Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Арцём Гарбацэвіч,

У суботу сеціва ускалыхнуў допіс Змітра Дашкевіча, які расказаў у фэйсбуку, што падпісацца за нацыянальны сцяг прыехаў 91-гадовы ветэран.

«Ён адмыслова для гэтай місіі апрануў усе баявыя ўзнагароды, а на развітанне ўзняў над Менскам бел-чырвона-белы сцяг. Ён выглядаў велічна — нават воўчая зграя не асмелілася кінуцца да яго і скласці пратакол», — так апісаў падзею Дашкевіч.

Фото: nn.by

А на наступны дзень «Наша Ніва» наведалася ў госці да састарэлага партызана — Мікалай Сурын жыве са сваёй 75-гадовай жонкай непадалёк ад Малінаўкі.

Гаворыць Мікалай Макаравіч павольна, удумліва — узрост. Свой расповед ён пачаў з падзеяў вайны, якую сустрэў падлеткам у роднай вёсцы ў Чашніцкім раёне, а скончыў - у Заходняй Украіне.

Тады, у 1943 годзе, усім у ягонай кампаніі споўнілася па 18 гадоў, і яны вырашылі, што ўжо дастаткова дарослыя, каб узяць у рукі зброю — трапілі ў брыгаду імя Аляксея Данукалава.

«Нас было трое, — прыгадвае мужчына, — адзін, самы жвавы, пайшоў у лес шукаць партызан, знайшоў, і мы сабралі пажыткі ды пайшлі да іх у лес. Там нас сустрэў дазор з вялізным нямецкім кулямётам. Нам сказалі, што мы яшчэ малыя, а мы ім — дык нам жа па 18! Ну і доўга нас ніхто не адгаворваў, засталіся».

Пасля былі першыя баі, «рэйкавая вайна», страта сяброў - з іх трох дадому вярнуўся толькі ён.

Фото: nn.by
Мікалай Макаравіч разам з жонкай, фота з фэйсбука Мікалая Аўтуховіча.

«Мы дыверсіі розныя рабілі, шкодзілі акупантам. Найбольш запомніўся момант, як пільнавалі нямецкую калону — замаскіраваліся паабапал дарогі, давай чакаць. А там і немцы ехалі, мы іх з засады пастралялі, 15 машын спалілі! А яны потым у адказ па нас з мінамётаў. Кагосьці і пахаваць давялося… А потым неяк з кальца выходзілі, немцы на нас супрацьпяхотныя бомбы скідалі - ляціць нібы скрынка такая, рассыпаецца потым. І вось такая ўзарвалася каля майго сябра, з якім разам у лес пайшлі - бачу, яго ўжо на нямецкім шынялі параненага нясуць. Я да медыкаў прыйшоў, што яго аперавалі, гляджу, а ў Жоржыка вышэй калена нага накрозь прабітая. Я вярнуўся на пазіцыі, а яго жывым болей і не пабачыў», — кажа Мікалай Макаравіч. Другі сябар загінуў недзе на Захадзе, далучыўшыся пры наступленні да рэгулярнага войска.

Фото: nn.by
З вайны ў Мікалая Макаравіча ёсць толькі адзін здымак — стаіць на палічцы побач з кнігай Уладзіміра Арлова. Пасярэдзіне фота маладога Мікалая — зроблена недзе ў 1946 годзе.

«Вось такі і быў, — паказвае фота ветэран, — колькі маладым перажыў усяго. Памятаю, сам суправаджаў у тыл параненых ва Ушачы — была такая партызанская медыцынская служба, праўда, ў кіно пра яе не кажуць: пару коней, за імі яшчэ адзін, а паміж імі штосьці накшталт насілак, ну і канвой, канечне. Вось так ішлі толькі ноччу, па грэблях — гэта калі на дрыгве бярвенне мосціш, каб коні не танулі, але ўсё адно выцягваеш. І вось потым я сам захварэў на тыф, сілы пакінулі, і лазарэт наш захапілі немцы. Але яны не зразумелі, што мы партызаны — адправілі ў аўстрыйскі лагер для працоўных, а не ваеннапалонных».

Тым часам бацьку юнага партызана на радзіме немцы ўжо пасадзілі ў турму — Мікалай Макаравіч расказвае гісторыю пра падступныя гульні паліцыі.

Фото: nn.by
Мікалай Сурын праваруч.

«Сем'і ж як рабілі - калі хто ў партызанах, дык казалі, што гэны загінуў ужо недзе ці яшчэ як. Але немцавы прыслужнікі хітрылі. Зайшоў такі адзін да майго бацькі і кажа: Мікола просіць махоркі перадаць. Бацька паверыў і прынёс яму самасаду, а на наступны дзень за ім ужо прыехалі - ён так выдаў, што я насамрэч жывы і партызаню», — прыгадвае Мікалай.

Потым ягоны бацька яшчэ выйдзе і паваюе, але загіне ад раненняў.

Дарэчы, чашніцкі бургамістр (супрацоўнік акупацыйнай адміністрацыі) разам з сынам — сябрам Мікалая — таксама пайшлі ў партызаны і загінулі, ваюючы з немцамі, але пра гэта хлопец даведаўся ўжо потым, калі вызваліўся з аўстрыйскага лагера і патрапіў разам з войскам у Заходнюю Украіну.

«Недзе пад Мукачава нас накіравалі, у вёскі, супакойваць бандэраўцаў, што там лютавалі. Мы там багата байцоў страцілі. Я тады ўжо ведаў, што яны супраць і тых, і тых ваююць, але неяк не разумеў. Хаця большасць мясцовых іх падтрымлівала, не прымала савецкую ўладу», — прыгадвае ветэран.

Ва Украіне Мікалай ваяваў з 1945 па 1948 год, а потым вярнуўся да цывільнага жыцця.

Лёс занёс у Кабардына-Балкарыю, дзе ён разам з сябрам-беларусам спрабаваў паступіць на прэстыжны геолага-выведвальны факультэт, але праваліўся, бо там не далі веры двум беларусам, якія пабывалі за мяжою ў палоне — давялося ісці на настаўніцкі факультэт у іншую ВНУ.

«Мы на другой спробе вырашылі не пісаць у анкеце, што былі ў палоне, — кажа Нікалай Макаравіч, — нас узялі, але на лекцыях увесь час усім нагадвалі, што выявяць тых, хто ўтойвае. У выніку на 3-м курсе выклікалі ў аддзел кадраў, там сядзеў чэкіст, лацкан адцягнуў, паказаў свой значак, пагаварылі, але мяне ўжо не адлічылі».

На чужыне хлопец зацікавіўся фатаграфіяй, а потым вярнуўся ў Беларусь, працаваў у тэатральным інстытуце ды шмат дзе.

Фото: nn.by
Фота, зробленыя Мікалаем. Такіх у яго сотні, на здымках ёсць і класікі беларускай літаратуры. Стары партызан усё наракае, што ніяк не можа выдаць альбом, бо чалавек, які ўзяўся, не можа давесці справу да розуму.

Тут ужо пачаў цікавіцца і нацыянальнай гісторыяй — у гэтай цікавасці вытокі таго, што ён на 92 годзе прыехаў аддаць свой подпіс за нацыянальны бел-чырвона-белы сцяг.

«Я лічу што гісторыю нельга вераломна перакройваць, сцяг гэты забараняць, ён жа ж быў, калі ў Беларусі абвясцілі першую рэспубліку! А герб „Пагоня“ — дык зусім спрадвеку нашанскі. Так вось сімвалы забаранілі, цяпер мову калечаць — гэтак і нацыя знікне», — кажа ветэран і дадае, што за Саветамі пра нацыянальныя сімвалы даведацца было цяжка, таму да ўсвядомлення іх каштоўнасці ён прыйшоў пакрысе, вывучаючы розныя крыніцы.

А ў адказ на звыклую прэтэнзію, што пад бел-чырвона-белым сцягам хадзілі паліцаі, ветэран кажа, што за часамі вайны ніколі такога не бачыў, але самой магчымасці не выключае — кажа, што няма чаго пра гэта цяпер думаць, бо тады рознай навалачы хапала, якая чым заўгодна не грэбавала, не тое што сцягам.

Фото: nn.by

«Партызанаў таксама па-рознаму ўспрымаць можна. Былі і такія, пра якіх казалі, што ўдзень немцы прыходзяць рабаваць, а ноччу — яны. Што ў паліцыю, што ў партызаны, таксама розныя зладзюгі шлі, якім вайна — маці родная, абы б накрасці, а сцягам якім заўгодна прыкрыцца былі гатовыя. Памятаю, ужо пры канцы вайны, як парадку стала больш, за марадзёрствы партызаны самі ж сваіх проста расстрэльвалі - каб іншых застрашыць, а як там напачатку вайны было, дык і цяжка падумаць», — мяркуе ветэран.

Кажа таксама, што партызаны звычайна заходзілі браць «на патрэбы» да сваякоў тых, хто служыў паліцыі.

Таксама ветэран мяркуе, што фармат сучаснага свята Перамогі трэба змяніць.

«Каб не так пампезна адзначаць — штосьці ў гэтым ёсць. Забываць не варта, канечне, як мы тую чуму адолелі, але і прыдумаць штосьці іншае, каб больш смутку было, памяці», — кажа Мікалай Макаравіч і расказвае таксама, што хаця і ваяваў пяць гадоў, медаля «За перамогу над Германіяй» так і не атрымаў - той, хто афармляў спіс, не ўключыў Сурына, ці то забыўшыся, ці то палічыўшы, што партызаніць — гэта не ваяваць.

Фото: nn.by

Таксама Мікалай Макаравічы не ўхваляе папулярызацыю г. зв. «лініі Сталіна» — кажа, што тая «лінія» у вайне ніякай ролі не адыграла, а праз загады Сталіна людзей несправядліва саджалі ды забівалі і ўсяляк інакш здзекваліся. Чаго яго хваліць тады?

Не бачыць плёну ён і ў інтэграцыі з Расіяй — маўляў, трэба з Еўропай шчыльней супрацоўнічаць, багацейшымі будзем.

Але ўсё ж гаварыць шмат 91-гадоваму ветэрану не лёгка, часам свае словы ўстаўляе і жонка — настаўніца гісторыі Тамара Антонаўна.

Яна расказала, што ў іхняй кватэры некалі збіраліся цэлыя літаратурныя бяседы: сын Бураўкіна, яе дачка, яшчэ моладзь. Чыталі разам вечарамі Караткевіча, Блока ды іншых.

Фото: nn.by

Таксама жанчына дадала, што яны з Мікалаем Макаравічам маюць поўныя зборы твораў бадай што ўсіх беларускіх пісьменнікаў ды яшчэ і з аўтографамі! Ейны муж дагэтуль можа прачытаць на памяць «Вераніку» Багдановіча, а сама яна таксама пакінула подпіс за наданне бел-чырвона-беламу сцягу статусу каштоўнасці.

«Я і сваім дзецям заўсёды ў школе казала, што гэта наш сцяг, а ў ВКЛ мова дзяржаўная была — старабеларуская. Пасля таго ганебнага рэферэндуму ў нашай школе павесілі чырвона-зялёны сцяг у „дзяржаўным кутку“. Дык мае хлопцы ўсё яго зрывалі ды вешалі наш, а завучу даводзілася за свае грошы купляць новы і ўвёсь час мяняць. Доўга так цягнулася, потым яна проста да мяне падыйшла ды папрасіла, каб я на клас паўплывала і пераканала больш так не рабіць — бо ў яе сын тады памёр, грошай бракавала, я яе пашкадавала», — расказала гісторыю з працоўных часоў Тамара Антонаўна.

Фото: nn.by
Разам з унукам колькі гадоў таму.

Таксама яна прыгадала, што была знаёмая з усімі класікамі беларускай літаратуры — некалі вучыла сына намесніцы міністра культуры, а тая разам з Быкавым, Караткевічам ды іншымі ляцела ў Амерыку. І яе сын, пагражаючы ўцячы з хаты, папрасіў узяць з той дэлегацыяй яго настаўніцу. Тады, маўляў, Барадулін сказаў, што вельмі добра, што ёсць такія настаўніцы, а яна запомніла ягоную пахвалу на ўсё жыццё.

А развіталіся Сурыны пасланнем да моладзі.

«Імкніцеся да лепшага жыцця, — сказалі яны, — больш ніколі вайны на нашай зямлі не дапускайце і кніжак чытайце болей».