Алесь Быньков,

Адзін з нямногіх культавых будынкаў абласнога цэнтра, які перажыў ліхалецці вайны і мірнага жыцця, — касцёл Святой Барбары.

Захавальнік вечнага супакою

Першапачаткова касцёл пабудавалі напрыканцы XVIII ст. на каталіцкіх могілках, якія ў той час былі за горадам, на Гарадоцкай шашы. Яго так і называлі - Падвіцебскі. У 1785 годзе храм асвяцілі ў гонар святой пакутніцы Барбары.

Пасля пабудовы чыгункі ў гэтым раёне ўзводзілі хаты яе работнікі, многія з іх былі католікамі. Касцёл не змяшчаў усіх вернікаў. Таму ў 1880-х вырашылі пабудаваць новую бажніцу. Яе зрабілі з чырвонай неатынкаванай цэглы па праекце інжынера-архітэктара Віктара Піятроўскага. Храм узвялі ў эклектычным стылі (гэта сумяшчэнне неаготыкі і неараманскага кірунку), хаця папярэднік быў цалкам барочны.

Пасля рэвалюцыі касцёл зачынілі, а потым выкарыстоўвалі ў якасці склада мінеральных тукаў. Падчас Вялікай Айчыннай вайны будынку пашчасціла: абстрэлы часткова пашкодзілі яго вежы, хаця навокал былі спрэс руіны.

Пасля вайны касцёл пакрысе прыйшоў у заняпад. Яго нават выкарыстоўвалі ў трэніровачных мэтах альпіністы як плацдарм для пераадольвання вяршынь.

Знішчылі і старажытныя могілкі, на іх месцы пабудавалі прадпрыемства. Да гэтага часу падчас пракладкі камунікацый знаходзяць помнікі, іх усталёўваюць на прыкасцёльнай тэрыторыі. Каля ўваходу ў храм стаіць знак у памяць памерлых.

Жыццё пасля «смерці»

Рэстаўрацыя помніка архітэктуры рэспубліканскага значэння пачалася ў 1988 годзе. Першапаткова тут планавалі зрабіць канцэртную залу (нават калі касцёл ужо быў дзеючы, у ім выступаў, пакуль не набылі арган у абласной філармоніі, віртуозны выканаўца, народны артыст Беларусі Ігар Алоўнікаў).

Але нарэшце будынак перадалі ранейшым гаспадарам — католікам. Першым пробашчам быў Януш Скенчак, сапраўдны адраджэнец веры на ўсходзе вобласці, які шчыраваў у віцебскай і полацкай парафіях. У 1993 годзе святыню асвяціў будучы кардынал Казімір Свёнтак. Пакрысе ўсё даводзілася да ладу: у храме стваралі ўнутранае аздабленне, набылі электраарган.

З часу ўтварэння Віцебскай дыяцэзіі і да 2011 года храм з’яўляўся кафедральным, а яго пробашчам стаў Міхал Ермашкевіч.

Сённяшні дзень

Цяперашні ксёндз-пробашч — Крыштаф Коцьян — некалькі гадоў таму прыехаў служыць з Польшчы. Добра валодае беларускай мовай. Як і яго папярэднікі, з’яўляецца дамініканам. Гэты ордэн мае даўнюю прысутнасць у Віцебску, калісьці побач з Дабравешчанскай царквой на беразе Дзвіны нават стаяў дамініканскі касцёл.

Зараз у Святой Барбары робяць рамонт. Яго фінансуе польскае Міністэрства культуры ў рамках праграмы дапамогі помнікам архітэктуры за мяжой. Сёлета сума склала 10 тысяч еўра. Дапамагае матэрыяльна і Польская правінцыя дамініканаў.

Сапраўдны дэндрапарк уяўляе сабой тэрыторыя перад касцёлам: дрэвы хвойных парод у любы сезон радуюць вока зелянінай.

Храм — гэта людзі

Касцёл — гэта не толькі прыгожыя сцены, а перадусім людзі, якія складаюць духоўную аснову кожнай парафіі. Муры без малітвы — звычайныя каменныя гмахі. Асаблівасць набажэнстваў у тым, што яны праводзяцца не толькі на беларускай мове, але і на польскай, з выкарыстаннем латыні і старажытных тэкстаў.

Віцебск — горад універсітэтаў, шмат студэнтаў прыязджае сюды вучыцца з розных рэгіёнаў. Кожны чацвер увечары ў капліцы ля касцёла збіраецца моладзь, каб паразмаўляць пра жыццё, паразважаць аб веры і не толькі. Так, студэнты з мястэчка Лынтупы Пастаўскага раёна сталі ініцыятарамі стварэння накірунку «12 прыступак». Існуе ўласная музычная група, якая выступае на розных пляцоўках. Моладзь таксама робіць тэатральныя пастаноўкі, пантамімы.

Гонар касцёла — хор Hosanna, які выступаў і за межамі нашай краіны. У яго скарбонцы — перамога на Міжнародным фестывалі ў Магілёве «Магутны Божа». Калектыў з’яўляецца цэласнай супольнасцю, у чым вялікая заслуга музычнага кіраўніка Святланы Шыдлоўскай. Яна ўмее знайсці падыход да кожнага ўдзельніка і трымаць высокі выканаўчы ўзровень.

Ёсць пры касцёле традыцыйныя суполкі «Жывы ружанец», «Легіён Марыі», курсы для жадаючых паглыбіць рэлігійныя веды. Раз на тыдзень вернікі і святары наведваюць хворых у 2-й абласной клінічнай бальніцы (былая Чыгуначная). Суцяшаюць людзей незалежна ад іх канфесійнай прыналежнасці. Працуе нядзельная школа, дзеці рыхтуюцца тут да першага прычасця.

Ёсць у парафіі і сайт у інтэрнэце — праз гэту пляцоўку яна дзеліцца з ўсімі радасцю ад жыцця ў веры.

-20%
-20%
-10%
-30%
-15%
-20%
-20%
-33%