151 день за решеткой. Катерина Борисевич
Коронавирус: свежие цифры


Вадзім Сідаровіч,

Апошні прома-ролік пра Беларусь, які зрабілі па замове Нацагенцтва па турызме — «Беларусь. Звыш за чаканне». Там ёсць сапраўды нечаканы момант: турыст ідзе па беларускім лесе з рагамі ў заплечніку. Што б вы не думалі, але гэта можа быць і ў рэчаіснасці: у Беларусі ёсць шмат прыродных аматараў, якія збіраюць рогі ласёў ды высакародных аленяў. Вучоны, які сам іх падняў больш за сотню, распавёў TUT.BY, як і дзе шукаць рогі, а таксама навошта яны жывёлам.

«Дзікая прырода з Вадзімам Сідаровічам» — цыкл прыродазнаўчых артыкулаў. Мы прапануем зазірнуць у жывёльны свет Беларусі праз унікальныя матэрыялы. Вадзім Сідаровіч 30 гадоў у заалагічнай справе, доктар біялагічных навук, прафесар. Вучоны мае сядзібу ў Налібоцкай пушчы, дзе праводзіць свае даследаванні ваўкоў ды іншых жывёлаў. Фотаапарат і фотапасткі дазваляюць яму сфатаграфаваць тое, што далёка не кожны зможа пабачыць у жыцці.

Пра ягады і грыбы чуў. А што, рогі таксама можна збіраць?

У Беларусі даволі шмат прыродных аматараў, якія збіраюць рогі ласёў ды высакародных аленяў. Апошнія гады нават нехта спрабуе на гэтым зарабляць. На вёсках, ды і ў Мінску, на слупах часам вісяць аб’явы: «Куплю рогі», а таксама па вёсках ездзяць скупшчыкі. Чуў, што з ахвотаю купляюць ласіныя рогі замежнікі, якія ездзяць у Беларусь на паляванне. Дарэчы, паводле мытнага цыркуляру, скінутыя рогі можна вольна вывозіць за межы Беларусі. Таксама іх дазволена вольна збіраць людзям гэтак жа, як яны збіраюць грыбы або ягады, але без якіх-небудзь абмежаванняў у тэрміне збору.

Напэўна тыя, хто бліжэй да лесу і камерцыйнага палявання, штось і зарабляюць на рагах. Але я стаўлюся скептычна да мажлівасцяў гэткага заробку, бо шмат чаго трэба спалучыць, каб атрымаўся хоць нейкі грашовы інтарэс. Нават калі ўсё пасуе, рогі адшукваюцца марудна, і ў гэтай аматарскай справе часта бываюць надта напружныя, але зусім нішчымныя дні.

Фото: Вадим Сидорович, TUT.BY
Высакародны алень абдзірае кару на дрэўцы і трэцца водарнымі залозамі. Так ён знакуе дрэвы

Сапраўдны поспех адбываецца зрэдку. Памятаю толькі раз, у пачатку 2000-х гадоў, калі я цягам чатырох гадзін знайшоў 29 ласіных рагоў, сярод якіх было сем пар пераважна немалых. Гэта адбылося ў Расонскім раёне ў хваёвай пасадцы, на плошчы каля 20 гектараў. Але тое было толькі раз у жыцці! На жаль, усё меней зараз часу на гэтую аматарскую справу.

Аднойчы я чуў праўдзівую гісторыю, як у 1970-х гадах на Асвейскай багне, пераважна пры асушальных канавах, два чалавекі паднялі ледзь не сто сёгалеташніх і паляжалых ласёвых рагоў. Да хаты ў Мінск тыя людзі везлі рогі на грузавіку. Але тады было надта шмат лася, як ніколі апошнімі дзесяцігоддзямі.

Вось што тычыцца рагоў аленя, то пра падобныя рэкорды ў Беларусі я не чуў. Але цяперака пры развядзенні аленяў у агромістых вальерах, што будуюцца ўсё болей і болей у Беларусі, гэткія рэкорды пэўна ж будуць і ў дачыненні аленевых рагоў.

Як часта ласі і алені скідаюць рогі?

У самцоў (або, як кажуць, быкоў) аленяў і ласёў рогі скідаюцца і адрастаюць штогод. А чаму рагоў няма ў самак гэтых жывёл і навошта яны самцам? Адно з меркаванняў: гэткім чынам самцы аленя і лася пазбаўляюцца ад лішку разнастайных соляў і іншых мінеральных рэчываў, якія набываюць з раслінным харчаваннем, перш за ўсё — ад паядання страўных парасткаў і кары хмызоў і дрэў. Самкі жа штогод аддаюць гэты мінеральны лішак у шкілет цялят падчас цяжарнасці. Гэтае меркаванне мне падаецца найбольш праўдзівым, але, можа, яно і не гэтак насамрэч. Аргументам на карысць гэткай думкі можа быць наступнае. Апошнім часам паляўнічыя бізнэсоўцы трымаюць шмат аленяў у загародках, харчуючы іх аўсом, сенам ды кукурузай. Гэтыя вальерныя быкі маюць значна лягчэйшыя і порыстыя рогі, бо ім бракуе мінеральнага харчавання ад штучнай ежы.

Фото: Вадим Сидорович, TUT.BY
Лох з вялікімі рагамі i лоша з цялём

Як ласі ды алені карыстаюцца рагамі? Што тычыцца лася, то мне цяжка акрэсліць, як быкі гэтага гатунку (па-беларуску — лахі) ужываюць свае рогі. Бароняцца ад ваўкоў яны капытамі - і пэўна так забіваюць штогод не аднаго ваўка. Баронячыся, ласі сваіх рагоў амаль што не ўжываюць. Можа, ім трэба рогі, каб счапляцца імі пры бойках пад час юру? Гэта зусім не так. Лахі мала б’юцца за лошаў (самак) у шлюбны час. Ім хапае ўзаемнай дэманстрацыі моцы — і слабейшы саступае. Гэткім чынам, лосі сведчаць аб непатрэбнасці сваіх рагоў - то бок яны ў іх насамрэч як мінеральныя экскрэменты, што выдаляюцца адзін раз на год.

Фото: Вадим Сидорович, TUT.BY
Лох з рагамі, якія ў стадыі інтэнсіўнага росту

Алені больш карысна выкарыстоўваюць свае рогі. Па-першае, яны часам бароняцца рагамі ад ваўкоў. Па-другое, быкі счапляюцца імі і тузаюцца. Гэткім чынам вызначаецца больш моцны бык з дужэйшымі цягліцамі, а таксама больш спрытны. Падчас юру гэтакі бык завалодвае гарэмам і робіць значна большы рэпрадуктыўны ўнёсак у падтрыманне папуляцыі. Экалагічна і эвалюцыйна гэта мэтазгодна. Само счапленне быкоў рагамі захоўвае іх ад мажлівых ран. Гэта як своеасаблівы бампер аўтамабіля, што памяншае пашкоджанне пры сутыкненнях.

Дзеля лепшага счаплення на макушцы аленевых рагоў ёсць разгалінаванне, часам даволі развойнае, што завецца каронаю. Таксама пры галаве маецца надвочны адрожак ад ражынага стаўбуру, што нямала захоўвае ад мажлівых ран. Але, нягледзячы на ўсе згаданыя забеспячэнні, аленевыя быкі ўсё ж такі раняць адзін аднаго і асабліва тыя, што не маюць двухвільчатай кароны ў рагах, замест якой — плыткая карона з выглядам забойскага рацішча. Калі рогі і ў аленя слугуюць як мінеральная апраўка, то трэба зазначыць, што алені прытарнаваліся мець з іх карысць.

Фото: Вадим Сидорович, TUT.BY
Аленевы рог без развойнай кароны можа смяротна параніць другога самца пры бойцы
Фото: Вадим Сидорович, TUT.BY
Алені выбеглі падужацца i сцапіцца рагамі
Фото: Вадим Сидорович, TUT.BY
Два самца аленя дужаюцца

І калі ў Беларусі «сезон» на рогі?

Калі рогі скідаюцца і адрастаюць? Тут прагледжваюцца пэўныя заканамернасці, хаця ёсць і выключэнні. Ласі скідаюць рогі з сярэдзіны лістапада і аж да пачатку сакавіка, пераважна ў другой палове снежня і першай палове студзеня. Алені пачынаюць скідаць рогі ў сярэдзіне лютага і ў асноўным скідаюць іх да канца сакавіка. Але маладыя самцы могуць насіць свае малыя рогі аж да ліпеня. Заканамерна і тое, што чым большыя рогі, тым раней яны скідаюцца.

Фото: Вадим Сидорович, TUT.BY
Ласёвы рог

Падчас скідання рагоў паміж лабавой косткаю і рогам утвараецца аддзяляльны скрыль, дзе рог адломваецца. Часцей за ўсё гэта адбываецца пры атрасанні футра пасля лёжкі, а таксама пры скоках праз дарогу, канаву, або малую рэчку. У аленяў гэта таксама часта здараецца пры сутычках паміж самцамі, якія зімою ў іхніх невялічкіх групках адбываюцца даволі часта.

Часам пры свербе ў аддзяляльным скрыле рога быкі пачынаюць чухаць рогі аб невялічкія падатлівыя дрэўкі, што ўтварае гэтак званыя абцёскі.

Фото: Вадим Сидорович, TUT.BY
Знайсці гэткі вялікі ласёвы рог, ды яшчэ пад абцёскаю — здараецца вельмі рэдка. Аб тоўстыя дрэвы алені ды ласі ніколі не будуць адломваць рог, бо ён можа адламацца з часткаю лобнай косткі і агаліць капылы. У гэтакім выпадку самцы аленяў паміраюць — і падобныя здарэнні бываюць

Менавіта вакол абцёсак звычайна рогашукальнікі з імпэтам і навыперадкі спрабуюць знайсці рог. Часам бывае і гэтак, але часцей за ўсё пад імі рог не ляжыць. Таксама гэтакія рогаскідальныя абцёскі рогашукальнікі часта блытаюць са знакоўчымі дрэвамі аленяў ды зуброў. Справа ў тым, што алені, а таксама зубры часта знакуюць сваю тэрыторыю жыцця, здзіраючы на дрэвах кару, ды яшчэ выдзяляюць туды сакрэт са спецыяльных залоз, аздабляючы гэтакую метку сваім водарам. То падобна на рогаскідальныя абцёскі, але ўзгаданыя знакоўчыя дрэвы з абадранаю карою звычайна значна таўсцейшыя.

Пасля скідання рог неўзабаве пачынаюць адрастаць новыя. Яны мяккія і ў скуры, хутка растуць. Напоўніцу яны вырастаюць к канцу лета, скура мярцвее, і быкі абдзіраюць яе аб хмызы і дрэўцы. Пасля гэтага крыху акрываўленыя і ліпкія рогі маюць бадай што белы колер звычайнай косткі. Але з часам на іх наліпае пыл, дробныя націнкі ўсялякага рэчыва, з якім сутыкаецца ўсё яшчэ ліпкі рог. Гэтакім чынам нізавошта не мыйце карычняваты рог, што знайшлі. Асабліва небяспечныя дзеля гэтага мыючыя сродкі і гарачая вада. Карычневая прыгажосць на рагах можа хутка пазбавіцца свайго колеру, бо ўсё наліпшае адмыецца. Менавіта з гэтай нагоды паляжалыя рогі бялеюць.

Фото: Вадим Сидорович, TUT.BY
Пашанцавала знайсці пару выдатных ласёвых рагоў
Фото: Вадим Сидорович, TUT.BY
Мар’ян Мазура захапляецца пошукам рагоў у Налібоцкай пушчы. Некалькі гадоў таму ён распавядаў аўтару, што падняў больш за 500 рагоў

У лесе бываў, але рагоў ніколі не бачыў. Дзе іх шукаюць?

Гэта пытанне няпростае, паспрабуем адказаць сцісла.

  • Спосаб першы. Калі загадзя вызначаецца месца зімовага адстою самцоў ласёў або аленяў у рогаскідальны час. Але гэта няпростая задача.
  • Спосаб другі. Пасля сыходу або падчас хуткага таяння снега ў пошуках рагоў трэба арыентавацца на наяўнасць шматлікіх аправак ласёў ды аленяў. Апраўкі ў самцоў больш шарападобныя, тады як у самак больш выцягнутыя. Але гэта не зусім плённа, бо жывёлы маглі пражываць тамака ўжо без рагоў.
  • Спосаб трэці. Шукаць у тым прыродным асяроддзі, дзе ласі і алені пераважна жывуць падчас скідання рагоў. Але гэта ў сваю чаргу шмат ад чаго залежыць.

Лосі з позняй восені, пакуль няма глыбокага снегу, аддаюць перавагу лазовым хмызам, або барам-чарнічнікам. Калі ў лазняках шмат вады і падмарожвае, то наяўнасць лёду выціскае ласёў адтуль, што трэба ўлічваць. У сваю чаргу, глыбокі снег выціскае ласёў з чарнічнікаў па барох. Так што са швыдкім націскам зімы ласі шпарка апыноўваюцца ў хваёвых пасадках. І чым больш друзлы і глыбокі снег, тым усё больш яны канцэнтруюцца адзін ля аднаго менавіта тамака. Гэткім чынам утвараюцца ласёвыя стойбішчы, дзе надта варта шукаць рогі.

Фото: Вадим Сидорович, TUT.BY
Лох захапіў хмыз на рог падчас юру, руйнуючы хмызы ў жарсці

З аленямі ўсё лацвей, іх часта падкармліваюць, і таму перш за ўсё плённа шукаць іхнія рогі пры месцах падкормкі. Акрамя таго, рогі аленяў, а таксама ласёў больш верагодна могуць быць на травяных галявінах пры мяжы з лесам або хмызамі, у чарнічных барах, пры асушальных канавах, на зарослых торфараспрацоўках. Вельмі годнае месца шукаць рогі - гэта ветравалы з асінаю. Часам у паляўнічых гаспадарках спецыяльна валяць асіны, каб падкарміць ласёў ды аленяў.

Калі ўвесну пры пошуку рагоў бачыце шмат адбіткаў людскіх ботаў, то пэўне ж то былі рогашукальнікі. Звычайна ў гэтакім выпадку лепш перабрацца ў іншае месца і шукаць, дзе ніхто яшчэ не хадзіў.

Куды ж рогі дзяюцца, калі штогод скідаюцца ласямі ды аленямі? Тут усё проста — яны пераважна ў людзей, калі не ў рогашукальнікаў, ды ў грыбнікоў з ягаднікамі. Тыя рогі, што нейкім чынам застаюцца ў лесе, паступова згрызаюцца мышамі, вавёркамі ды зайцамі - так жывёлы спажываюць мінералы.

А што робяць з рагамі людзі? Чаго толькі не робяць, але пераважна тое, што неяк трапіла на вока аўтару, не адрознівалася выбітнай прыгажосцю.

Фото: Вадим Сидорович, TUT.BY
Прыгожыя вырабы з рагоў, якія давялося пабачыць

На маю думку, рог сам па сабе ўжо надта прыгожы, каб пакласці іх некалькі, або гару недзе ў куту кватэры.

Што тычыцца тых рагоў, што скупаюцца перакупшчыкамі, то, напэўна, напрыканцы гандлярскага ланцужка тыя рогі распілоўваюцца на аздабленне мэблі і іншага. Няшмат, але бываюць і даволі мастацкія вырабы з рагоў у выглядзе фатэляў, столікаў, жырандоляў, вешалак і іншага. Тут можа быць багатая фантазія і адмысловае захапленне што-небудзь рабіць з тых рагоў.

Фото: Вадим Сидорович, TUT.BY
Бык высакароднага аленя з вялікімі рагамі
-40%
-10%
-30%
-10%
-33%
-30%
-25%
-20%
-20%
-15%
-10%