Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Ужо тры акцыі “РСС-2: ЭКШН!” убачыла краіна. Першы ЭКШН! адбыўся 7 красавіка ў Менску на прыпынку “Мэдінстытут”. А ў наступныя два дні ў Берасьці і Менску фіналісты кампаніі паказалі, што на самой справе здольныя вырашаць праблемы арыгінальна, весела і запамінальна.

Берасьцейская каманда з праектам “Твая мэта — чысты горад” прайшла ў фінал кампаніі “РСС-2: ЭКШН!” зь вялікім адрывам ад іншых. Кацярына Таберка, Яўген Мароз, Вольга Маўрына, Кацярына Рэнэр, Раман Міцін, Зьміцер Кіндук і Антон “Чэх” — студэнты Берасьцейскага дзяржаўнага тэхнічнага ўнівэрсытэта (спэцыяльнасьць “Архітэктура”) і проста добрыя людзі прапанавалі вырашэньне праблемы засьмечанасьці горада.

У пятніцу ля гандлёвых радоў берасьцейскага ЦУМа зь мінакамі раптам пачала размаўляць… сьметніца. «Пакарміце мяне!» — гукала яна, а на яе зялёным жываце красаваўся надпіс: “Я галодная”. Удзельнікі каманды, Кацярына і Антон, па чарзе хаваліся ў суседняй краме і, бачачы праз таніраванае шкло, хто менавіта праходзіць каля сьметніцы, давалі свае “адрасныя” камэнтары. “Дзяўчынка! Ты лузгаеш семкі? Кінь мне лушпіньне!..” “Я самая галодная сьметніца ў Берасьці! Няўжо ні ў кога няма сьмецьця ў кішэнях? Аддайце яго мне!”

Оля Маўрына, удзельніца каманды, лічыць, што беларусы не прызвычаіліся да сацыяльных акцый, таму першая рэакцыя мінакоў — “ага, схаваная камэра недзе!”. “Ніхто нічога падобнага ў Берасьці ня ладзіў, — кажа Оля. — Калі ў Эўропе ўсе прызвычаіліся да дзьвіжух, то ў нас усё ціха-мірна. А мы — першапраходцы!!!». Цікава было назіраць, як маленькая дзяўчынка размаўляла са сьметніцай, як зь сяброўкай, і на просьбу пакарміць сумна разьвяла рукамі: «Ма!».

Далей падзеі разьвіваліся на аўтобусным прыпынку на вул.Камсамольскай. Брутальная іржавая сьметніца ператварылася ў гераіню дня. «Няхай я брудная, але ў мяне прыгожая душа!», «Карміце нас! Нас будзе больш і на вуліцах будзе чысьцей» — казала «прыгажуня». І народ паціху сапраўды пачынаў «карміць»…

***
Менская каманда «Гнуткі народ» яшчэ пры рэгістрацыі літаральна закідала Журы арыгінальнымі ідэямі, і ўрэшце даказала, што колькасьць можна спакойна сумяшчаць зь якасьцю. Ніякіх сьвятаў, амаль ніякіх спэцэфэктаў, але ў большасьці пасажыраў мэтрастанцый «Фрунзенская» і «Аўтазаводзкая» ў суботу, з 12:00 да 14:00, усьмешкі былі да вушэй.

Праблемай, якую вырашалі Юля Стомава (МДЛУ), Алег Хамутнікаў (ІПП), Каця Рогава (МДАСК), Ягор Злоцкі і Андрэй Горбач, сталі цяжкія дзьверы ў мэтро. «Мы хочам паказаць, што людзі павінны быць максымальна ветлівыя, я б нават сказала, галянтныя ў адносінах адно да аднаго. Нават калі гэта датычыць такой «дробязі», як прытрымаць цяжкія дзьверы ў мэтро,» — кажа Юля Стомава.

…Уявіце: вы выходзіце з мэтро, і тут перад вамі ўзьнікаюць маладыя людзі ў строях мушкецёраў, якія з рэвэрансамі-кніксанамі адчыняюць перад вамі дзьверы. Тры гэтым звяртаюцца да вас на чыстай франка-беларускай: «S'il vous plait, mademoiselle!»

У тым, што датычыць стварэньня дзьвіжух у мэтро, у “Гнуткага народу” ўжо ёсьць досьвед: усе яны займаюцца брэйкдансам і рэгулярна «джэмяць» у пераходзе на «Партызанскай». Але тут усё было складаней. Пераапраналіся на месцы. Там жа паставілі вялізны бумбокс, які (відаць, ня звыклы да Моцарта, Вівальдзі&Co) хвіліны тры адмаўляўся граць клясыкаў, хаця хіп-хоп перад гэтым «рубіў» як мае быць.

Аляксей Пятровіч, выкладчык па прафэсіі і адзін з суботніх пасажыраў мэтро, кажа, што ў хлопцаў вельмі добрая плястыка. І хоць сп. Аляксей упершыню пачуў у свой адрас зварот «Ваша Сьветласьць», у нечым ён так і застаўся скептыкам. «Напэўна, прафэсійныя акторы», — ён так і не згадзіўся паверыць, што гэта звычайныя хлопцы і дзяўчаты без «спэцпадрыхтоўкі» і што тут не здымаюць чарговую рэкляму, не раздаюць нікому не патрэбныя фляеры, а проста ствараюць людзям добры настрой.

На гэтым тыдні пройдуць яшчэ тры ЭКШНы камандаў-фіналістак. Усе акцыі будуць апісаныя ў «Комсомольской правде в Белоруссии», на сайце кампаніі “РСС-2: ЭКШН!”. А потым пачнецца галасаваньне, па выніках якога вызначацца дзьве самыя сымпатычныя акцыі-пераможцы.

Арганізатары кампаніі «РСС-2: ЭКШН!»: РА «Францыск-група», кампанія VELCOM, «Радио ВА», газэта «Комсомольская правда в Белоруссии», Дзіцячы Фонд ААН (UNICEF), партал TUT.BY, «Первый музыкальный канал», інфармацыйна-забаўляльны партал www.333.by.
0058648