Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Цi ведаеце вы, што ў Беларускiм дзяржаўным медыцынскiм унiверсiтэце сёлета размяркоўвалi не толькi студэнтаў, якiя навучалiся за дзяржаўны кошт, але i студэнтаў, якiя аплачвалi сваё навучанне з уласнай кiшэнi? З такiм пытаннем-паведамленнем на «гарачую лiнiю» "Звязды" звярнулiся студэнты медунiверсiтэта. Як вынiкала з iх слоў, месца для стажыроўкi прапаноўвалася «платнiкам» прымусова: адмовiцца ад прапановы камiсii па размеркаванню яны не маглi. Да таго ж усiх выпускнiкоў размеркавалi ўчастковымi тэрапеўтамi, нягледзячы на iх спецыялiзацыю: i афтальмолагаў, i псiхiятраў, i акушэраў-гiнеколагаў…

Каб праверыць агучаную iнфармацыю, мы звярнулiся за каментарыем да начальнiка ўпраўлення кадравай палiтыкi, устаноў адукацыi i знешнiх сувязяў мiнiстэрства аховы здароўя Яўгена Зяцiкава. Яўген Сямёнавiч, у прыватнасцi, пацвердзiў, што ўсiх студэнтаў Беларускага дзяржаўнага медыцынскага унiверсiтэта камiсiя па персанальным размеркаванні накiроўвала працаваць урачамi-тэрапеўтамi, але пасля года стажыроўкi i двух гадоў працы па размеркаванні ва ўсiх iх будзе магчымасць прайсцi больш вузкую спецыялiзацыю i працаваць афтальмолагамi, акушэрамi-гiнеколагамi, псiхiятрамi i гэтак далей. Галоўнае для сённяшнiх выпускнiкоў — набрацца вопыту ў агульнаўрачэбнай практыцы.

Паводле слоў Яўгена Зяцiкава, мiнiстэрства аховы здароўя бадай што адзiнае ведамства ў краiне, якое сёння ў стане прадаставiць першае месца працы ўсiм выпускнiкам сваiх ВНУ, а не толькi навучэнцам бюджэтнага аддзялення. Яшчэ напрыканцы мiнулага года ў сценах мiнiстэрства аховы здароўя быў падпiсаны загад, якi рэгламентуе правядзенне размеркавання выпускнiкоў у 2005 годзе. У гэтым дакуменце, у прыватнасцi, запiсана: «У мэтах поўнай занятасцi, актыўнай працоўнай дзейнасцi моладзi i стварэння ўмоў для рэалiзацыi канстытуцыйнага права на працу ажыццявiць размеркаванне выпускнiкоў, якiя навучалiся ў вышэйшых медыцынскiх установах адукацыi па дагаворах на падрыхтоўку спецыялiстаў з вышэйшай медыцынскай i фармацэўтычнай адукацыяй за кошт сродкаў фiзiчных i юрыдычных асоб, з улiкам патрэб арганiзацый аховы здароўя ў медыцынскiх i фармацэўтычных кадрах, сямейнага становiшча выпускнiкоў i забяспечанасцi iх жыллём.

Рашэнне камiсii аб накiраваннi на стажыроўку i першае працоўнае месца выпускнiкоў, у тым лiку i тых, што навучаюцца ў вышэйшых медыцынскiх установах адукацыi па дагаворах на падрыхтоўку спецыялiстаў з вышэйшай медыцынскай i фармацэўтычнай адукацыяй за кошт сродкаў фiзiчных i юрыдычных асоб, якiя не прыбылi на пасяджэнне камiсii па персанальнаму размеркаванню, прымаецца ў iх адсутнасць i з улiкам патрэб арганiзацый аховы здароўя рэспублiкi ў спецыялiстах».

«У першую чаргу кадрамi забяспечваюцца лячэбна-прафiлактычныя ўстановы сельскай мясцовасцi, раёны, што пацярпелi ад аварыi на ЧАЭС, i полiклiнiчнае звяно, — дадаў Яўген Зяцiкаў. — Мiнiстэрствам аховы здароўя вызначаны месцы для стажыроўкi выпускнiкоў, таму выпускнiкi не могуць самастойна выбiраць сабе медыцынскую ўстанову, дзе б яны жадалi стажыравацца, i, адпаведна, будучае месца працы. Мы фактычна папярэдзiлi паўтарэнне мiнулагодняй сiтуацыi, калi ў чэрвенi выпускнiкi-платнiкi, якiя адмовiлiся ад размеркавання, асаджалi наша мiнiстэрства з просьбамi дапамагчы iм у пошуках месца для стажыроўкi. Як вядома, не прайшоўшы стажыроўку, працаваць урачамi выпускнiкi медыцынскiх ВНУ не маюць права».

Надзея НIКАЛАЕВА
,