць адпаведныя ўпраўленьнi мясцовых выканкамаў.

Нарада, якая праходзiла ў Менскiм аблвыканкаме, была прысьвечаная праблеме прызыву на вайсковую службу. Але сама прысутнасьць мiнiстра абароны краiны Леанiда Мальцава прымусiла ўдзельнiкаў гэтага мерапрыемства выйсьцi за рамкi праблемаў адной сталiчнай вобласьцi. Сам генэрал Мальцаў таксама разважаў ня толькi пра сытуацыю з прызывам у Беларусi, але распавёў пра будучую рэформу беларускага войска.

Па словах генэрала, галоўная мэта рэформы беларускага войска - не скарачэньне яго колькасьцi, а ўдасканаленьне абароназдольнасьцi. У зьвязку са зьменаю сытуацыi ў сьвеце, у беларускiм войску будуць створаныя нават некаторыя новыя падразьдзяленьнi, якiя маглi б эфэктыўна змагацца з тэрарыстычнымi групоўкамi, а таксама весьцi iнфармацыйную вайну. Апошнюю, па словах генэрала, нельга разумець толькi як iнфармацыйнае супрацьстаяньне ў мэдыях. Газэты, радыё, тэлевізія, на думку Леанiда Мальцава, - не галоўныя сродкi вядзеньня iнфармацыйнай вайны. На першае месца ў гэтай вайне генэрал ставiць выведку, якая - з дапамогай мэдыяў - павiнна ў выпадку неабходнасьцi ўвесьцi супрацiўнiка ў зман. Мяркуючы па словах мiнiстра, у беларускiм войску зараз надаюць вельмi вялiкае значэньне ўмацаваньню падразьдзяленьняў выведкi.

Праўда, скарачаць асабовы склад войска Беларусi ўсё ж прыйдзецца. I рэч ня толькi ў тым, што ў дзяржавы не стае грошай на ўтрыманьне 80-тысячнай арміі. Такое вялiкае для Беларусi войска ў мiрны час проста не патрэбнае. Разам з тым, генэрал Мальцаў адзначыў, што ў краiне павiнна быць баяздольнае войска рэзэрвiстаў, якiя маглi б стаць на абарону Айчыны ў выпадку ўзьнiкненьня ваеннай пагрозы.

Таму, як i раней, практыка падрыхтоўкi вайскоўцаў запасу шляхам прызыву на тэрмiновую вайсковую службу захаваецца, па словах Леанiда Мальцава, нават тады, калi ў Беларусi зьявяцца цалкам прафэсiйныя Ўзброеныя Сiлы. Генэрал паабяцаў, што тэрмiн вайсковай службы будзе скарочаны, аднак не паведамiў на колькi. "Мы зможам скарацiць тэрмiн службы настолькi, наколькi гэта будзе неабходна для падрыхтоўкi маладога чалавека як спэцыялiста на выпадак вядзеньня баявых дзеяньняў", - адзначыў мiнiстар абароны. Так што спадзяваньнi шматлікіх прызыўнiкоў на скарачэньне тэрмiну службы могуць аказацца марнымi.

Дарэчы, у найблiжэйшы час iстотна зьменiцца сама арганiзацыя прызыву. Генэрал Мальцаў паведамiў, што "на працягу апошнiх год нiяк не ўдаецца вырашыць праблему ўкамплектаваньня беларускага войска ў поўным аб'ёме". Для вырашэньня гэтай праблемы Мiнiстэрства абароны падрыхтавала й накiравала ва ўрад праект прэзыдэнцкага ўказу, у якім утрымліваецца прапанова ўключыць ваенныя камiсарыяты ў склад мясцовых структураў выканаўчай улады.

Iншымi словамi, ва ўсiх раённых "вэртыкалях" у хуткiм часе, вiдавочна, зьявяцца вайсковыя ўпраўленьнi. Прычым, як паведамiў генэрал Мальцаў, уключэньне вайсковых камiсарыятаў у склад мясцовых выканкамаў робiцца ня толькi для лепшай арганiзацыi прызыўных кампанiяў. Паводле словаў мiнiстра, у некаторых рэгiёнах Беларусi будуць разгорнутыя тэрытарыяльныя войскi. Што гэта будуць за войскi, i навошта яны патрэбныя, генэрал не растлумачыў. Ён толькi паведамiў, што функцыi галоўных штабоў для кiраваньня тэрытарыяльнымi войскамi будуць выконваць менавiта ўключаныя ў склад мясцовых выканкамаў вайсковыя камiсарыяты.



Ян Мiкалаеў

www.racyja.pl" target=_blank>Радыё Рацыя