Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Першыя тыдні каляндарнай вясны ў гэтым годзе выдаліся як ніколі марозным і снежнымі. Трэба ўжо гадзіннікі на летні час пераводзіць, а цёплае надвор’е ўсё затрымліваецца. Гідраметцэнтр паведамляе, што пасля некалькіх дзён адлігі да Беларусі набліжаецца чарговы халодны антыцыклон са Скандынавіі. Зрэшты, на нябёсную канцылярыю скардзіцца няма куды, застаецца толькі ўзгадаць традыцыі продкаў і гукаць вясну-красну.

Як паведаміла "Белорусским новостям" малодшы накувовы супрацоўнік Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту Таццяна Адакімчык, год у беларусаў раней пачынаўся першага сакавіка. Паводле пераканання сялян, першыя чатыры дні сакавіка адлюстроўвалі стан надвор’я ўсяго года: першае сакавіка - вясну, наступныя тры дні - адпаведна лета, восень і зіму.

"Першага сакавіка сяляне не працавалі, каб не ўгнявіць святую пакутніцу Аўдакію, якая "трымае ў руцэ лета", - распавядае Таццяна Адакімчык. У гэты дзень пачыналі спяваць вяснянкі - "клікаць вясну". Рабілі гэта дзяўчаты. Яны выбіралі ўзвышаныя месцы і пачыналі спяваць песні, у якіх горача заклікалі Вясну прыйсці на зямлю і прынесці з сабой "цёплыя дзянёчкі, чыстыя дажджочкі", а таксама збожжа і красак. Цікава, што ў раўніннай мясцовасці гукальніцы вясны ўзбіраліся на гуменныя стрэхі".

"Гукалі вясну кожны вечар да таго часу, пакуль не стане магчымым араць зямлю, - працягвае суразмоўніца. - Вяснянкам надавалася вялікае значэнне як абрадавым песням, закліканым, паводле думкі старажытнага чалавека, магічна наблізіць цёплыя дні, адраджэнне прыроды і магчымасць распачаць працу на полі. Характэрная асаблівасць вяснянак - выгукванне "Гу-у!" пасля кожнага куплета".

Па словах Таццяны Адакімчык, кульмінацыя абраду гукання вясны прыпадала на Дабравесце (Звеставанне, Благавешчанне), якое адзначалі 25 сакавіка (па новым стылі 7 красавіка). Лічылася, што да Дабравесця нельга чапаць маткі-зямлі, бо яна можа ўгневацца і не зарадзіць. Гукаць вясну пачыналі пасля абеду. Згодна з традыцыяй моладзь перш-наперш пыталася ў старэйшых: "Ці дазволіце, старыя людзі, нам вясну-красну выгукаці?" У канцы вёскі складалі вогнішча, вакол якога вадзілі рытуальныя карагоды па хадзе сонца. Ужываліся і такія абрадавыя дзеянні, як "заскокванне", "затанцоўванне" вясны.

Паступова абрад "Гуканне вясны" страціў свой магічны сэнс і пераўтварыўся ў прыгожае свята, забаву для моладзі і ў такім выглядзе існуе ў нашыя дні. У Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту, які знаходзіцца пад Мінскам каля вёскі Строчыцы, арганізавана гукаюць вясну з 1996 года. Без урачыстасцяў не абыдзецца і сёлета - свята тут пройдзе 27 сакавіка з 12 да 16 гадзінаў.

Як паведамляе БелаПАН, у праграму "Гуканне вясны" уключаныя карагоды вакол вогнішча, народныя гульні, забавы, танцы, гушканне на арэлях. Будзе наладжаны продаж сувеніраў, а для ўсіх ахвотных падсілкавацца будзе працаваць буфет. Святочны настрой гледачоў будуць падтрымліваць фальклорныя гурты "Каладзей", "Музыкі", "Джам-Бі-Бум", "Гуда", "Дэсань", "Жавароначкі", "Зараначка" і "Кудмень", а таксама дзіцячы калектыў "Калыханка" з вёскі Міханавічы.

Акрамя таго, у памяшканні царквы з вёскі Лохнавічы Клецкага раёна, якая ўваходзіць у музейную экспазіцыю, адбудзецца выстава выцінанак, падрыхтаваная Беларускім саюзам майстроў народнай творчасці.

Дарэчы, даехаць да музея, які знаходзіцца за аўтарынкам "Малінаўка" у чатырох кіламетрах ад Мінскай кальцавой аўтадарогі, можна ад аўтастанцыі "Паўднева-Заходняя" рэйсамі у 10.00 і 10.33.

Віктар ПАЗЬНЯКОЎ