Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Аднак нікому не падасца таямніцай, што на Зьезьдзе вінен вырашыцца лёс гэтай грамадзкай арганізацыі. Цяпер у ім суіснуюць тры неспалучальныя плыні: творцы, якія падтрымалі дзяржаўны беларусафобскі курс, пісьменьнікі нацыянальна-дэмакратычнага ладу думак і людзі, якім усё абыякава, акром уласных амбіцыяў. Цяперашняя выканаўца абавязкаў старшыні Саюзу пісьменьнікаў Вольга Іпатава кажа, што стамілася кідацца паміж двух агнёў...

29 траўня сёлета адбудзецца Зьезд Саюзу пісьменьнікаў Беларусі. З увагі на недастатковае фінансаваньне ён пройдзе за адзін дзень. Ні для кога не сакрэт, што зараз Саюз разрываюць супярэчнасьці паміж прыхільнікамі ўладнай палітыкі ў сфэры культуры й пісьменьнікамі, якія прытрымліваюцца нацыянальна-дэмакратычных каштоўнасьцяў. Гэта можа стацца за прычыну расколу Саюзу пісьменьнікаў і паўстаньня шэрагу пісьменьніцкіх арганізацыяў рознага кшталту, як адбылося ў іншых постсавецкіх краінах. Я зьвярнулася да выканаўцы абавязкаў старшыні СП Вольгі Іпатавай з просьбаю пракамэнтаваць сытуацыю.

RR: - Спадарыня Вольга, ці маеце вы жаданьне стацца cтаршынёй Саюзу пісьменьнікаў?

В.І.: - Такога жаданьня ў мяне няма. Гэта цяжкая праца пры поўным безграшоўі.

RR: - Апроч перавыбараў кіраўніцтва, якія пытаньні плянуе вырашыць пісьменьніцкі форум?

В.І.: - Мне здаецца, што даўно насьпеў час гаварыць пра якасьць нашай літаратуры, пра прапаганду нашай літаратуры, пра стан нашай крытыкі, які можна назваць бядотным. Няма рэцэнзій, няма водгукаў, і чытач не заўсёды можа разабрацца ў літаратурным працэсе. Важныя пытаньні якасьці літаратуры, пісьменьніцкай этыкі, грамадзянскай пазыцыі. Мы зьвярнуліся да сяброў Саюзу: каго вы бачыце ў кіраўніцтве? Як вы бачыце працу СП ў будучым? Ёсьць магчымасьць выказацца.

RR: - У склад Саюзу ўваходзяць самыя розныя людзі, часам з антаганістычнымі поглядамі. Ці можна гарантаваць, што Саюз на гэтым зьезьдзе не расколецца?

В.І.: - Ну хто ж можа сёньня гарантаваць гэта? Але зазначу, баламуціць ваду невялікая частка пісьменьнікаў. Вось і зараз было выступленьне ў сумнавядомай праграме "Разговор по существу". Але гэта толькі невялікая купка пісьменьнікаў. Калі яны сыдуць, будзе горш для іх самых. Саюз пісьменьнікаў павінен мець грамадзянскую пазыцыю, але гэта не палітычная партыя. Трэба нам усім больш думаць пра літаратуру. Толькі яна й застаецца.

Пракамэнтаваць сытуацыю я папрасіла вядомага пісьменьніка Ўладзімера Арлова, сябра Рады Саюзу пісьменьнікаў.

RR: - У Саюзе пісьменьнікаў існуюць дзьве плыні: людзей, якія маюць нацыянальна-дэмакратычныя погляды, і людзей, якія падтрымліваюць афіцыйную палітыку. Ці не распадзецца Саюз пісьменьнікаў з гэтае прычыны?

У.А.: - Я дадаў бы яшчэ адную плынь. Дакладней, гэта ня плынь, але балота. Ёсьць людзі, якія забыліся на свае пісьменьніцкія абавязкі, іхныя імёны можна сустрэць толькі ў даведніках Саюзу пісьменьнікаў ды пад сумнеўнымі зваротамі.

RR: - То бок існуе небясьпека распаду?

У.А.: - Пэўная небясьпека існуе, але можна яе пазбыцца, калі будзе зроблены дакладны выбар кіраўніцтва. Усе канфлікты ў Саюзе пісьменьнікаў узьнікаюць зь вечнае праблемы ўлады й мастака, якое няма ў вольным сьвеце, але якая існуе тут, у Беларусі.

RR: - Пра якія кандыдатуры на кіраўнічыя пасады можа весьціся гаворка?

У.А.: - Я яшчэ ня бачу такой асобы, якая адыграе ролю, што меў Уладзімер Някляеў. Бо Саюз вытрывае тады, калі яго ачоліць чалавек, здольны працаваць з уладамі.

Надалей на хвалях нашага радыё слухач набудзе магчымасьць пазнаёміцца з поглядам беларускіх творцаў на будучыню Саюзу пісьменьнікаў. Ці патрэбен ён у цяперашнім сваім выглядзе? Хто можа зьяднаць пісьменьніцкі цэх? Ці здатныя літаратары ўвогуле быць разам, альбо творца - той, хто піша ў самоце за сваім сталом? Адказы на гэтыя пытаньні - у нашым эфіры.



Сьвятлана Курс

Радыё Рацыя