Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Штогод ад 30 да 50 дзяўчат з Вiцебшчыны трапляюць у сэксуальную эксплуатацыю.

Нядаўна была распачата крымiнальная справа ў дачыненні да дзесяцiкласнiка адной з вiцебскiх школ, якi «пастаўляў жывы тавар» у Маскву знаёмым сутэнёрам. У мiнулым годзе таксама было ўзбуджана 9 крымiнальных спраў супраць супрацоўнiкаў прыватных саун, якiя прапаноўвалi клiентам «правесцi час» з дзяўчатамi. Аб гэтым паведамiў на пасяджэннi Вiцебскага аблвыканкама начальнiк упраўлення ўнутраных спраў Вячаслаў Яўстаф’еў. На пасяджэннi пад кiраўнiцтвам старшынi Вiцебскага аблвыканкама Уладзiмiра Андрэйчанкi ў лiку iншых абмяркоўвалася пытанне аб рэалiзацыi Дзяржаўнай праграмы па процiдзеянню гандлю людзьмi i распаўсюджванню прастытуцыi. Высветлiлася, што сэкс-нявольнiцамi пераважна становяцца дзяўчаты ва ўзросце ад 18 да 25 гадоў, якiя нiдзе не працуюць i не вучацца. Шмат сярод такiх нявольнiц тых, хто лiчыцца прапаўшымi. Як падкрэслiў палкоўнiк Яўстаф’еў, звычайна яны «працуюць» у Маскве i Санкт-Пецярбургу…

Губернатар Уладзiмiр Андрэйчанка лiчыць, што адказныя асобы павiнны больш займацца асветнiцкай работай сярод насельнiцтва. Трэба надрукаваць спецыяльныя брашуры, адкрыць спецыяльныя рубрыкi ў СМI, каб жанчыны ведалi аб гэтай праблеме i былi больш уважлiвымi, калi iм прапаноўваюць працаўладкавацца за мяжой.

Аляксандр ПУКШАНСКI