Главное
Минск
Эксклюзив
Деньги и власть
В мире
Кругозор
Происшествия
Финансы
Недвижимость
Спорт
Авто
Леди
42
Ваш дом
Афиша
Ребёнок.BY
Про бизнес.
TAM.BY
Новости компаний

Программы и проекты TUT.BY
  • Популярное

Общество


Пасьля 10 сутак адміністратыўнага арышту із спэцпрыёмніку-разьмеркавальніку на Акрэсьціна акурат на Вялікдзень вызвалены лідэр Маладога Фронту Павал Севярынец. Але гэтая адсідка можа стацца для Севярынца не апошняй: 18-га красавіка адбудзецца разгляд чарговай адміністратыўнай справы лідэра МФ, але ўжо ў судзе Савецкага раёну Менску. Ачольніку маладафронтаўскага руху пагражае чарговы адміністратыўны арышт тэрмінам 15 сутак за "выступ на масавых мерапрыемствах ад імя незарэгістраванай Мінюстам арганізацыі" (маецца на ўвазе згадваньне пад час выступленьняў Севярынца назвы "Малады Фронт").

Нагадаю: Павал Севярынец быў асуджаны на 10 сутак судзьдзём па адміністратыўных справах Цэнтральнага райсуду Менску за арганізацыю й удзел у сьвяткаваньні Дня Волі 25 сакавіка. У адрозьненьне ад іншых арганізатараў акцыі, перадусім, Вінцука Вячоркі й Алеся Бяляцкага, якія знаходзіліся на Акрэсьціна ў адной камэры, Павал Севярынец перабываўся ў адным пакоі з "бамжамі". Гэткія ўмовы ўтрыманьня ў прыёмніку-разьмеркавальніку, вядома ж, "камфортнымі" назваць нельга. Але часу нявольнік за кратамі не марнаваў. Вось што сказаў лідэр Маладога Фронту на выхадзе з акрэсьцінскае брамы.

П. Севярынец: 10 дзён няволі - гэта цана, якую можна заплаціць за адзін сапраўдны Дзень Волі. Усё нармалёва, ня гледзячы на тое, што мяне перакінулі ў адну камэру з "бамжамі" з Камароўкі, і вашывых там пару чалавек было. Ну, нічога страшнага, усё нармалёва. Пісаў артыкулы, сагітаваў чалавек 20, пакуль блукаў па камэрах, прыходзіць на прэзыдэнцкія выбары. Ніводнага лукашыста, дарэчы, не сустрэў. Так што была агітацыя.

На думку Паўла Севярынца, арыштамі актывістаў апазыцыі ўладам ня ўдасца сарваць акцыі дэмакратычных сілаў у красавіку й запалохаць іх арганізатараў.

П. Севярынец: Ні ў якай меры. Я думаю, што тушаць агонь бэнзынам такім чынам. На прэзыдэнцкіх выбарах усё гэта выбухне. І, у першую чаргу, выбухне моладзь. Калі яны зьбіраюцца зьбіваць хвалю моладзевага супраціву арыштамі, пасадкамі на суткі й нават крымінальнымі справамі, то, думаю, гэта абсалютна беспэрспэктыўна. Гэта паказалі ўжо й 96 год, і 97. Моладзевы супраціў, моладзевы рух ёсьць трывалым. Малады Фронт акцыяў не спыняе. І агітацыя вываду моладзі на прэзыдэнцкія выбары будзе толькі ўзмацняцца.

Павал Севярынец, натуральна, быў вельмі рады, што выйшаў на волю менавіта на Вялікдзень, і зьбіраўся адсьвяткаваць адначасова й сьвята Ўваскрашэньня Хрыстовага, і ўласнае вызваленьне. Тым больш, са словаў Паўла, яму трэба рыхтавацца да новых "бітваў": 18 красавіка ў Савецкім райсудзе сталіцы адбудзецца рагляд чарговае адміністратыўнае справы лідэра Маладога Фронту, у выніку чаго ён зноўку можа апынуцца на Акрэсьціна на 15 сутак.

П. Севярынец: У чацьвер мяне павезьлі на суд. Перад гэтым у сераду прыйшлі два міліцыянты з двума пратаколамі. У чацьвер паехалі ў Савецкі РАУС. У Савецкім райаддзеле павялі да самога начальніка. Начальнік паглядзеў на артыкул 167. ч.10 - прым. 2 Кодэксу Рэспублікі Беларусь аб адміністратыўных правапарушэньнях і сказаў: "О-го-го!". Гэта за выступленьне ад незарэгістраванай палітычнай партыі Малады Фронт. Пратаколы склалі два. Бо першая частка прадугледжвае толькі штраф, а другая частка - гэта паўтор арышту на працягу году, да 15 сутак. Так што, думаю, у сераду а 18-й "доктар прапіша" яшчэ сутак. Будзем рыхтавацца, каб гэтага ня здарылася, бо артыкул экзатычны насамрэч. Але гэта яшчэ адная нагода задумацца, наколькі страшны Малады Фронт для ўладаў. Калі толькі за адзін напамін гэтай назвы, - суды, суткі. Увогуле, уся сыстэма прыходзіць у рух.

Варта дадаць, што дагэтуль названы артыкул, менавіта 10 частка, Адміністратыўнага кодэксу яшчэ ніводнага разу не выкарыстоўвалася. На думку лідэра Маладога Фронту, усё чыніцца ўладамі дзеля нэўтралізацыі яго напярэдадні Чарнобыльскага шляху. Калі яму зноў дадуць "суткі", Севярынец ня зможа браць удзел у акцыі апазыцыі 26-га красавіка. Але ж - зь ягонае пэўнасьці - акцыі, ладжаныя маладафронтаўцамі ў часе апошняе адсідкі іхнага лідэра, сьведчаць пра тое, што ўладам ня ўдасца споўніць свае намеры й запалохаць моладзь.



Генадзь Кесьнер

Радыё Рацыя