Тарас Шчыры / Фота: Надзея Бужан /

Карэспандэнты «Звязды» пабывалі на рэпетыцыі тэатральнай студыі, якая дзейнічае ў гомельскай папраўчай калоніі № 4.

Фота: Надзея Бужан, газета "Звязда"

…Гасне святло. Рэпетыцыя завершана. Яркі пейзаж з фантанамі і лебедзямі на аднай са сцен вялікай, прамавугольнай залы клуба калоніі адразу блякне. На сцэне застаецца толькі стол і прыстаўленыя да яго два крэслы. Жанчыны хуценька накідваюць на плечы блакітныя ватоўкі і выходзяць на вуліцу. Да іх атрадаў, дзе пражываюць асуджаныя, тут рукой падаць. Але нехта на сваім шляху спыняецца ў курылцы і праз лічаныя секунды, у кампаніі знаёмых, зацягваецца цыгарэтай. Не ведаю, ці трымаюць яны ў галаве тое, што гадзіну-другую рэпетавалі, паўтаралі, прагаворвалі на сцэне. Але, напэўна, многія, для каго знаходжанне тут — трагедыя, незразумелая памылка, гэтым вечарам думаюць пра адно і тое: завяршаецца яшчэ адзін дзень, які пакрысе набліжае зняволеных да галоўнай падзеі цяперашняга этапу іх жыцця — вызвалення.

«Асуджаныя на сцэне прафесійнага тэатра — беспрэцэдэнтны выпадак»

Пра папраўчую калонію № 4, куды мы паехалі, чулі многія. Усё ж такі ў Беларусі толькі дзве жаночыя турмы. Адна пад Рэчыцай, у Зарэччы, а другая тут, у горадзе над Сожам, куды накіроўваюць, як кажуць паміж сабой зняволеныя, першаходаў, тых, хто ўпершыню апынуўся за кратамі. Утрымліваюць іх у гомельскай калоніі ў добрых умовах: працуе крама, цырульня, ёсць спартыўная зала, пабудавалі царкву… Як і ў звычайным жыцці, у калоніі таксама працуюць. На мясцовай швейнай фабрыцы шыюць уніформу пераважна для сілавікоў. Задзейнічаныя ў праекце «Тэатр у турме» спачатку ідуць на працу, а ўжо пасля сваіх змен рушаць на рэпетыцыю ў клуб. І так па некалькі разоў на тыдзень.

Фота: Надзея Бужан, газета "Звязда"

З галоўным рухавіком і рэалізатарам гэтага праекта ў Гомелі акцёрам і рэжысёрам Аляксеем Бычковым мы сустрэліся за некалькі гадзін да рэпетыцыі. Ён прымае нас у прасторнай грымёрцы Гомельскага абласнога драматычнага тэатра. У той самай, у якой калісьці пераадзяваліся турэмныя актрысы перад першай у сваім жыцці тэатральнай прэм’ерай. Гэта было 12 снежня 2005 года, на дзявяты месяц яго ўдзелу ў праекце.

Фота: Надзея Бужан, газета "Звязда"

Фота: Надзея Бужан, газета "Звязда"

— Шведскі артыст Ён Ёнсан актыўна ставіў спектаклі ў турмах Швецыі і Злучаных Штатаў Амерыкі, — прыгадвае спадар Аляксей. — Прыехаў і ў Беларусь. Падчас наведвання калоніі ў Гомелі ўзнікла жаданне стварыць тэатральную пастаноўку з удзелам асуджаных жанчын. З ім была група шведаў, якія вялі перамовы з дэпутатам, старшынёй клуба «Дзелавыя жанчыны Беларусі» Таццянай Сафроненкай. Сярод іх аказаўся прафесійны рэжысёр Саша Нордштрэм, спектаклі якога ішлі і ў Беларусі, і ў Расіі. Ім неабходны быў чалавек, які б паставіў спектакль у Гомелі. Прапанавалі мне, і я пагадзіўся.

Для пастаноўкі Нордштрэм парэкамендаваў змрочны твор Федэрыка Гарсія Лоркі «Дом Бернарда Альбы». Бычкоў гэты тэкст недалюбліваў яшчэ са студэнцтва і ўзамен прапанаваў паставіць «8 любячых жанчын», дэтэктыўную п’есу француза Рабера Тама. І не адзін акт, як яму прапанавалі, а цэлую п’есу. У адказ ён пачуў: «Калі ласка». І праца пайшла.

Фота: Надзея Бужан, газета "Звязда"

Фота: Надзея Бужан, газета "Звязда"

— На кастынг па сваім жаданні прыйшло чалавек 40−50, — узгадвае рэжысёр. — Чыталі мне вершы (хаця многія нават школьныя не маглі прыгадаць), ставіў перад імі розныя задачкі. Пасля гэтага прагляду засталося 15 чалавек, а да рэпетыцыі прыступілі 11. Працавалі з сакавіка па лістапад. Памятаю, як восенню нас папрасілі паказаць, што мы маем. І пасля прагляду Таццяна Сафроненка была так уражана, што сказала праз месяц абавязкова паказаць усё на вялікай сцэне.

Гэта быў беспрэцэдэнтны выпадак. Зняволеных прывезлі ў тэатр не як гледачоў, што таксама па сутнасці немагчыма, а як акцёраў. Як успамінае спадар Аляксей, міліцыя ачапіла палову паверха, дзе грыміравалі артыстаў. Скрупулёзна правяралі памяшканні. Для гэтага нават нарад з сабакам выклікалі. Інтарэс быў каласальны.

— Пра прэм’еру не напісала, напэўна, толькі самая лянівая газета. Што казаць, калі сюжэт пра яе людзі бачылі па тэлебачанні нават у ЗША.

Фота: Надзея Бужан, газета "Звязда"

Многія хацелі трапіць у абласны драматычны тэатр, але па зразумелых прычынах афішу не друкавалі. У зале знаходзіліся толькі блізкія акцёраў, калегі Бычкова, супрацоўнікі калоніі і куратары праекта. Пастаноўку ўспрынялі на «выдатна» і нават вырашылі паказаць яе ў Мінску.

— Пасля спектакля я напісаў дакументальную аповесць, у якой за аснову ўзяў лісты акцёраў, напісаныя па маёй просьбе. Сярод іх была толькі адна жанчына, якая дазволіла выкарыстоўваць сваё прозвішча. Пасадзілі яе, дарэчы, за забойства мужа-дэспата. На пэўны час праект спыніўся, але пасля зноў адрадзіўся. Трэба было рыхтаваць новы спектакль. І, ведаеце, я вярнуўся да п’есы Лоркі, якую не прымаў раней. Толькі ўжо ведаў, пра што будзе пастаноўка. У змроку і непрабуднасці, якая пануе ў гэтым творы, я ставіў спектакль пра любоў.

Фота: Надзея Бужан, газета "Звязда"

Фота: Надзея Бужан, газета "Звязда"

Фота: Надзея Бужан, газета "Звязда"

— Спадар Аляксей, а вы калі-небудзь задумваліся, з кім вам насамрэч прыходзіцца працаваць?

— Не, і ніколі сам не ўнікаў у тое, хто і за што атрымаў тэрмін. Хоць журналісты пасля першай прэм’еры падлічылі, што агульны тэрмін зняволення ўсіх занятых у спектаклі складаў 120 гадоў. Атрымліваецца, што асноўны касцяк складалі забойцы. Я ніколі не лез да іх з пытаннямі. Калі нехта хацеў, ён сам мне адкрываўся ў размове.

Фота: Надзея Бужан, газета "Звязда"

За 11 гадоў працы Аляксей Бычкоў паставіў з асуджанымі 7 спектакляў. Шмат эксперыментаваў. Заахвочваў сваю жонку, прафесійную актрысу, і нават мужчын-супрацоўнікаў выпраўленчай калоніі. Яшчэ два спектаклі сарваліся. У адным выпадку праца ўжо блізілася да свайго лагічнага завяршэння, удзельнікі вывучылі тэкст, як галоўная гераіня нечакана заўпарцілася і адмовілася іграць.

— Я верыў у гэтага чалавека, шмат яму даў, — кажа рэжысёр. — У выніку кіраўніцтва калоніі вырашыла распусціць трупу. Нават гукарэжысёра знялі. Мне ўдалося адстаяць толькі двух чалавек.

Фота: Надзея Бужан, газета "Звязда"

Фота: Надзея Бужан, газета "Звязда"

Фота: Надзея Бужан, газета "Звязда"

«Сонца свеціць усім. Нават за кратамі»

Цяпер Бычкоў і яго актрысы працуюць над п’есай «Сонца свеціць усім», дзеянне якой адбываецца ў псіхіятрычнай бальніцы. Мы якраз апынуліся ў клубе, калі актрысы збіраліся рэпетаваць сцэну з удзелам галоўнага ўрача бальніцы і яе дачкі. На сцэне — два героі. Маці, якая працуе ўрачом, і дачка, што прыйшла яе наведаць.

— Ну і як пажывае твой кантынгент? — з нейкай злой іроніяй у голасе звяртаецца да маці маладая дзяўчына.

— Я прашу не называць так нашых хворых! — седзячы спінай да дзяўчыны, незадаволена адказвае жанчына.

— Стоп! — гучна звяртаецца да актрыс рэжысёр. — Стоп! Зрабі перад словам «кантынгент» паўзу. Не спяшайся. Гавары павольна. Давайце паспрабуем яшчэ раз.

Пакуль актрысы паўтаралі сцэну, я агледзеўся. Акрамя нас з фатографам, у клубе было яшчэ чалавек 10. У кожнага свой лёс, свая гісторыя. Кагосьці асудзілі за забойства, а некага — за гандаль наркотыкамі… Акрамя акцёраў і нас, за заняткамі сочыць таксама супрацоўнік калоніі і гукарэжысёр, які на ноўтбуку ўключае музыку пад тое, што адбываецца на сцэне. Астатнія ў гэты час альбо адпачываюць, альбо пішуць лісты сваякам.

Фота: Надзея Бужан, газета "Звязда"

Фота: Надзея Бужан, газета "Звязда"

— А бывае, што і на лісты часу не хапае, калі стомішся, — кажа Юля, асуджаная за разбой. — Тады пішу проста: «Мама, у мяне ўсё добра. Потым больш раскажу». І гэта пры тым, што я люблю пісаць даволі падрабязна.

Дарэчы, Юля — адна з самых падрыхтаваных у трупе Аляксея Бычкова. Калі навучалася ў школе, займалася ў тэатральнай студыі. Цяпер вось спрабуе сябе ў турэмным тэатры.

— Вырашыла працягнуць займацца для душы, — працягвае Юля. — Выконваю ролю цяжарнай, якую маці схавала ад людзей у псіхіятрычнай лячэбніцы.

Фота: Надзея Бужан, газета "Звязда"

У адрозненне ад Юлі, Аліна (адна з самых усмешлівых актрыс, якая атрымала тэрмін за крадзеж бялізны, купальнікаў і нават паспела нарадзіць у калоніі дзіця) з тэатрам стасункаў не мела. Хіба толькі аднойчы схадзіла на спектакль разам з аднакласнікамі. Але ў калоніі падчас дэкрэту наведала некалькі рэпетыцый і «загарэлася» сама.

— Гэта каласальная праца над сабой. Магчымасць па-новаму паглядзець на некаторыя рэчы, і здзейсніць немагчымае.

Перада мной у крэсле сядзіць Людміла Паўлаўна — тая жанчына, што выконвае ролю галоўнага ўрача бальніцы. З усіх удзельнікаў яна самая сталая. Ужо на пенсіі. Відаць, таму і атрымала такую ролю.

Фота: Надзея Бужан, газета "Звязда"

Фота: Надзея Бужан, газета "Звязда"

— Калі жыла ў Мінску, пастаянна цікавілася тэатрам. Асабліва любіла наведваць Купалаўскі. У ім добрая трупа. Спектаклі на роднай мове, — з настальгіяй кажа жанчына. — А цяпер у мяне прыгнечаны стан. Атрымала тэрмін за махлярства. Праз глупства. Мае сябры і сёння не могуць паверыць, што са мной такое здарылася. Калі ўбачыла ў калоніі аб’яву аб наборы для ўдзелу ў пастаноўцы спектакля «Сонца свеціць усім», падумала, што магу спатрэбіцца. Тым больш на пенсіі. Часу хапае. Прыйшла сюды і адчула добразычлівую атмасферу. Рэпетыцыі даюцца не цяжка. Цяжка трапіць у ролю. Выканаць так, каб было жыццёва і граматна з тэатральнага погляду. Тут склалася добрая сітуацыя, якая дапамагае маральна выжыць. Гэтыя 2,5 гадзіны рэпетыцый — наш рэлакс. Без тэатра было б нашмат складаней.

На сцэне рэпетуюць іншыя актрысы. Кожнай з іх Аляксей Бычкоў нешта гучна і скрупулёзна тлумачыць, просіць гукарэжысёра не спазняцца з музыкай. Час рэпетыцыі, як любая цікавая справа, пралятае за адно імгненне. На развітанне Бычкоў і яго трупа дамаўляюцца, што наступны раз сустрэнуцца паслязаўтра — у нядзелю.

Фота: Надзея Бужан, газета "Звязда"

Калі мы выходзім за сцены калоніі, ужо цямнее. Мне карціць спытаць у Бычкова пра вынік гэтай працы і што дае тэатр асуджаным, ці мяняюцца яны?

— Ведаю, ёсць такая сумная тэндэнцыя: многія жанчыны вяртаюцца ў турму, — нібыта прадчуваючы пытанне, кажа рэжысёр. — Я працаваў з 50−60 жанчынамі. З некаторымі і цяпер падтрымліваю сувязь. Толькі адна з іх зноў апынулася за кратамі. Яе не прыняў соцыум. Скрала кансервавую бляшанку. Гэта — яе выклік…

Фота: Надзея Бужан, газета "Звязда"

{banner_819}{banner_825}
-90%
-35%
-10%
-10%
-11%
-10%
-15%
-30%