Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


фотоЗ зiмой паспяшалiся развiтацца. Спявалi-гулi масавыя гуляннi ў беларускiх гарадах i мястэчках у апошнюю нядзелю лютага, пяклiся блiны, палiлi саламянае чучала, што зiму сiмвалiзавала. А яна, зiма, узяла дый вярнулася, прычым ва ўсёй красе — з завеямi ды маразамi. Можа таму, што не ў час сказалi ёй «бывай»?

Бо гаварыць зiме «бывай» трэба сёлета акурат у будучую нядзелю. Таму што свята Масленiца (а менавіта з iм звязана старажытная народная традыцыя провадаў зiмы) заўсёды прывязана да праваслаўнага Вялiкадня, i на канец лютага прыпадае не кожны год. Масленiчны тыдзень пачынаецца за восем тыдняў да Вялiкадня (сёлета ён пачаўся 7 сакавiка). Заканчваецца ж гэты тыдзень гулянняў, вiзiтаў да родных i блiзкiх людзей «даравальнай нядзеляй» — у гэты дзень, акрамя таго, што гарыць-палае саламянае чучала зiмы, яшчэ i прынята прасiць прабачэння ў сваякоў, знаёмых i нават незнаёмых людзей. За свае не вельмi добрыя ўчынкi i думкi. Каб з прасветленай душой уступiць у час Вялiкага посту (ён пачнецца ў панядзелак i будзе доўжыцца сем тыдняў — да 1 мая — сёлета Вялiкдзень праваслаўныя вернiкi адзначаць менавіта ў гэты дзень).

Масленiчны тыдзень заўсёды атаясамлiваўся з сустрэчай вясны, з нараджэннем новага жыцця, з урадлiвасцю. Блiны, якiмi шчодра частавалiся на працягу гэтых дзён, сiмвалiзавалi сонца, якое павярнула на цёплыя пагодныя дзянькi. Асаблiвая ўвага ў гэты тыдзень удзялялася сямейным адносiнам: зяцi хадзiлi ў госцi да цешчаў, ушаноўвалi маладыя пары, якiя нядаўна пажанiлiся, а з халастых хлопцаў, наадварот, здзекавалiся — прывязвалi калодку, якую яны павiнны былi цягаць за сабой, пакуль не дадуць якi выкуп… А яшчэ на развiтанне з Масленiцай каталiся з горак на санках, на запрэжаных у санi конях. Што сёлета i нам «па поўнай праграме» зiма дазваляе зрабiць. Але, прытрымлiваючыся гэтай «разгульнай» традыцыi, не варта забывацца i пра iншыя: наведаць родных людзей або запрасiць iх у госцi да сябе, у нядзелю папрасiць прабачэння за свае памылкi i грахi. I тады сустрэча Вясны сапраўды будзе светлай i радаснай.

Алена ЛЯЎКОВIЧ
Фота Анатоля КЛЕШЧУКА