Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Спадары Марцаў, Сярэдзіч, Уліцёнак, Хадасоўскі, Высоцкі, Тамковіч, Івашкевіч, спадарыні Мельнічук, Слуцкая ды іншыя сьцьвярджаюць, што ў Беларусі ўзмацняецца эканамічны прэсынг на рэдакцыі незалежных выданьняў. Усе звароты ў Вышэйшы гаспадарчы суд Беларусі аказаліся марнымі - суд не прыняў зыскаў. Таму кіраўнікі беларускіх незалежных мэдыяў вымушаны зьвярнуцца да ўплывовай міжнароднай структуры - АБСЭ.

25 - 27 красавіка ў Менску будзе знаходзіцца прадстаўнік АБСЭ па свабодзе СМІ Фраймунт Дувэ. Нагадаем: спадар Дувэ зьбіраўся наведаць Беларусь акурат месяц таму, напрыканцы сакавіка. Але тады афіцыйныя беларускія ўлады ветліва папрасілі прадстаўніка АБСЭ перанесьці свой візыт яшчэ на месяц, патлумачыўшы: у сакавіку ўсе дзяржаўныя чыноўнікі надзвычай занятыя, у іх ужо расьпісаны недкладныя сустрэчы, набягаюць тэрміновыя справы - і зважыць на спадара Дувэ не стае часу. Далікатны эўрапеец усё зразумеў і пайшоў насустрач беларускім чыноўнікам. Таму КНГ АБСЭ ў Беларусі гэтымі днямі ўдакладняе праграму знаходжаньня спадара Дувэ ў Менску.

Галоўныя рэдактары незалежных выданьняў вырашылі скарыстаць магчымасьць наўпрост зьвярнуцца па дапамогу ва ўплывовую міжнародную структуру - АБСЭ - праз прадстаўніка па свабодзе СМІ.

Як вядома, распаўсюджваньнем і дастаўкай пэрыядычных выданьняў займаецца Рэспубліканскае дзяржаўнае аб'яднаньне "Белпошта", якое зьяўляецца манапалістам і ўсталёўвае свае расцэнкі. Прычым, тарыфы на распаўсюджаньне дзяржаўнай і недзяржаўнай прэсы адрозьніваюцца амаль у пяць разоў - натуральна, не на карысьць апошняй.

Цэнтар прававой абароны СМІ спрабаваў зьвярнуцца з зыскам у Вышэйшы гаспадарчы суд, аднак судовая інстанцыя не прыняла зыску з чыста фармальнай прычыны - маўляў, ня быў выкананы дасудовы, ці адміністратыўны, парадак урэгуляваньня спрэчак. Няма адказу на скаргу і зь Міністэрства прадпрымальніцтва й інвэстыцыяў, куды таксама зьвярталіся журналісты.

Тлумачыць галоўны рэдактар газэты "День" Аляксандар Тамковіч.

А.Т.: - У Беларусі няма магчымасьці знайсьці тую структуру, якая б вырашыла гэта пытаньне. Мы зьвярталіся ў суд, мы зьвярнуліся ў Міністэрства прадпрымальніцтва, але адказу дагэтуль ня маем. А справа ў тым, што незалежныя газэты плацяць зараз у 2 - 5 разоў больш. Мы лічым, што ідзе адкрытае парушэньне антыманапольнага заканадаўства. Мы хацелі б, каб спадар Дувэ дапамог нам змагацца за свае правы. Мы не адзін раз ужо зьвярталіся да Кансультацыйна-назіральнай групы АБСЭ, да старшыні Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ спадара Сэвэрына. Яны параілі нам зьвярнуцца наўпрост да прадстаўніка па свабодзе СМІ АБСЭ, каб праз эўрапейскія структуры ішоў нейкі ціск на афіцыйныя беларускія ўлады. Бо незалежная прэса знаходзіцца ў вельмі цяжкім стане, перш за ўсё, у цяжкім эканамічным стане.

Галоўныя рэдактары патрабуюць спыніць практыку дыскрымінацыі пры фармаваньні тарыфаў і цэнаў на паслугі "Белпошты", а таксама стварыць умовы для свабоднага й раўнапраўнага разьвіцьця альтэрнатыўных сыстэм распаўсюджаньня друкаванай прадукцыі.

Копіі Звароту рэдактараў незалежных беларускіх мэдыяў да прадстаўніка АБСЭ па свабодзе СМІ Фраймунта Дувэ будуць накіраваны ў Міністэрства прадпрымальніцтва й інвэстыцыяў, Міністэрства сувязі, Міністэрства эканомікі й у Дзяржкамдрук.



Іна Студзінская

Радыё Рацыя
0058045